Гандаль з Афрыкай: перспектыўная ці тупіковая ідэя?

«Трэба ісці ў іншыя месцы, дзе нас не ведаюць, дзе нас чакаюць, і гандляваць — дзесяццю трактарамі, адным камбайнам, хоць нават па чайнай лыжцы цукар вазіць», — такія словы калісьці прамовіў Аляксандр Лукашэнка. Цытата вельмі добра апісвае беларускія дыпламатычныя і гандлёвыя адносіны з краінамі Афрыкі.

Фота: www.foretiafoundation.org

Фота: www.foretiafoundation.org

Беларускія ўлады ўсё часцей гавораць пра афрыканскі кантынент як пра стратэгічнага партнёра Беларусі. Журналістка «Deutsche Welle» Аляксандра Багуслаўская разбіраецца, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці.

Вымушаная ізаляцыя і санкцыйны ціск пасля палітычнага крызісу 2020 года ў Беларусі прымусілі афіцыйны Мінск шукаць новых палітычных і эканамічных партнёраў. Апошнім часам з вуснаў беларускіх чыноўнікаў стала ўсё часцей згадвацца Афрыка і перспектыўнасць супрацоўніцтва з гэтым рэгіёнам. Так, летась Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў наведаў афрыканскі кантынент, пабываўшы ў Зімбабвэ, Экватарыяльнай Гвінеі і Кеніі, а спробы рэжыму асвойваць Афрыку прапагандысты нават нясціпла назвалі «беларускай экспансіяй». Але што менавіта шукае Лукашэнка ў Афрыцы і ці ёсць зваротная зацікаўленасць у афрыканскіх краін супрацоўнічаць з Беларуссю?

Цікавасць Лукашэнкі: аднаўленне іміджу і карупцыя

Павышаная ўвага беларускага рэжыму да афрыканскага кантынента і гучныя словы пра экспансію палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі лічыць чарговым піяр-ходам Лукашэнкі: «беларуская прапаганда раздзімае значэнне афрыканскага вектара на фоне абвалу гандлю і ўсяго комплексу адносін з Еўропай, ЗША і Украінай. Ім трэба прадэманстраваць, што рэжым не ў ізаляцыі і нібыта ёсць і іншыя кірункі».

Акрамя таго, разважаючы пра патэнцыйныя інтарэсы рэжыму Лукашэнкі ў афрыканскіх краінах, Класкоўскі ўспамінае гучныя расследаванні аб тым, як асяроддзе Лукашэнкі здабывала золата ў Зімбабвэ: «хоць афіцыйны гандаль з Афрыкай вельмі малы, ёсць такі карумпіраваны ценявы бізнес, які можа не адлюстроўвацца ў афіцыйнай статыстыцы, але прыносіць дывідэнды пэўным асобам».

Глядзіце таксама

Краіны Афрыкі гатовы мець адносіны з усімі, нават з дыктатурамі

На думку беларускага гісторыка Яўгена Красуліна, афрыканскі рэгіён лічыцца вельмі перспектыўным рынкам, які мае велізарны патэнцыял. Афрыканскія краіны прыцягваюць гіганцкімі запасамі прыродных рэсурсаў і металаў накшталт золата, магчымасцямі ў развіцці сельскай гаспадаркі і працоўнымі рэсурсамі. «Каля 50% насельніцтва Афрыкі — гэта людзі да 25 гадоў, — адзначае эксперт. — Калі параўнаць гэты паказчык з еўрапейскім, няцяжка зразумець, дзе будучыня».

Разам з тым Афрыка — вельмі неаднародны кантынент. «З аднаго боку, ёсць Гвінея і Зімбабвэ — старыя дыктатарскія мадэлі, блізкія да беларускага рэжыму. Адпаведна, з імі апошнім часам больш за ўсё кантактаў, — кажа Красулін. — Але ёсць Гана, дзе дэмакратыі нашмат больш, чым у Беларусі. Тым не менш многія з краін Афрыкі схільны да так званай неідэалагізаванай палітыкі: гэта значыць гатовы мець адносіны з любымі краінамі, з любым палітычным ладам».

Гісторык таксама дадае, што Лукашэнка пры ўзаемадзеянні з Афрыкай вельмі паспяхова грае на антыкаланіяльных пачуццях, якія моцна распаўсюджаны на кантыненце.

Глядзіце таксама

У плане гандлю з Афрыкай Лукашэнку выхваляцца няма чым

Як адзначае эканаміст «BEROC»Анастасія Лузгіна, улічваючы перспектыўнасць Афрыкі як рэгіёна, цікавасць Беларусі нядзіўная, хоць на гэты момант паспяховым гэтае супрацоўніцтва назваць нельга. «У нас няма дэталёвай статыстыкі па знешнім гандлі, але можна абапірацца на даныя 2020 года. Там бачна, што Афрыка як кантынент знаходзіцца ў самым канцы па аб'ёмах у рамках Беларускага знешняга гандлю. У 2020 годзе тавараабарот з краінамі Азіі склаў 9 млрд долараў, з Еўропай — 48 млрд долараў, а з краінамі Афрыкі — толькі 553 млн долараў. Гэта зусім нічога», — кажа эканаміст.

Пра бягучы стан гандлю з афрыканскімі краінамі можна даведацца толькі з абрывачных заяў чыноўнікаў. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка нядаўна выказаў сваё незадавальненне ростам экспарту беларускіх тавараў у Афрыку. Паводле яго слоў, у 2022 годзе экспарт склаў крыху больш за 200 млн долараў, і нават дакавідны максімум у 400 млн долараў у 2019 годзе — гэта вельмі мала для кантынента з паўтарамільярдным насельніцтвам.

«Атрымліваецца, што выхваляцца беларускім уладам няма чым. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка ажыццяўляў свае візіты і настойліва клікаў афрыканскіх лідараў у госці, ніякіх зрухаў у эканамічным супрацоўніцтве не відаць», — адзначае Лузгіна.

Асноўныя праблемы гандлю з Афрыкай — лагістыка і разлікі

Паводле звестак на 2021 год, асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў Афрыцы былі Ангола, куды Беларусь экспартавала тавараў на 88,4 млн долараў, Марока (42,9 млн), Егіпет (41,8 млн), Туніс (54,8 млн), Уганда (28,7 млн) і Кот-Д'івуар (27,4 млн). Ключавым таварам паставак, як піша выданне myfin.by, былі калійныя ўгнаенні: у 2020 годзе Беларусь экспартавала калій у 27 дзяржаў Афрыкі на агульную суму 123 млн долараў. Акрамя калію Беларусь прадае ў Афрыку сельскагаспадарчую тэхніку і харчовыя тавары.

Разам з тым, як тлумачыць Лузгіна, шмат пытанняў выклікае лагістыка паставак, паколькі Афрыка знаходзіцца далёка ад Беларусі, а лагістычныя магчымасці Беларусі моцна абмежаваны пасля крызісу 2020 года і пачатку вайны ва Украіне. «Акрамя таго, ёсць пытанне наконт разлікаў. Афрыканскія валюты — гэта не сусветныя валюты, і відавочна, беларускія ўлады не зацікаўлены ў іх выкарыстанні. А што тычыцца еўра і долараў, то на многія беларускія банкі накладзены санкцыі», — кажа эканамістка.

Глядзіце таксама

Наколькі цікавая Беларусь?

Яшчэ адной праблемай гандлю Беларусі і дзяржаў Афрыкі Анастасія Лузгіна называе невысокую зацікаўленасць афрыканскіх краін: «да афрыканскага кантынента праяўляюць цікавасць і іншыя дзяржавы, той жа Кітай, які можа прапанаваць лепшыя ўмовы. А Беларусі прапанаваць добры кошт складана, улічваючы праблемы з лагістыкай».

У сваю чаргу Яўген Красулін лічыць, што цікавасць да ўзаемадзеяння з Беларуссю ў краін Афрыкі ёсць, аднак яна шмат у чым нівеліруецца тым, што супрацоўніцтва карумпіраванае і непразрыстае. «Падчас гісторыі з продажам трактароў у Кенію ў краіне было шмат публікацый з неразуменнем, што гэта за схемы такія і хто гэта будзе аплачваць. Сярод прэсы ёсць уражанне, што Беларусь — гэта нешта дыктатарскае і небяспечнае, бо краіна пад санкцыямі».

Такое ўспрыманне Беларусі, на думку гісторыка, адсякае Беларусь ад значных перспектыў. «Думаю, дэмакратычнай Беларусі трэба выкарыстоўваць любыя магчымасці, каб наладзіць кантакты з афрыканскімі краінамі, ва ўсякім выпадку з тымі, хто на гэта гатовы, бо ў Афрыкі вялікая будучыня», — кажа Яўген Красулін.