Які ехаў, такі стрэў: Чарговая спроба трапіць у Афрыку

Цікава слухаць, як Лукашэнка разважае пра нейкія перспектывы на 2030 год: напэўна, зыходзіць з таго, што ў яго будуць яшчэ магчымасці. Але яго суразмоўца Мбасога адрозніваўся яшчэ большым аптымізмам, разважаючы пра сотую гадавіну дэкаланізацыі Экватарыяльнай Гвінеі, якая будзе адзначацца ў 2068 годзе, піша «СН плюс».

000020_1694013920_132143_big.jpg

7 верасня ў Мінску прайшла сустрэча прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіанга Нгемы Мбасога з Аляксандрам Лукашэнкам. Першы кіруе Экватарыяльнай Гвінеяй ужо 44 гады, другі не адпускае Беларусь амаль 30 гадоў.

Лукашэнка рытарычна пацвердзіў афрыканскі курс Беларусі.

Бакі падпісалі шэраг пагадненняў, у тым ліку міжурадавае рамачнае пагадненне аб эканамічным, гандлёвым, культурным, навуковым і тэхнічным супрацоўніцтве, Пагадненне аб бязвізавых паездках для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў. Падпісаны таксама пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы аховы здароўя і ў галіне адукацыі, мемарандум аб узаемаразуменні паміж профільнымі ведамствамі дзвюх краін па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі.

Чым адметны візіт кіраўніка Экватарыяльнай Гвінеі ў Беларусь? «СН плюс» пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Упершыню сустрэліся і, напэўна, пасябравалі…

— Я паглядзеў прэсу Экватарыяльнай Гвінеі, сайт прэзідэнта Абіанг. Лукашэнка вырашыў не называць яго, абышоўся "дарагім сябрам". У гвінейскай прэсе падкрэслівалася, што візіт у Беларусь – гэта візіт у Еўропу, яго там прымаюць, ён вельмі важны госць у Беларусі, падрабязна распісвалі яго планы. Такі нюанс спецыяльна падкрэсліваўся для раздзімання значэння паездкі. Гэта вельмі рэзаніруе з антыкаланіяльнай рыторыкай прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі: з аднаго боку, на сустрэчы з Лукашэнкам ён падкрэслівае, што і далей збіраецца змагацца з неакаланіялізмам і з перажыткамі каланіялізму, а з другога боку – наколькі важна для яго трапіць у Еўропу. На яго радзіме многія не ведаюць, што гэта за краіна такая – Беларусь, і трэба было растлумачыць – яна знаходзіцца ў Еўропе.


Глядзіце таксама

З гэтай сустрэчы бакі паспрабавалі атрымаць максімум: маўляў, Экватарыяльная Гвінея — афрыканскі флагман, такая важная краіна. Лукашэнка ў пачатку сваёй прамовы паспрабаваў зрабіць аналіз сітуацыі ў велізарным рэгіёне. Выглядала вельмі дзіўна, бо Экватарыяльную Гвінею вельмі складана назваць тыповым выпадкам для Афрыкі. Гэта маленькая краіна, досыць устойлівая дыктатура, якой Тэадора Абіангам Нгемай Мбасога кіруе з 1979 года, да таго ж гэта былая іспанская калонія, якіх у Афрыцы было няшмат. Лукашэнка публічна паказаў, што не мае сур'ёзных ведаў пра гэтую краіну.

Разам з тым падкрэсліў, што яго цікавіць у Экватарыяльнай Гвінеі: рэсурсы, і перш за ўсё нафта, ён жадае зарабіць грошы на адукацыі афрыканскіх студэнтаў (гэта старая гісторыя). Не прамінуў згадаць і ваеннае супрацоўніцтва: пастаўкі ўзбраенняў, магчыма, Беларускія ваенізаваныя структуры там будуць нешта ахоўваць. Лукашэнка адразу акрэсліў кола сваіх інтарэсаў. Але выхад узаемнага тавараабароту да 100 мільёнаў долараў да 2030 года выглядае досыць сціпла, нават калі сёння назіраецца нулявы тавараабарот.

Я чакаў, што прагучыць: праз Экватарыяльную Гвінею Беларусь можа выйсці на іншыя краіны, якія і як рынкі, і з пункту гледжання рэсурсаў больш цікавыя. Але нічога такога не пачуў. Планы выглядалі досыць сціпла, таму што магчымасці краіны ўсё ж такі вельмі абмежаваныя.

Безумоўна, Лукашэнка на ўсю моц выкарыстаў антыкаланіяльную рыторыку, якую пераняў у Крамля: маўляў, дэмакратычныя каштоўнасці нас не цікавяць, мы гатовыя цесна супрацоўнічаць. Як дыктатура з дыктатурай, калі перавесці яго словы на нармальную мову.

У вочы кінуўся гістарычны экскурс Лукашэнкі, як Савецкі Саюз і Расія супрацоўнічалі з афрыканскімі краінамі. Прагучала так, што нам, беларусам, і праз коску – рускім гэтая традыцыя знаёмая. Нават на дыпламатычным узроўні Лукашэнка размаўляе як часткова рускі чалавек — гэта пра многае сведчыць.

Усе савецкія гісторыі Лукашэнкі выглядалі недарэчна, паколькі з далёкага часу, калі Абіанг прыйшоў да ўлады, вектар знешняй палітыкі змяніўся. Некаторы час прэзідэнт – у савецкі час — цесна працаваў з Іспаніяй як з былой метраполіяй, са Злучанымі Штатамі; потым адносіны з Захадам і Усходам выраўняліся так ці інакш: краіна маленькая, мала каго цікавіць. І нават наяўныя запасы нафты для Захаду, для Кітая не ўяўляюць асаблівай цікавасці. Але Лукашэнка асабліва не да выбару, ён пракруціў сваю рыторыку, нумар адбыў – і, напэўна, палічыў, што падмурак адносін закладзены. А далей — як справа пойдзе. Сімптаматычна, што на гэтай сустрэчы прысутнічаў бізнесовец Аляксандр Зінгман, які фактычна адказвае за лукашэнкаўскі афрыканскі бізнес.

Можна сабе ўявіць, што блізкія да Лукашэнкі структуры, зінгманаўскія структуры, на гэтым сапраўды могуць зарабіць – рэсурсы там усё ж такі ёсць. На вялікае сур'ёзнае супрацоўніцтва пакуль гэта не падобна. А калі паглядзець на ўсе афрыканскія праекты Лукашэнкі, на нееўрапейскія праекты, – усюды прасочваецца канкрэтны вектар. Лукашэнка ідзе туды, дзе ёсць рэсурсы, спрабуе дамаўляцца аб пастаўках беларускай прамысловай прадукцыі, ён спадзяецца на мясцовыя рэсурсы, разглядаецца пытанне паставак узбраенняў – гэта значыць, схема досыць тыповая.

Глядзіце таксама

Але ў параўнанні з Зімбабвэ або з Венесуэлай Экватарыяльная Гвінея ўяўляе сабой зусім маленькі кавалачак супрацоўніцтва. Больш за тое, з Зімбабвэ атрымалася наладзіць адносіны, хоць гэта з эканамічнага пункту гледжання далёка не перадавая краіна. І з Венесуэлай адзін час назіраўся сапраўдны бум, але цяпер пра яе практычна нічога не чуваць. З Суданам таксама не атрымалася. Цяпер вось назіраем чарговую афрыканскую спробу.

Цікава слухаць, як Лукашэнка разважае пра нейкія перспектывы на 2030 год: напэўна, зыходзіць з таго, што ў яго будуць яшчэ магчымасці. Але яго суразмоўца адрозніваўся яшчэ большым аптымізмам, разважаючы пра сотую гадавіну дэкаланізацыі Экватарыяльнай Гвінеі, якая будзе адзначацца ў 2068 годзе.

Дзяржаўная прапаганда, калі распавядала пра візіт далёкага госця, сканцэнтравалася на Лукашэнку і яго агульнаафрыканскай рыторыцы. Пра Экватарыяльную Гвінею асабліва няма чаго сказаць. Цытуе кіраўніка, дае агульныя выказванні. Але калі параўноўваць з візітам зімбабвійскага прэзідэнта Мнангагвы ў Мінск у 2019 годзе, то гэта быў зусім іншы ўзровень.

Пераклад «НЧ»