Абмежаванні на палёты ў небе Беларусі могуць захавацца да 2029 года
Абмежаванні на палёты грамадзянскай авіяцыі ў паветранай прасторы Беларусі захаваюцца да 2029 года, лічаць у Еўрапейскай арганізацыі па бяспецы паветранай навігацыі (EUROCONTROL). Вытрымкі з дакладу EUROCONTROL прыводзіць тэлеграм-канал «Позірк».
Аўтары дакладу адзначаюць, што галіна яшчэ не зусім акрыяла
ад наступстваў пандэміі каронавіруса. Акрамя таго, на сітуацыю ўплываюць і
рызыкі, звязаныя з вайсковай агрэсіяй Расіі супраць Украіны.
Нагадаем, заходнія авіякампаніі перасталі лятаць у Беларусь
і выкарыстоўваць беларускую паветраную прастору пасля прымусовай пасадкі ў
Мінску самалёта Ryanair. Тады ж для беларускіх самалётаў закрылася паветраная
прастора еўрапейскіх краін.
Інцыдэнт адбыўся 23 мая 2021 года. Самалёт Ryanair выконваў
рэйс Афіны — Вільня. На яго борце знаходзіліся журналіст Раман Пратасевіч і яго
спадарожніца Соф'я Сапега. У Мінску пасля прымусовай пасадкі самалёта іх
затрымалі. У траўні мінулага года Сапегу асудзілі ў Горадні на шэсць гадоў
калоніі агульнага рэжыму. Яна прызнаная палітзняволенай.
Увогуле лёсы Соф'і Сапегі і Рамана Пратасевіча пасля зняволення складваюцца па-рознаму.
Як вядома, дзяўчына — грамадзянка Расіі — неўзабаве рыхтуецца да пераводу ў РФ, дзе яе справе дадуць дадатковую прававую ацэнку і, верагодна, пакінуць за кратамі яшчэ на нейкі тэрмін.
Суд па справе Рамана Пратасевіча ўжо пачаты, але цяжка сказаць, якім будзе прысуд і калі яго агучаць.
— Ён выйшаў з-пад хатняга арышту пасля пагаднення са следзтвам, а 16 лютага сёлета над ім і яго былымі калегамі пачаўся суд, — пракаментаваў на «Св*бодзе» сітуацыю журналіст Сяргей Дубавец. — У кожным разе ён застаецца ў палоне захопнікаў улады. З аднаго боку, зразумела, што Пратасевіч ратуе сваё жыццё і свабоду, з другога — ён публічна агаворвае сваіх былых калег, чаго паводле закону рабіць не абавязаны, але менавіта агавору патрабуюць ад яго захопнікі, якім «не да законаў». Атрымліваецца цынічны гандаль: свабода ў абмен на рэпутацыю. Чым завершыцца суд, даведаемся хіба праз паўгода. У справе, нібыта, больш за 100 тамоў.