Чыё свята 8 сакавіка?

«Гендарныя святы» ў мяне заўсёды выклікалі пачуццё нейкай недарэчнасці. Нешта не вельмі слушнае ў тым, што 23 лютага афіцыйна — «Дзень абаронцаў Айчыны», а 8 сакавіка — «жаночы дзень». «Чорт пабірай», як выказаўся б Уладзімір Караткевіч, ці павінен быць жаночы дзень адным днём у годзе?

Фота Reuters

Фота Reuters

Зразумела, што 8 сакавіка — нібыта дзень міжнародны. Аднак ААН у 1977 годзе выключна «прапанавала дзяржавам абвясціць, у адпаведнасці з іх традыцыямі і звычаямі, любы дзень года Днём барацьбы за правы жанчын і міжнародны мір». Пра 8 сакавіка — нічога.

Што ж да традыцыі Клары Цэткін, Розы Люксембург ды іншае, то гістарычна дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за роўныя правы і эмансіпацыю з’явіўся… 28 лютага 1908 года. У гэты дзень па закліку Нью-ёркскай сацыял-дэмакратычнай жаночай арганізацыі адбыўся мітынг з лозунгамі пра раўнапраўе жанчын. Больш за 15 тысяч жанчын прайшлі маршам праз увесь горад, яны патрабавалі скарачэння працоўнага дня і роўных з мужчынамі ўмоваў аплаты працы. Было вылучана і патрабаванне прадстаўлення жанчынам выбарчага права.

У 1909 годзе Сацыялістычная партыя Амерыкі абвясціла нацыянальны жаночы дзень, які адзначаўся аж да 1913 года ў апошнюю нядзелю лютага. Клара Цэткін у 1910 годзе прапанавала заснаваць міжнародны жаночы дзень. Мелася на ўвазе, што ў гэты дзень жанчыны будуць ладзіць мітынгі і шэсці, прыцягваць увагу грамадскасці да сваіх праблем. Але пра дату яна не казала.

У 1911 годзе першы Міжнародны жаночы дзень адзначаўся ў Германіі, Аўстрыі, Даніі і Швейцарыі 19 сакавіка. У 1912 годзе жаночы дзень адзначаўся ў тых жа краінах ужо 12 траўня. У 1913 годзе жанчыны ўпершыню выйшлі на мітынгі ў Францыі і Расіі 2 сакавіка. Масавыя дэманстрацыі прайшлі ў Аўстрыі, Чэхіі, Венгрыі, Швейцарыі, Галандыі 9 сакавіка, у Германіі — 12 сакавіка. І толькі ў 1914 годзе жаночы дзень адзначаўся ў нядзелю, 8 сакавіка, адначасова ў васьмі краінах: ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Даніі, Германіі, Нідэрландах, Расіі і Швейцарыі.

Гэтае невялічкае адступленне паказвае, наколькі хісткую гістарычную падаплёку мае менавіта 8 сакавіка. Але я не пра тое. Я — пра гендарныя святы.

Пачнём з 23 лютага, Дня абаронцы Айчыны. Хто-небудзь падлічваў, колькі сярод «абаронцаў Айчыны» жанчын? Паводле падлікаў Мінабароны, на мінулы год іх было чатыры тысячы. Пры гэтым мы не ўлічваем цалкам засакрэчаны «жаночы кантынгент» у міліцыі (не таму, што жанчыны засакрэчаныя, а колькасць міліцыянтаў у нас слаба вядомая), у Міністэрстве надзвычайных сітуацый, у «медыцыне катастроф»... А колькі жанчын пасля ўніверсітэту маюць вайсковы білет медыцынскіх сёстраў, нават з наданнем вайсковага звання?

Іх жа таксама ж варта залічваць у «абаронцы Айчыны»? Дык 23 лютага — ці гендарнае свята?

Увогуле, у сучасным свеце ролі жанчын і мужчын вельмі істотна змяніліся. Ролю вызначаюць не пол і гендар, а дзелавыя якасці і кампетэнцыі. У прыклад можна прывесці тое, чым дагэтуль запоўнена інфапрастора — «Вялікую размову» беларускага правадыра з прадстаўнікамі СМІ і экспертамі. Пэўныя прадстаўніцы фемінізму былі раз’юшаныя словамі Лукашэнкі пра тое, што ён кіраўніцу сваёй адміністрацыі Наталлю Качанаву прымусіў зняць «свае штаны дзелавыя» і апранаць «доўгія сукенкі», каб танчыць на балі.

Некаторыя за Качанаву пакрыўдзіліся. Маўляў, яна не апошняя жанчына ў сістэме дзяржкіравання, і мае права ацэньвацца ў межах сваёй дзейнасці, а не па тым, якая ў яе сукенка.

Але што сімптаматычна: ніхто не пацікавіўся рэакцыяй Румаса. Ён, напэўна, таксама не майстар танцполу і не кожны дзень апранае фрак. Чаму б прыхільнікам раўнапраўя не заступіцца яшчэ і за прэм’ера?

Традыцыйныя ролі мужчынаў і жанчынаў змяніліся. Калі раней заканадаўцамі моды былі Мэрылін Манро, Сафі Ларэн і Како Шанэль, то зараз — Даменіка Дольчэ і Стэфана Габана, Кельвін Кляйн і Джорджыа Армані. Паглядзіце на кулінарныя перадачы па тэлебачанні: пэўна, Юлія Высоцкая засталася адзінай жанчынай, якая такую вядзе. Ад «Смаку» на расійскім тэлебачанні да «голага кухара» Джэймі Алівера на Fox — усе спрэс мужчыны.

Пакуль феміністкі разважалі пра «ролю жанчыны ў гісторыі» ды змагаліся за «раўнапраўе», мужчыны адцяпалі ў іх тры вялікія індустрыі: моду, кулінарыю і адпаведныя тэлепраграмы. А значыць, і працоўныя месцы, і магчымасць самарэалізацыі.

P.S. Жанчыны! Мы, мужчыны, вас любім. Але мы кажам «Я цябе люблю» розным чынам. «Прышпілі рэмень бяспекі». «Надзень шапку». «Ідзі паспі». «Я памыю посуд». «Даедзеш — патэлефануй». «Вазьмі маю куртку». «Я еду, чакай». «Прывезці лекі?». «Што трэба ў краме?»… І многімі іншымі. Проста… Не прапускайце гэта міма сваіх чароўных вушак!