Чаму бізнесмены згодныя плаціць даніну сілавікам. Эксперт — пра «справу ДФР»
Палітолаг Анатоль Котаў у каментары «Филину» — пра тое, чаму бізнесмены былі згодныя плаціць даніну супрацоўнікам Дэпартамента фінансавых расследаванняў дзяржкантролю.
— «Наша Ніва» са спасылкай на крыніцы напісала, што КДБ арыштаваў два дзясяткі афіцэраў з цэнтральнага апарата і ўпраўлення ДФР па Мінску і Мінскай вобласці. Паведамляецца, што бізнесмены адкупляліся ад кантралёраў, якія пры праверках арыштоўвалі рахункі кампаній. Як вы лічыце, чаму гэтая схема наогул магла існаваць, чаму бізнесмены не скардзіліся ў іншыя органы ўлады?
— Схема існуе, бо яна і ёсць сутнасць рэжыму. З бізнесу даўно «стрыгуць» грошы ўсе каму не лянота. Ад бясконцай колькасці кантралёраў да мясцовых улад. Гэта без уліку афіцыйных падаткаў. Чыноўнікі і кантралёры лічаць, што «дазваляюць» працаваць на сваёй тэрыторыі. А калі дазваляюць, то трэба плаціць даніну «крышы», дакладней — «крышам».
Адсюль зразумелыя паводзіны тых бізнесменаў, хто плаціць. Лепш усё пакінуць, як ёсць, чым мерацца «крышамі». Бо першапачаткова крыніца гэтых узаемаадносін адна — рэжым. І сілавікі, асабліва на месцах, паміж сабой маюць зносіны.
Мала хто хоча рызыкнуць і трапіць у яшчэ горшую сітуацыю, апалчыўшы супраць сябе яшчэ большую колькасць жадаючых сабраць даніну. Так можна бізнес загубіць канчаткова. Выключэнне складаюць выпадкі, калі ёсць ўпэўненасць, што маеш «крышу» больш надзейную або ў наяўнасці сітуацыя міжведамаснага канфлікту.
— Нядаўна Лукашэнка прызначыў новым дырэктарам ДФР выхадца з КДБ Андрэя Самбука. Ранейшы ж кіраўнік ведамства Ігар Маршалаў адправіўся паслом у Зімбабвэ. Чаму сілавік не панёс адказнасці, калі яго падначаленыя сапраўды займаліся карупцыяй?
— Мяркуючы з усяго, Маршалаў з'ехаў у Зімбабвэ да таго, як пачалі раскручваць гэтую справу (сілавік быў прызначаны паслом у лістападзе 2023 года). Наўрад ці б яму далі з'ехаць спакойна, калі б гэта ўжо стала набыткам грамадскасці.
Сітуацыя з масавымі арыштамі — стрэс-тэст для сістэмы. Трэба вызначыцца, да якога ўзроўню «рэзаць». Нейкай аднастайнай практыкі няма. Міністра спорту маглі зняць за карупцыю ў падведамным прадпрыемстве з фармулёўкай «не дагледзеў» (у 2018-м міністра Шамко звольнілі за тое, што дырэктар Палаца спорту Прановіч браў хабары). Тут жа горш — прамыя падначаленыя.
Але занадта моцна секчы з пляча нельга — гэта ж адны з апрычнікаў. Таму, хутчэй за ўсё, частку нават адпусцяць, каб абгрунтаваць адсутнасць жорсткіх мер.
— Звычайна прадстаўнікоў сілавых ведамстваў на карупцыі ловіць КДБ. А хто сочыць за самім КДБ? Ці варта лічыць, што там больш «сумленныя» супрацоўнікі, чым у іншых сілавых структурах?
— Рэжым пабудаваны так, што ўсе сочаць за ўсімі ў той ці іншай ступені. Так, у КДБ больш прывілеяванае становішча, але для кантролю сваіх ёсць асобнае падраздзяленне. Ёсць яшчэ ААЦ, які можа канкурыраваць за ўплыў.
Іншыя сілавікі ў рамках кампетэнцыі таксама могуць
збіраць «тэчачкі», якія чакаюць свайго часу і
становяцца зброяй у барацьбе за ўплыў ці матэрыяльныя даброты.