Жанчыны, якімі я захапляюся: Урсула, Рабэрта, Джорджа
Сярод палітычных дзеячаў сьвету прынята ўзгадваць Маргарэт Тэтчэр альбо Ангелу Мэркэль, калі гаворка заходзіць аб кабетах, якія маглі нешта зьмяняць і натхнялі іншых. Аднак гэта ўжо гісторыя. У наш час у Эўропе існуюць жанчыны, на якіх варта было б раўняцца і іншым, незалежна ад полу.
У маім сьпісе тры чалавекі, кожная зь якіх валодае здольнасьцю захапляць. Кожная зь іх здолела дасягнуць тых ці іншых прафэсійных вышыняў без выкарыстаньня якіх-кольвек квотаў.
Урсула фон дэр Ляэн
Урсула нарадзілася ў 1958 годзе ў сям’і нямецкага палітычнага дзеяча Эрнста Альбрэхта, у бэльгійскім Бруселі, у час працы бацькоў па-за межамі Нямеччыны. Вярнулася на радзіму толькі ў 13-гадовым узросьце. Атрымала мэдыцынскую адукацыю і стала доктарам мэдыцынскіх навукаў. Працавала ў свой час у гінекалёгіі.
Урсула далучылася да Хрысьціянска-Дэмакратычнага Зьвязу, кансэрватыўнай партыі Нямеччыны, у 1990 годзе. Незадоўга да гэтай падзеі яна выйшла замуж за Хайка фон дэр Ляэна. У сям’і нарадзіліся 7 дзяцей, што ў вялікай ступені супярэчыць папулярнаму меркаваньню, што жанчына мае зрабіць сур’ёзны выбар у сваім жыцьці — кар’ера альбо сям’я.
Давід, Сафі, Марыя, Вікторыя, Ягана, Эгманд і Грацыя пабачылі сьвет, а іх маці працавала навуковым супрацоўнікам на катэдры эпідэміялёгіі, сацыяльнай медыцыны і дасьледаваньняў сістэмаў аховы здароўя Гановэрскай медыцынскай школы.
Шматдзетная маці Ўрсула фон дэр Ляэн з 1996-га па 1997 год была сябрам дзяржаўнага камітэта па сацыяльнай палітыцы хрысьціянскіх дэмакратаў Ніжняй Саксоніі, а затым таксама сябрам працоўнай групы лекараў ХДС той жа федэральнай зямлі.
У хуткім часе Ўрсула была абраная ў мясцовы парлямэнт, а ў 2005 годзе — у Бундэстаг ад Хрысьціянска-Дэмакратычнай партыі.
На працягу 6 гадоў Урсула была міністрам абароны Нямеччыны ва ўрадзе Ангелы Мэркэль, апроч гэтай міністарскай пасады мела яшчэ фатэлі міністра па справах сям’і і міністра працы. Агулам 14 гадоў спадарыня фон дэр Ляен знаходзілася ва ўрадзе.
За гады знаходжаньня на пасадзе міністра абароны, абаронны бюджэт вырас прыкладна на траціну, з першапачатковых 32 да прыкладна 43 мільярдаў эўра. Фон дэр Ляэн пачала найбуйнейшыя закупкі праектаў узбраеньняў з часоў заканчэньня халоднай вайны.
У 2019 годзе яна стала першай кабетай, якую абралі кіраваць Эўракамісіяй — фактычна прэм’ер-міністрам Аб’яднанай Эўропы.
Як кажуць высокапастаўленыя чыноўнікі ў Эўракамісіі, «Яна жорсткая, мэтаскіраваная і надзвычай эфектыўная».
Як цалкам слушна адзначыла журналістка Караліна дэ Гройтэр, «у асобе Ўрсулы фон дэр Ляэн Эўропа, здаецца, нарэшце атрымала адзіны нумар тэлефона, які Генры Кісінджэр заўсёды казаў, што яму патрэбны, калі ён хоча патэлефанаваць у Эўропу».
Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну ў 2022 годзе фон дэр Ляэн адправілася на цягніку ў Кіеў разам з прадстаўніком ЭЗ па замежных справах Жазэпам Барэлем, прэм'ер-міністрам Славаччыны Эдуардам Хегерам і некаторымі іншымі ў пачатку красавіка 2022 года для перамоваў з прэзідэнтам Украіны Уладзімерам Зяленскім. Яна таксама наведала Бучу, каб задакумэнтаваць разьню, і ўбачыла целы, запакаваныя ў чорныя поліэтыленавыя пакеты.
«Мы ўбачылі жорсткае аблічча пуцінскай арміі», — сказала яна. З таго часу Ўрсула фон дэр Ляэн актыўна агітавала за ўступленьне Ўкраіны ў Эўрапейскі Зьвяз.
У 2022 і 2023 годзе часопіс Forbes назваў фон дэр Ляэн самай уплывовай кабетай у сьвеце.
«З падтрымкай нашых партнэраў або без яе мы не можам дазволіць Расеі перамагчы. І кошт няўпэўненасьці — кошт перамогі Расеі — значна большы, чым любыя сродкі, якія мы маглі б ашчадзіць зараз. І вось чаму Эўропе прыйшоў час зрабіць крок наперад».
Кантынэнт, па яе словах, павінен быць гатовы да вайны. «Пагроза вайны можа быць непазьбежнай, але яна не немагчымая. Рызыкі вайны не варта перабольшваць, але да іх трэба быць гатовымі».
Гэтым летам чакаем пераабраньня Ўрсулы на пасаду кіраўніка Эўрапейскай Камісіі пасьля выбараў у эўрапарлямэнт.
Рабэрта Мэтсола
Мальтыйка Рабэрта нарадзілася ў 1979 годзе ў сям’і Джэфры і Рыты Тадэска Трыкас. Ужо зь юных гадоў Рабэрта далучылася да Нацыяналістычнай Партыі Мальты. Гэтая палітычная партыя мае выразныя кансэрватыўныя, хрысьціянска-дэмакратычныя карані.
У студэнцкія гады яна ўваходзіла ў Нацыянальную моладзевую раду Мальты. У 2003 годзе яна актыўна агітавала разам са сваёй Нацыяналістычнай Партыяй у галасаваньне «за» на рэферэндуме аб сяброўстве Мальты ў Эўразьвязе. Пасьля яе ўдзелу ў той кампаніі 25-гадовая Рабэрта Тэдэска Трыкас была заахвочаная тагачасным прэм'ер-міністрам Мальты Лоўрэнсам Гонзі балятавацца на выбарах у Эўрапейскі парлямэнт у 2004 годзе. Тады яе не абралі. Цікава, ці задумвалася 20 гадоў таму Рабэрта аб тым, што неўзабаве яна будзе кіраваць усім Эўрапарлямэнтам.
Другая спроба трапіць у Эўрапарлямэнт была праз пяць гадоў, у 2009 годзе, і зноў няўдала. І нават гэта не прыпыніла яе настойлівасьці. Гісторыя посьпеху чакала наперадзе.
У 2013–2014 гадах яна працавала юрыдычным дарадцам Вярхоўнага прадстаўніка Зьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан.
І вось нарэшце ў 2013 годзе Рабэрта Мэтсола паўдзельнічала ў давыбарах у Эўрапарлямэнт пасьля вызваленьня аднаго з мандатаў, разьмеркаваных Мальце. У чарговых выбарах, што прыйшліся на наступны, 2014 год, яна перамагла зноў. Гэта паўтарылася і ў 2019 годзе, калі Рабэрта зноў вылучалася ад Нацыяналістычнай партыі Мальты.
У 2019 годзе, падчас нацыянальнага палітычнага крызісу на Мальце, пасьля забойства журналісткі Дафны Каруаны Галіцыі, Рабэрта Мэтсола адмовілася паціскаць руку тагачаснаму прэм'ер-міністру Мальты Джозэфу Маскату на сустрэчы з эўрадэпутатамі ад Мальты.
Яна напісала: «Калі ён думае, што можа паспрабаваць зьняць з сябе адказнасьць, ён моцна памыляецца. Сыходзь зараз жа, перш чым нанесьці непапраўную шкоду краіне».
Гэта была вельмі гучная справа. Журналістка Галіцыя рабіла рассьледваньні адносна левага прэм’ера Мальты Маската ў сувязі зь яго афшорнымі рахункамі, якія ўскрыліся пасьля абнародваньня так званага «Панамскага дасье». Журналістка была забітая, а прэм’ер Мальты быў вымушаны падаць у адстаўку.
У лістападзе 2020 года Мэтсола была абраная першым віцэ-прэзідэнтам Эўрапарлямэнту. А 18 студзеня 2022 года, у свой 43-ці дзень народзінаў, Рабэрта Мэтсола была абраная прэзідэнтам Эўрапарлямэнту.
Ад Сьвятланы Ціханоўскай у 2023 годзе Рабэрта атрымала ўзнагароду – «Крыж добрасуседства».
У Рабэрты з мужам Ука Мэтсола нарадзіліся 4 сыны: Лука, Алек, Марк і Крысьціян. Як і ў выпадку з Урсулай фон дэр Ляэн, гэта не замінала ёй займацца актыўнай палітычнай дзейнасьцю.
Джорджа Мэлоні
Джорджа нарадзілася ў 1977 годзе ў Рыме ў сям’і сардынца і сіцылійкі. Як і папярэдняя гераіня, што ўзначальвае Эўрапарлямэнт, Джорджа Мэлоні ўжо ў раньнім узросьце далучылася да правай кансэрватыўнай партыі, у 15 гадоў трапіла ў моладзевае крыло, якое мела знаёмую беларусам назву – «Малады Фронт».
Ва ўзросьце 31 года Мэлоні стала самым маладым міністрам у гісторыі Італіі. Адбылося тое ў 2008 годзе. Джорджа была міністрам па справах моладзі ва ўрадзе Сыльвіа Бэрлусконі. Неўзабаве ў 2012 годзе разам з аднадумцамі яна становіцца заснавальніцай новай правай кансэрватыўнай партыі, якую ўзначаліла праз два гады — «Браты Італіі».
З нагоды канфэрэнцыі «Бог, гонар, краіна: прэзідэнт Рональд Рэйган, Папа Ян Павал II і свабода нацый», арганізаванай у Рыме ў 2020 годзе, Мэлоні зьвярнула ўвагу на два сваіх фундамэнтальных культурных арыентыры ў постацях Рональда Рэйгана і Папы Яна Паўла II, у гонар якіх была названая гэта падзея.
На выбарах у верасьні 2022 года партыя Джорджы Мэлоні атрымала 26% галасоў. Звычайнай практыкай у дэмакратычных краінах зьяўляецца абрынаньне рэйтынгу кіроўнай партыі ці прэзідэнта пасьля выбараў, бо абяцаныя паляпшэньні для жыхароў вельмі часта сканчваюцца ўжо на наступны дзень пасьля выбараў.
Сёньня партыя «Браты Італіі» мае каля 28% падтрымкі італьянскага грамадзтва і застаецца з адрывам самай папулярнай палітычнай сілай краіны.
Партыя Мэлоні ўваходзіць у альянс эўрапейскіх партыяў, што ў Эўрапарлямэнце ствараюць Партыю Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў, а не ў крайне правай групы «Ідэнтычнасьці і дэмакратыі». Нагадаем, яшчэ напярэдадні выбараў гучалі шматлікія абвінавачаньні ў антыэўрапейскай рыторыцы Мэлоні. Але, як піша аналітык Энтані Канстантыні, Мэлоні разглядае Эўразьвяз не як пагрозу, а як аб'яднальніка Захаду, і яе мэта — рэформа, а не разбурэньне. У выніку ўмераныя групы, такія як Эўрапейская народная партыя, і, магчыма, нават цэнтрысты, могуць палічыць кааліцыю з моцным ECR матэзгодным варыянтам пасьля выбараў у чэрвені гэтага года.
Агульнаэўрапейскім лідарам альянсу з 2020 года зьяўляецца Джорджа Мэлоні. Ад Беларусі ў якасьці партнэра туды ўваходзіць Беларускі Народны Фронт, а таксама партнэрам зьяўляецца Рэспубліканская партыя ЗША, Кансэрватыўная партыя Вялікай Брытаніі, Лікуд у Ізраілі, а сябрам лічыцца «Права і Справядлівасьць» з Польшчы.
20 верасьня 2023 года Мэлоні ўпершыню выступіла на Генэральнай асамблеі ААН. Яна заявіла, што ААН павінна «абвесьціць глябальную вайну» гандлярам людзьмі. Яна сказала, што сёньня многія афрыканскія краіны адчуваюць цяжкасьці праз засуху, зьмены клімату і блякаваньне Расеяй украінскага экспарту збожжа, ад якога залежалі шматлікія афрыканскія краіны. Такая нестабільная сітуацыя будзе спрыяць працы гандляроў людзьмі, гэта значыць злачынных груповак, якія арганізуюць паездкі мігрантаў, аднак не прымаюць непасрэдны ўдзел у іх.
Мэлоні таксама зазначыла, што істотна «вырашыць асноўныя прычыны міграцыі», каб гарантаваць, што людзі пажадаюць застацца ў краіне паходжаньня. Маецца на ўвазе так званы «плян Матэі», які павінны быць буйным праектам для разьвіцьця і паглыбленьня міжнародных адносінаў паміж Італіяй і афрыканскімі краінамі.
У прамове знайшлося месца і для артыкуляцыі пазіцыі датычна вайны ва Ўкраіне: Мэлоні заявіла, што Італія «адназначна выбрала, на чыім баку быць», гэта значыць з Украінай і супраць Расеі. Нарэшце, яна заклікала рэфармаваць Раду Бясьпекі ААН, куды ўваходзіць з правам вета краіна-агрэсар Расея.
Летась Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Італіі за «падтрымку рэпрэсаваных, за выдачу візаў, за тое, што Італія паздзяляе рэжым і беларусаў і не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам».
«Я бачу яе рашучасьць, бачу, што яна выдатна разумее нашу сітуацыю і гатовая дапамагаць не толькі на словах, але і справамі. Сёньня мы займелі яшчэ адзін моцны голас у падтрымку свабоднай і незалежнай Беларусі», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
У 2016 годзе ў Джорджы Мэлоні нарадзілася дачка Джынэўра.
Разумныя, пасьпяховыя жанчыны, якія на сёньня кіруюць Урадам і Парлямэнтам Эўразьвязу, а таксама ўзначальваюць Італію – яскравы прыклад усемагутнасьці любой з кабетаў. Было б жаданьне, а не квоты.
На траіх у Ўрсулы, Рабэрты і Джорджы 12 дзяцей.