Барацьба за ўплыў? Чаму затрымліваюць супрацоўнікаў ДФР
Палітолаг Анатоль Котаў патлумачыў «Філіну», як стаўся магчымым хабар у ДФР і чаму КДБ узяўся за гэтую справу.
— «Наша Ніва» са спасылкай на крыніцы напісала, што КДБ арыштаваў два дзясяткі афіцэраў з Цэнтральнага апарата і Упраўлення ДФР па Мінску і Мінскай вобласці. Паведамляецца, што бізнесмены адкупляліся ад кантралёраў, якія пры праверках арыштоўвалі рахункі кампаній. Як вы лічыце, чаму гэтая схема наогул магла існаваць, чаму бізнесмены не скардзіліся ў іншыя органы ўлады?
— Схема існуе, бо яна і ёсць сутнасць рэжыму. З бізнесу даўно «стрыгуць» грошы ўсе каму не лянота. Ад бясконцай колькасці кантралёраў — да мясцовых уладаў.
Гэта без уліку афіцыйных падаткаў. Чыноўнікі і кантралёры лічаць, што «дазваляюць» працаваць на сваёй тэрыторыі. А калі дазваляюць, то трэба плаціць даніну «крышы», дакладней — «крышам».
Адсюль зразумелыя паводзіны тых бізнесменаў, хто плаціць. Лепш усё пакінуць як ёсць, чым мерацца «крышамі». Бо першапачаткова крыніца гэтых узаемаадносін адна — рэжым. І сілавікі, асабліва на месцах, паміж сабой маюць зносіны.
Мала, хто хоча рызыкнуць і трапіць у яшчэ горшую сітуацыю, апалчыўшы на сябе яшчэ большую колькасць жадаючых сабраць даніну. Так можна бізнес загубіць канчаткова.
Выключэнне складаюць выпадкі, калі маецца ўпэўненасць, што ёсць «крыша» больш надзейная, або мае месца сітуацыя міжведамаснага канфлікту.
— Нядаўна Лукашэнка прызначыў новым дырэктарам ДФР выхадца з КДБ Андрэя Самбука. Ранейшы ж кіраўнік ведамства Ігар Маршалаў адправіўся паслом у Зімбабвэ. Чаму сілавік не панёс адказнасці, калі яго падначаленыя сапраўды займаліся карупцыяй?
— Мяркуючы па ўсім, Маршалаў з'ехаў у Зімбабвэ да таго, як пачалі раскручваць гэтую справу (сілавік быў прызначаны паслом у лістападзе 2023 года. — Заўв. рэд.). Наўрад ці б яму далі з'ехаць спакойна, калі б гэта ўжо стала здабыткам грамадскасці.
Сітуацыя з масавымі арыштамі — стрэс-тэст для сістэмы. Трэба вызначыцца, да якога ўзроўню «рэзаць». Нейкай аднастайнай практыкі няма. Міністра спорту маглі зняць за карупцыю ў падначаленым прадпрыемстве з фармулёўкай «не надгледзеў» (у 2018-м міністра Шамко звольнілі за тое, што дырэктар Палаца спорту Прановіч браў хабары. — Заўв. рэд.). Тут жа горш — прамыя падначаленыя.
Але занадта моцна сячы з пляча нельга: гэта ж адна з частак апрычнікаў. Таму, хутчэй за ўсё, частку нават адпусцяць, каб абгрунтаваць адсутнасць жорсткіх мер.
— Звычайна прадстаўнікоў сілавых ведамстваў на карупцыі ловіць КДБ. А хто сочыць за самім КДБ? Ці варта лічыць, што там больш «сумленныя» супрацоўнікі, чым у іншых сілавых структурах?
— Рэжым уладкаваны так, што ўсе сочаць за ўсімі ў той ці іншай ступені. Так, у КДБ больш прывілеяванае становішча, але для кантролю «сваіх» ёсць асобнае падраздзяленне. Ёсць яшчэ ААЦ, які можа канкураваць за ўплыў.
Іншыя сілавікі ў рамках кампетэнцыі таксама могуць збіраць «тэчкі», якія чакаюць сваёй гадзіны і становяцца зброяй у барацьбе за ўплыў ці матэрыяльныя выгоды.
Нагадаем, ДФР — Дэпартамент фінансавых расследаванняў пры Камітэце дзяржаўнага кантролю. Своеасаблівая фінансавая міліцыя, якая стала часткай палітычнай паліцыі рэжыму Лукашэнкі, выконваючы замовы па ліквідацыі бізнесаў, пасадках няўгодных ці выцісканні іх за мяжу праз фабрыкацыю эканамічных крымінальных спраў.
«Тут.бай», «Белгазпрамбанк», «Грын», «Суседзі» і многія-многія іншыя, каго пасадзілі, — гэта было зроблена рукамі ДФР, па большай частцы мінскага ўпраўлення. І вось узнагароды знайшлі сваіх герояў — праз чатыры гады пасля старту масавых рэпрэсій з вобшукамі прыйшлі ў кабінеты саміх работнікаў ДФР.
Як стала вядома «Нашай Ніве» ад трох не звязаных між сабой суразмоўцаў, ужо як некалькі тыдняў КДБ праводзіць арышты афіцэраў ДФР у рамках расследаванняў спраў па 430 («Атрыманне хабару») і 424 («Перавышэнне службовых паўнамоцтваў») артыкулах Крымінальнага кодэкса.