Пайшлі «па сваіх»? «Украінскі дыверсант», затрыманы КДБ, аказаўся адэптам «рускага міру»
У КДБ раскрылі падрабязнасці «чэкісцкай ваеннай аперацыі на памежжы», назвалі імёны затрыманых на мяжы з Украінай. Паведамляецца, што двое з іх — грамадзяне Украіны, адзін — грамадзянін Беларусі.
Затрыманыя грамадзяне Украіны — бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчукі. У паведамленні сказана, што Сяргей Кабарчук (мянушка «Дварэцкі»), 1963 года нараджэння, пражывае ў Ковельскім раёне Валынскай вобласці, з'яўляецца былым супрацоўнікам дзяржаўнай памежнай службы Украіны. Пасля звальнення ён нібыта займаўся кантрабанднай дзейнасцю разам са сваімі сынамі Багданам, 1997 года нараджэння, і Паўлам, 1993 года нараджэння.
Затрыманым грамадзянінам Беларусі з'яўляецца жыхар Берасця Віталь Уласюк, 1970 года нараджэння.
«Бомбы чальцы ДРГ атрымалі проста перад перасячэннем беларускай мяжы. Выбуховыя прылады прызначаліся для здзяйснення тэрактаў на тэрыторыі Расіі і Беларусі», — паведамілі ў КДБ.
КДБ таксама апублікаваў фатаграфіі затрыманых.
Паводле паведамлення, у ноч з 14 на 15 лютага ў Лельчыцкім раёне было нібыта зафіксавана парушэнне групай грамадзян дзяржаўнай мяжы Беларусі з боку Украіны. Асобныя з гэтых грамадзян былі затрыманыя «ў выніку правядзення чэкісцкай ваеннай аперацыі ў памежжы» (менавіта так яе называлі ў КДБ). У затрыманых нібыта знайшлі выбуховыя прылады і іншыя сродкі паражэння, паведаміла БелТА са спасылкай на Камітэт.
Менавіта пасля гэтага было прынята рашэнне аб увядзенні рэжыму контртэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Лельчыцкага раёна.
Аб затрыманні дыверсантаў на мяжы з Украінай сёння распавёў і Лукашэнка.
«З дапамогай дронаў па балотах некаторыя з украінскіх грамадзян перапаўзалі на нашу мяжу, перакідвалі выбухоўку для здзяйснення дыверсій перш за ўсё на тэрыторыі Расіі і Беларусі», — распавёў ён і дадаў, што такія дзеянні адбываюцца «практычна два-тры разы на тыдзень».
Па звестках «Белполу», якія цытуе «Медыязона.Беларусь», затрыманаму Віталю Уласюку 53 гады. Ён нарадзіўся ў Туркменістане, у горадзе Кізіл-Арват (цяпер — Гызыларбат). Імаверна, у сям'і вайскоўца, бо тады ў горадзе базіраваўся штаб 58-й матастралковай дывізіі.
Вядома, што некалі ён служыў у вайсковай частцы №92161 — гэта 38-я асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая брыгада, якую некалі ўзначальваў Валерый Сахашчык.
Уласюк працаваў мантажнікам. Чым ён займаўся ў апошні час, дакладна невядома. У тэлеграме мужчына цікавіўся пошукам працы, у тым ліку ў Польшчы і іншых краінах замежжа.
А ў сацсетках мужчына публікуе ды лайкае ў асноўным матэрыялы, якія праслаўляюць «рускі мір» і вайну ва Украіне, дзякуюць беларускаму АМАПу, а таксама пляжаць рух за свабодныя выбары ў Беларусі.
Таксама ён удзельнічаў у рускамірскіх мерапрыемствах — да прыкладу, «несмяротным палку».
Паводле Салідарнасць, Наша Ніва