Гандаль Беларусі з Польшчай: што кажуць лічбы?
Як змянілася структура беларускага экспарту ў Польшчу за апошні год? Як санкцыі ўплываюць на гандаль? Чаму ў Беларусі здарыўся «бум» імпарта? Макар Мыш і Арсен Рудэнка распыталі эканамістку Анастасію Лузгіну спецыяльна для belsat.eu.
![_belarus_salihorsk_pramyslovasc_kalij_ekspart_ekanomika_fota_novy_czas__1__logo.jpg _belarus_salihorsk_pramyslovasc_kalij_ekspart_ekanomika_fota_novy_czas__1__logo.jpg](/img/v1/images/_belarus_salihorsk_pramyslovasc_kalij_ekspart_ekanomika_fota_novy_czas__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Беларускі экспарт у Польшчы вельмі моцна абваліўся ў 2023 годзе. Перадусім з прычыны санкцыяў, якія моцна скарацілі пастаўкі цэлых групаў тавараў, якія раней былі лідарамі ў беларускім гандлі. Пры гэтым вельмі вырас імпарт у Беларусь аўтамабіляў. Аднак апошняе наўрад ці надоўга. І ў 2024 годзе варта рыхтавацца да зніжэння і экспарту, і імпарту.
Экспарт сціснуўся ў разы
Паводле Еўрастату, у 2023 годзе экспарт Беларусі ў Польшчу – самы нізкі за апошнія пяць гадоў: € 438 млн. У параўнанні з 2019–2022 гадамі пастаўкі знізіліся прыкладна ў 2-3 разы ў залежнасці ад года. Напрыклад, экспарт у 2022-м склаў € 1 млрд, а ў 2019-м – € 1,17 млрд.
Структура экспарту змянілася з пачаткам поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Да 2022 года Беларусь больш за ўсё пастаўляла ў Польшчу:
- мінеральнае паліва, мінеральныя алівы і прадукты іх перагону; бітумінозныя рэчывы; мінеральныя воскі;
- драўніну і вырабы з яе; драўняны вугаль;
- угнаенні;
- мэблю;
- жалеза і сталь.
Калі ў 2019–2021 гадах названыя пазіцыі займалі 60–70 % у агульнай долі экспарту ў Польшчу, то ў 2022-м – 48 %, а ў 2023-м – 22 %.
У першай пазіцыі пастаўкі скараціліся амаль утрая ў 2020–2021 гадах у параўнанні з 2019-м. У 2023-м экспарт практычна зусім растаў – € 6,6 млн супраць € 293 млн у 2019-м.
На беларускую драўніну накладзеныя санкцыі ЕЗ. Калі ў папярэднія гады экспарт у гэтай пазіцыі складаў € 200–350 млн, то за 2023-і – крыху больш за € 15 тыс.
Ва ўгнаеннях таксама назіраецца спад. У 2023 годзе Беларусь экспартавала іх у Польшчу на € 23,1 млн, што ў сем разоў менш, чымся ў 2019-м і амаль у пяць разоў менш, чымся ў 2022-м.
Жалеза і сталь зусім не паступалі ў Польшчу ў 2023 годзе праз санкцыі.
Мэбля перамясцілася на першы радок экспарту беларускіх тавараў у Польшчу. У 2023 годзе яе экспартавалі на € 68 млн. Гэта ўсяго на € 3 млн менш, чымся ў 2019-м, але на € 27 млн менш, чымся ў 2022-м.
Глядзіце таксама
![Гандаль Беларусі і краін Афрыкі: перспектывы і тэндэнцыі Гандаль з Афрыкай: перспектыўная ці тупіковая ідэя?](/img/v1/images/africa_market_street_trading_village_benin.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Акрамя мэблі, летась у лідары ў экспарце выйшлі шкло і шкляны посуд. Экспарт у гэтай пазіцыі расце штогод. З 2019-га ён павялічыўся больш як удвая (з € 23,1 млн да € 51,7 млн).
Пластмасы і вырабы з іх – звычайна гэтая група таксама не была адною з самых буйных, а аб’ёмы паставак вагаюцца кожны год. У 2023-м было зніжэнне з € 58 млн у 2022-м да € 43 млн.
Рэшткі і адходы харчовай прамысловасці; гатовы корм жывёле. Тут назіраюцца ваганні паставак ад года да года, аднак ёсць трэнд на іх павелічэнне. З 2019-га да 2023-га яны выраслі амаль у 4 разы (з € 8,5 млн да € 33,6 млн).
Папера і кардон; вырабы з папяровай масы, паперы або кардона. У гэтай групе таксама назіраецца паступовы рост з 2019 года. Да 2023-га экспарт вырас удвая (з € 14,8 млн да € 29,3 млн).
Санкцыі паўплывалі на гандаль
Настасся Лузгіна, экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, падкрэсліла ў размове з «Белсатам», што на зніжэнне беларускага экспарту ў Польшчу моцна паўплывалі санкцыі. Менавіта праз іх адбылося скарачэнне экспарту мінеральнага паліва, прадуктаў іх перагону, бітумных рэчываў, прадукцыі дрэваапрацавання, угнаенняў. Пры гэтым непадсанкцыйныя тавары працягвалі пастаўляцца ў Польшчу, нават нягледзячы на цяжкасці з абмежаванаю прапускною здольнасцю межаў.
![Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна. Варшава, Польшча. 17 лютага 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна. Варшава, Польшча. 17 лютага 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат](/img/v1/images/20240217_bo_anastasia_luzgina_beroc_009.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна. Варшава, Польшча. 17 лютага 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Эканамістка адзначыла, што беларуская прадукцыя таксама можа абыходзіць заходнія санкцыі (раней была інфармацыя, што Беларусь пастаўляла ў Еўразвяз праз Казахстан і Кыргызстан сваю драўніну). Але гэта ў любым разе звязана з дадатковымі выдаткамі.
«Таму ў экспарце адбываецца пераарыентацыя на іншыя краіны. Шукаюць шляхі транспартавання калійных угнаенняў у Кітай, у іншыя краіны Азіі. Што і назіраецца», – падкрэсліла эканамістка.
Бум імпарту
Імпарт з Польшчы, наадварот, стаўся самым вялікім за апошнія пяць гадоў. У 2022-м ён склаў € 1,82 млрд. У папярэднія гады было на € 100–200 млн менш. А ў 2023-м імпарт вырас да € 2,73 млрд.
Структура імпарту ў самых буйных пазіцыях змянілася не моцна, за выключэннем адной анамаліі. З 2022 года Беларусь рэзка стала закупляць у Польшчы транспартавыя сродкі, акрамя чыгуначнага або трамвайнага рухомага саставу, а таксама іх часткі і прылады. Калі ў 2019–2021 гадах сумы паставак не даходзілі нават да € 100 млн, то ў 2022-м ужо склалі € 321 млн, а ў 2023-м – € 931 млн.
На другое месца ў суме закупаў перамясціліся ядравыя рэактары, катлы, машыны і механічныя прылады; іх часткі. Іх даставілі ў 2023 годзе на € 218 млн, што на € 30–40 млн менш, чымся ў 2019–2021 гадах. Вялікі спад быў у 2022-м. Тады іх закупілі толькі на € 161 млн.
Глядзіце таксама
![Чым пагражае беларускай эканоміцы хуткі рост імпарту? Апераджальны рост імпарту стаў вялікай пагрозай у знешнім гандлі Беларусі ў 2023 годзе](/img/v1/images/_belarus_ekanomika_rynak_fota_novy_czas__1__1_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Беларусь павялічвае закуп пластмасаў і вырабаў з іх. Калі ў 2019 годзе іх набылі на € 133,1 млн, то ў 2023-м – на € 202,5 млн. Вялікі скачок адбыўся ў 2023-м – закупы выраслі на 20 % у параўнанні з 2022-м. Электрычных машынаў і абсталявання, іх частак Беларусь купіла ў 2023 годзе на € 140 млн. Гэта на € 36 млн больш, чымся ў 2022-м, аднак менш за аб’ёмы 2020–2021 гадоў.
Пятаю паводле велічыні сталася пазіцыя «дубільныя або фарбавальныя экстракты; тканіны і іх вытворныя; фарбавальнікі, пігменты і іншыя фарбавальныя рэчывы; фарбы і лакі; шпаклёўкі і іншыя масцікі; атрамант», выцесніўшы арэхі і садавіну. Моцны рост паставак пачаўся ў 2022 годзе. Тады яны выраслі ўдвая, да € 89,2 млн, а ў 2023-м сталіся яшчэ большыя – да € 116,8 млн.
Надзвычайны рост імпарту Настасся Лузгіна звязвае з актыўным набыццём заходніх машынаў у Польшчы, што летась склала амаль мільярд долараў:
«Хутчэй за ўсё, ідзе экспарт праз Беларусь у Расію. У Расіі шмат заводаў еўрапейскіх канцэрнаў зачынілася. Ну і, адпаведна, цалкам магчыма, што ідзе плынь тых, хто хоча купіць еўрапейскі аўтамабіль. Яна ідзе наўпрост праз Беларусь у Расію».
Таксама, паводле эканамісткі, беларусы, якія раней набывалі еўрапейскія аўтамабілі, але расейскага збору, цяпер такой магчымасці не маюць і купляюць іх беспасярэдне ў Еўропе.
У астатніх пазіцыях, заўважыла Лузгіна, істотных зрухаў не адбылося.
А што будзе сёлета?
У 2024 годзе, на думку Настассі Лузгіной, імпарт машынаў можа зменшыцца, бо цяпер адбываецца перабудова і расейскага, і беларускага аўтамабільных рынкаў. І летась асноўную частку продажаў на беларускім рынку занялі кітайскія аўтамабілі. У Расеі канкурэнцыю кітайскім аўтам склалі машыны мясцовай вытворчасці:
«І я думаю, што тыя ж кітайцы будуць яшчэ больш актыўна асвойваць і расійскі рынак, і беларускі. І таму іх доля і колькасць набытых машынаў за кошт гэтага павялічыцца».
Экспертка адзначыла, што кітайскія машыны таннейшыя за еўрапейскія. Да таго ж у Беларусі адносна «Geely» дзеюць адмысловыя крэдытныя праграмы, «межы ў нас не адкрываюцца, наадварот, закрываюцца, то бок каналы транспартавання скарачаюцца». А гэта таксама можа паўплываць на зніжэнне імпарту.
Глядзіце таксама
![Для Беларусі добра, калі ёсць партнёр Кітай, бо Расii будзе цяжэй яе паглынаць «Кітай будзе зацікаўлены, каб Беларусь была незалежнай краінай, бо з такой краіны можна штосьці ўзяць»](/img/v1/images/_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__2__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Чакае эканамістка і далейшага скарачэння беларускага экспарту. Магчыма, у нейкіх пазіцыях можа адбыцца пэўны рост, але «гэта не будзе значнае павелічэнне, бо ў цэлым беларускія вытворцы перабудоўваюцца на ўсходні кірунак, найперш на Расію».
Таксама, падкрэсліла Лузгіна, застаецца магчымасць увядзення новых санкцыяў у дачыненні беларускіх тавараў, змяншэння колькасці памежных пераходаў, што таксама ўплывае на гандаль, або нават поўнага закрыцця межаў. Такі варыянт таксама нельга выключаць, заключыла суразмоўца.