Уладатрымаўцы — галоўныя аб’юзары, ці Роздум наконт 8 сакавіка

Чаму гістарычны падмурак 8 сакавіка, а не яго гламурнае адлюстраванне так актуальныя для ўсіх беларусаў?

1457436083_international_women_s_day.jpg


Справа ў тым, што ХХІ стагоддзе ставіць новыя выклікі перад грамадствам і жанчынамі ў тым ліку. Аднак патрыярхальныя каштоўнасці нікуды не зніклі. Непрыняцце людзей у межах іх выбару сексуальнага партнёра, адмова ў законе супраць хатняга гвалту, пажаданні жанчынам «сядзець дома ды варыць боршч». І гэта толькі тое, што на слыху.
Адносіны і камунікацыі ў беларускім грамадстве прасякнутыя ціскам і гвалтам з боку тых, хто лічыць сябе мацнейшым. Тое, што зараз адбываецца паміж уладай і грамадствам, можна назваць аб’юзіўнымі адносінамі.
Аб’юз — гэта такая форма жорсткага стаўлення, знявагі, гвалту ў стасунках. Аб’юзер рэгулярна падаўляе ахвяру праз псіхалагічны ціск, ціск эканамічнага кшталту ці нават гвалтоўныя дзеянні. Звычайна гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў псіхалогіі для характарыстыкі адной з формаў нездаровых стасункаў паміж двума партнёрамі ці ў сям’і.
Адна з галоўных характарыстык аб’юза — жаданне кантраляваць дзеянні партнёра — ствараць умовы, у якіх чалавек баіцца праяўляць ініцыятыву, бо разумее, што лепей падпарадкавацца.
У побыце гэта праяўляецца так: партнёр увесь час задае пытанні, забараняе бачыцца з сябрамі і блізкімі, імкнецца атрымаць доступ да вашай пошты і сацыяльных сетак, бо лічыць любыя вашы камунікацыі сферай сваёй адказнасці і жадае іх кантраляваць ці цалкам знішчыць.
А цяпер паглядзіце на дзеянні ўлады. Большасць законаў, дэкрэтаў і ўказаў накіраваныя на ўзмацненне кантролю. А сілавыя структуры ўсё шчыльней падыходзяць да прыватнага жыцця. Узгадайце хаця б адну з апошніх ініцыятываў МУС пра абавязак гінеколагаў паведамляць пра ранняе палавое жыццё падлеткаў.Аб’юзар можа дазволіць сабе ўсё, што заўгодна, бо ён мацнейшы, у яго ёсць улада. Ці не тое ж самае адбываецца ў нашым грамадстве?
Прадстаўнікі ўлады могуць дазволіць сабе любыя зневажальныя выказванні і выкарыстоўваць пагрозы. А вось любая крытыка ўлады ўспрымаецца ў жорсткія штыкі і суправаджаецца рэпрэсіўнымі практыкамі.
Ну і зразумела ж, што аб’юз праяўляецца не толькі ў псіхалагічным ціску, але і ў гвалтоўных дзеяннях. Аб’юзер рэгулярна ў канфліктных сітуацыях праяўляе сваю схільнасць да гвалту, ці часам сам правакуе канфлікты, праз якія дазваляе сабе гвалт.
А цяпер давайце ўзгадаем, як праяўлялі сябе ўлады падчас мірных акцый пратэсту, як рэагуюць на любыя спробы людзей выказаць сваю нязгоду. Затрыманні, суды, штрафы. Зноў затрыманні, суды, суткі. А гвалт у турмах, міліцыі, арміі…
Жорсткасць у дачыненні да жывёлаў і дзяцей — адна з найбольш яскравых прыкмет аб’юзера. Такія паводзіны, на жаль, — частая з’ява з боку прадстаўнікоў міліцыі.
Праблемы панавання патрыярхату і звязаныя з ім сістэмныя недасканаласці ў грамадстве так і засталіся не вырашанымі. Безумоўна, дзякуючы барацьбе смелых жанчын па ўсім свеце сітуацыя і палепшылася. Цяпер усе мы, нягледзячы на пол і гендар, можам галасаваць, займаць пэўныя пасады, атрымоўваць адукацыю, а таксама маем доступ да медыцыны. Але ж ці маем сапраўды ўсё гэта, калі ў ролі ахвяры выступае ўсё нашае грамадства? Калі ролю аб’юзера прыняла на сябе вертыкаль улады?
Першую параду, якую даюць псіхолагі ахвярам аб’юзіўных стасункаў, — гэта знайсці ў сабе сілы разарваць іх і пачаць новае жыццё. Можа, 25 гадоў ціску і стагнацыі ўжо дастаткова, каб зразумець, што нічога добрага з гэтых адносін не выйдзе?