«Утылізуем зіму ў пакет для харчавых адходаў» — Літва святкуе Ужгавенес (Фота)
Вільня горача адзначае Ужгавенес — літоўскі варыянт Масленіцы, вытокі якога паходзяць яшчэ са старадаўніх паганскіх часоў. Тысячы людзей выйшлі на вуліцы, каб паглядзець на танцавальны паядынак сімвалаў зімы і вясны, спаліць вялізнае пудзіла і заклікаць цяпло ў свой дом.
Сёлетні Ужгавенес прайшоў у максімальна жорсткіх, але звыклых для Літвы ўмовах: сярод туману, пахмурнасці ды імжы. Тым не менш надвор’ю амаль не ўдалося сапсаваць свята!
Перш за ўсё, яскравыя персанажы Ужгавенесу традыцыйна пранеслі Мору па праспекце Гедыміна. Спыняліся на пэўных плошчах, дзе ў строгім парадку з года на год праходзяць абрады. Мора — гэта вялізнае саламянае чучала, што сімвалізуе назапашаныя за зіму клопаты, праблемы і, агулам, стан ляноты ды гультайства. Як і ў беларускім варыянце цырымонія свята завяршаецца грандыёзным спаленнем пудзіла.
Галоўныя героі літоўскай Масленіцы — Лашынініс (ад слова «бекон») і Канапініс (ад слова «каноплі»). Першы — спадар з таўсценькім пузам, абвешаны сардэлькамі, шпікачкамі ды рознымі стравамі, што ўвасабляюць сытную зіму.
Лашынініс вельмі любіць гулянкі, і каб на іх было паболей ежы, таму адпускаць свой «тлусты» час з Калядамі, Вадохрышчам ды Новым годам, на якія можна наесціся цэпелінамі, закусіць часночнымі грэнкамі і выпіць квасу з шакоцісам, ён не хоча!
Паводле старадаўніх павер’яў, Ужгавенес падзяляе два адрозныя прыродныя цыклы, а менавіта зіму і вясну.
У гэты дзень на дапамогу людзям прыходзіць Канапініс — дыяметральная процілегласць Лашынініса. Яго выяўляюць худзенькім мужычком, які выганяе зімовага калегу прэч. Ён і прыносіць першыя пупышкі, пралескі, ласкавы звон птушак. Канапініс з Лашынінісам маюць тры спаборніцтвы: танцавальны паядынак, песенную дуэль і бітву мяхамі з саломай.
Фінальны бой адбыўся на вялікім лугу ля берага рэчкі Нярыс, і яго арганізатары завяршылі вельмі крэатыўна!
Адно з новаўвядзенняў, якое вельмі актыўна абмяркоўваецца ў Вільні з пачатку гэтага года — спецыяльныя аранжавыя пакеты для харчовых адходаў. Дзякуючы яркаму колеру іх лёгка ідэнтыфікаваць на сартавальнай станцыі, а яшчэ яны маюць вельмі кароткі тэрмін раскладання. Для падтрымкі ініцыятывы іх разам з кантэйнерамі раздаюць жыхарам бясплатна.
Каб звярнуць увагу на гэта, пасля сваёй перамогі Канапініс закінуў Лашынініса ў вялікі аранжавы пакет, быццам сапсаваныя навагоднія прадукты!
«Утылізуем Лашынініса ў пакет для харчавых адходаў», — сказаў ён і загадаў падпаліць Мору, каб пакінуць усё дрэннае ў мінулым і павітаць вясну гарачымі абдымкамі!
Спаленне Моры і святочны канцэрт
Глядзіце таксама