Праваабаронца: Нават 90% згвалтаваных жанчын не звяртаюцца ў паліцыю
Выпадак беларускі, згвалтаванай і забітай у Варшаве, прыцягнуў увагу да вельмі вялікай і недаацэненай сацыяльнай праблемы ў Польшчы, піша «Польскае радыё».
Прэс-сакратарка фонду Feminoteka Яана Чыра-Іскандар заклікае жанчын, які сталі ахвярамі гвалту — а гаворка ідзе не толькі пра згвалтаванне — звяртацца па прафесійную дапамогу ў іх арганізацыю. Фонд дапамагае, у тым ліку, замежніцам.
6 лютага ў Варшаве праходзіць марш «Яе звалі Ліза» ў памяць пра 25-гадовую беларуску, згвалтаваную і забітую ў цэнтры гораду 25 лютага.
Трагедыя адбылася ў польскай сталіцы досвіткам у нядзелю, 25 лютага, на вул. Журавя. На 25-гадовую грамадзянку Беларусі Лізавету, якая вярталася дадому, напаў 23-гадовы мужчына ў балаклаве Дарыян С. Ён згвалціў і задушыў ахвяру, пакінуўшы яе аголенай ляжаць на прыступках у пад'ездзе.
Пацярпелую знайшоў вартаўнік, Лізавету даставілі ў бальніцу, дзе медыкі змагаліся за яе жыццё, але выратаваць дзяўчыну не ўдалося – 1 сакавіка яна памерла. Злачынец быў затрыманы праз некалькі гадзін пасля нападу.
Жалобны марш у Варшаве ладзіць фонд Feminoteka, які ўжо 18 гадоў змагаецца з гвалтам. У каманду фонду ўваходзяць псіхолагі, тэрапеўткі, юрысткі і, безумоўна, спецыялісткі па крызіснаму ўмяшанню. Як вынікае з назвы фонду, Feminoteka абараняе правы жанчын. Апрача непасрэднай працы і рэабілітацыі ахвяр гвалту, Feminoteka, у тым ліку, ладзіць адукацыйныя акцыі і займаецца зменамі ў заканадаўстве.
Пра жалобную акцыю па маладой беларусцы, якая адбываецца ў Варшаве, распавядае прэс-сакратара фонду Яана Чыра-Іскандар:
— Раніцай 25 лютага ў цэнтры Варшавы была жорстка згвалтаваная і забітая беларуская дзяўчына Ліза. Гэта жудаснае злачынства, якое адбылося з зусім выпадковай, нявіннай дзяўчынай. З таго часу мы ў шоку. Мы шакаваныя жорсткасцю гэтага злачынства, надзвычайным гвалтам, які зазнала Ліза.
І, на жаль, гэта прыклад такой сітуацыі, які паказвае, што жанчыны ў Польшчы не могуць адчуваць сябе ў бяспецы, што ўсе гэтыя страхі, якія мы маем, калі выходзім адны ўначы з дому ці з вечарынкі, таму што мы ідзём дадому ці позна вяртаемся з працы, на жаль, паказваюць, што гэтыя страхі апраўданыя.
Мы не можам адчуваць сябе ў бяспецы ў гэтай краіне. Гэта, на жаль, вельмі сумнае разважанне, але яно, прынамсі, дае штуршок усё часцей гаварыць пра гвалт над жанчынамі, а таксама пра сексуальны гвалт.
Праваабаронца кажа, што ў любых абставінах гвалт не можа мець ніякага апраўдання і тлумачэння:
— Ліза не вінаватая ў тым, што стала выпадковай ахвярай жорсткага злачынцы і гвалтаўніка, яе віны ў гэтым не было. З іншага боку, неверагодна сумна, што на яе месцы мог апынуцца кожны з нас.
Ні адна жанчына, ні адзін чалавек, які перажыў гвалт, не можа сказаць, што гэта іх віна. Або што калі б яна паступіла інакш, з ёй бы нічога дрэннага не здарылася. Таму што гэта зняцце адказнасці з таго, хто ўчыніў гвалт, і перакладанне гэтай адказнасці на пацярпелага, што вельмі несправядліва.
Людзі, якія перажылі любы від гвалту, у тым ліку сексуальны, заслугоўваюць перш за ўсё таго, каб іх гісторыі былі пачутыя, а яны атрымалі падтрымку. Мы павінны быць на іх баку.
Прэс-сакратарка фонду Feminoteka Яана Чыра-Іскандар заклікае жанчын, які сталі ахвярамі гвалту, а гаворка ідзе не толькі пра згвалтаванне, звяртацца па прафесійную дапамогу ў іх арганізацыю, фонд дапамагае, у тым ліку, замежніцам:
— Feminoteka – арганізацыя, што ўжо 19 гадоў аказвае дапамогу жанчынам, якія перажылі розныя формы гвалту. Мы спецыялізуемся на дапамозе жанчынам, якія спазналі сексуальны гвалт. Аднак мы таксама адкрытыя для жанчын, якія перажылі іншыя формы гвалту, такія, як гвалт у сямʼі, псіхалагічны гвалт, інстытуцыянальны гвалт, г.зн. гвалт з боку дзяржавы, калі іх правы парушаюцца або калі яны зазнаюць нейкую форму дыскрымінацыі.
У нашым фондзе вы можаце атрымаць бясплатную псіхалагічную падтрымку, тэрапеўтычную падтрымку, медычную, юрыдычную падтрымку, а з мінулага года працуе служба дапамогі пасля згвалтаванняў. Гэта такое бяспечнае месца, таму што тут ёсць сакрэтны адрас, дзе жанчына, якая перажыла гэтую крайнюю форму сексуальнага гвалту, можа ў адным атрымаць комплексную дапамогу, якая патрэбная ў такой сітуацыі, то бок медычную дапамогу, псіхалагічную, юрыдычную, калі яна вырашыцца заявіць аб згвалтаванні ў паліцыю.
Вы можаце скарыстацца нашай падтрымкай, якая зʼяўляецца бясплатнай. Мы засяроджваемся не толькі на дапамозе польскім жанчынам, але і жанчынам з іншых краін.
Яана Чыра-Іскандар звяртае ўвагу на тое, што выпадак беларускі, згвалтаванай і забітай у Варшаве прыцягнуў увагу да вельмі вялікай і недаацэненай сацыяльнай праблемы:
— У цэнтры Варшавы, гэта значыць менавіта на вуліцы Журавя, 47, дзе Лізу згвалцілі і забілі, праходзіць дэманстрацыя. Дэманстрацыя ў памяць аб Лізе, а таксама дэманстрацыя ў знак пратэсту супраць гвалту ў адносінах да жанчын. Гэта пратэст, які мы выказваем супраць усіх формаў гвалту ў адносінах да жанчын, не толькі сексуальнага, але і гвалту ў сямʼі ці гвалту ў грамадскім жыцці ў дачыненні да жанчын. Марш ідзе моўчкі.
Справа Лізы і гэтая трагічная, жудасная гісторыя, якая з ёй адбылася, даволі спецыфічная. Мяне зусім не здзіўляе, што гэта абурае грамадскую думку, таму што маштабы гэтага гвалту, гэтага надзвычайнага гвалту, які быў ужыты да яе, проста аўтаматычна выклікае ў нас вялікую сімпатыю і абуджае нашу поўную апазіцыю такім паводзінам.
З іншага боку, я лічу, што важна дакладна ўсведамляць – такія сітуацыі, калі невядомы нападае на вуліцы на выпадковую жанчыну, зацягвае яе ў пад’езд і там гвалціць – рэдкія. Такіх выпадкаў вельмі мала.
Пераважная большасць сексуальнага гвалту, якому падвяргаюцца жанчыны, здзяйсняецца людзьмі, знаёмымі ахвяры.
Часцей за ўсё гэта партнёры, былыя партнёры, члены сямʼі, хто-небудзь з прафесійнага асяроддзя, з універсітэцкага асяроддзя, сусед па пакоі, калега або сябар. Часцей за ўсё гэта асобы, якія здзяйсняюць сексуальны гвалт у адносінах да жанчын.
Таму я лічу, што гэта варта падкрэсліць, каб мы не гублялі з-пад увагі ўсю масу сексуальнага гвалту, якому найчасцей падвяргаюцца жанчыны ў іх уласных дамах або ў іншых добра знаёмых ім месцах, таму што гэта найбольш частыя выпадкі сексуальнага гвалту.
Статыстыка, якую мы часам бачым у сродках масавай інфармацыі, напрыклад, статыстыка паліцыі, паводле якой у Польшчы штогод адбываецца каля 2500 згвалтаванняў, гэта статыстыка, якая нічога не гаворыць пра маштабы сексуальнага гвалту ў Польшчы, таму што пераважная большасць жанчын ніколі не адважваецца заявіць пра згвалтаванне ў паліцыю.
Ёсць падлікі, што да 90% жанчын не заяўляюць аб згвалтаванні, гэта значыць 9/10 жанчын, якія зазналі згвалтаванне, не звяртаюцца ў паліцыю з гэтай нагоды.