Ці пераплюне Лукашэнка рэкорд канібала Мбасогі па ўтрыманні ўлады?

Лукашэнка прайшоў тыповым макіявелеўскім шляхам улады: атрымаў яе ў 1994 годзе і збіраецца сядзець да апошняга. Як і прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі. Таму яны паразумеюцца паміж сабой, упэўнены гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Тэадор Абіанга Нгема Мбасога. By The Kremlin, Moscow, commons.wikimedia.org

Тэадор Абіанга Нгема Мбасога. By The Kremlin, Moscow, commons.wikimedia.org

У Мінск з афіцыйным візітам прыляцеў прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадор Абіанга Нгема Мбасога — сусветны рэкардсмен па ўтрыманні ўлады (44 гады), а па сумяшчальніцтве — і канібал. Бадай, гэта першы афіцыйны візіт у Мінск, зафіксаваны пасля падзей 2020 года, калі не лічыць прылёту Пуціна. Як кажуць, скажы мне, хто твой сябар — я скажу, хто ты.

­Візіт Тэадора Абіанга Нгема Мбасогі планаваўся на 25-26 чэрвеня, але быў перанесены «на больш познія тэрміны» з-за мяцяжу Прыгожына. 

«Гэты візіт з’яўляецца працягам курсу Беларусі на актывізацыю супрацоўніцтва з краінамі афрыканскага кантынента», — паведамляе лукашэнкава прэс-служба.

Што радніць двух аўтакратаў і якія планы адзін на аднаго яны маюць? Пагаварылі з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Візіт Тэадора Абіанга Нгема Мбасогі планаваўся раней, больш чым два месяцы назад. Думаю, з Мінска ён накіруецца ў Маскву: афрыканскія лідары робяць так звычайна. Прынамсі, будзе выглядаць цікава, калі ён прыляцеў толькі да Лукашэнкі і не сустрэнецца з Пуціным. У чэрвені так і планавалася: пасля візіту ў Беларусь Мбасога мусіў узяць курс на Маскву; павінен быў прыляцець у панядзелак, але ў пятніцу адбылося прыгожынскае паўстанне, таму гэты візіт нечакана адмянілі. А зараз відавочна вырашылі не інфармаваць загадзя і аб’явілі пра візіт толькі па факце.

Візіт Мбасога трэба разглядаць у кантэксце лукашэнкаўскай афрыканскай экспансіі: ён шукае новыя эканамічныя магчымасці, шукае новыя краіны для замацавання ў Афрыцы. Такія ж самыя краіны, як і Беларусь — ізаляваныя, з карупцыяй, з падобнымі дыктатарскімі рэжымамі.

Для Лукашэнкі гэта важны візіт, бо, напэўна, спадзяецца пабудаваць у гэтай частцы Афрыкі новае Зімбабвэ. Пераважна ідзе гаворка пра эканоміку, хаця не толькі пра яе. 


Глядзіце таксама

Для прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі гэта таксама важны візіт, бо ён рэдка накіроўваецца з візітамі ў еўрапейскія краіны: для яго гэта еўрапейскае падарожжа, і я мяркую, што яго будуць прымаць з усімі рытуаламі, як у свой час Лукашэнка сустракаў зімбабвійскага лідара Мнангагву. Напэўна, ва ўладзе мяркуюць, што ў Экватарыяльнай Гвінеі можна пабудаваць новае Зімбабвэ: так, там ёсць рэсурсы, але краіна бедная, і да афрыканскіх флагманаў яе цяжка прылічыць. Тыповая афрыканская дыктатура, дзе адзін і той жа чалавек пераабіраецца прэзідэнтам доўгі час, але даволі трывалая. Ён трымаецца ва ўладзе з 1979 года, сваю ўладу збіраецца перадаваць сыну — гэтыя мадэлі Лукашэнку знаёмыя. Калі гаворка ідзе пра ўладу, пра стаўленне да ўлады, то яго цягне да такіх людзей. Для Лукашэнкі гэта пэўны арыенцір: Мбасога прыйшоў да ўлады ў 1979 годзе, калі Савецкім Саюзам кіраваў Брэжнеў, а Лукашэнка быў лектарам шклоўскага таварыства «Веды». 

Канешне, гэта экзотыка, пэўная эканамічная зацікаўленасць існуе, а для Лукашэнкі гэта добрая магчымасць пагуляць у сусветнага палітыка: калі нам пакажуць відэа з сустрэчы, то мы пачуем усю антыкаланіяльную рыторыку, якую Лукашэнка запазычыў у Маскве, што мы ідзём на афрыканскі кантынент, можам вам дапамагчы.

— Ці атрымаецца ў Лукашэнкі зрабіць з Экватарыяльнай Гвінеі новае Зімбабвэ?

— Будзе спрабаваць, на гэтым і будуецца разлік. Але зноў жа, Лукашэнка першапачаткова рабіў стаўку на іншую частку Афрыкі: на Зімбабвэ, а праз яго — з выхадам на Мазамбік. Пакуль не чуваць, што атрымалася нешта з Мазамбікам, але будзе спрабаваць. У гэтай справе як: хто прымае — таго і ядуць. Але ў Зімбабвэ было больш шчыльнае супрацоўніцтва, каб зачапіцца за яго, каб распачаць працу, спатрэбіўся доўгі час, зімбабвійскія праекты цягнуцца досыць доўга. Каб распачаць новыя праекты на новым месцы, таксама спатрэбіцца доўгі час. Трэба сказаць, што прэзідэнт Мбасога ў вельмі сталым узросце, ён 1942 года нараджэння. Калі аперацыя «пераемнік» пройдзе па плане, то ў будучыні Лукашэнку давядзецца працаваць з ягоным сынам. Але не думаю, што справы пойдуць так хутка.

— Падабенства дыктатур і дыктатараў сыграе станоўчую ролю ў двухбаковых стасунках?

— Канешне, яны вельмі добра разумеюць адзін аднаго. Гэта тыповы макіявелеўскі шлях: прыходзіш да ўлады, захапіў яе і трымаешся за яе да апошняга. У Афрыцы такіх прыкладаў не так ужо і многа, паколькі там досыць часта адбываюцца ваенныя перавароты. Але ёсць два чалавекі, якія вельмі даўно ва ўладзе: Мбасога, які прышоў да ўлады ў 1979 годзе, і прэзідэнт Камеруна Поль Бія, які з 82-га года ва ўладзе.  

З Лукашэнкам тая ж самая гісторыя: прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе і збіраецца сядзець да апошняга. Гэта гісторыя патэрналісцкага рэжыму з адным чалавекам, які кіруе, «перамагае» на выбарах. Дарэчы, лічбам на выбарах у Экватарыяльнай Гвінеі Лукашэнка можа толькі пазайздросціць: там заўсёды за 90 адсоткаў — Лукашэнку ёсць чаму яшчэ павучыцца.


Глядзіце таксама

Асабліва сардэчныя адносіны ў Лукашэнкі складваюцца з падобнымі рэжымамі: у яго асаблівыя адносіны з Аліевым у Азербайджане, і гісторыя з перадачай улады ад бацькі да сына Лукашэнку вельмі блізкая. А галоўнае — адсутнасць палітычнай турбуленцыі: прыйшоў — і да апошняга ва ўладзе. Лукашэнка падобны да такіх жа людзей; так, зусім іншыя кантэксты, свае асаблівасці, але стаўленне да ўлады аднолькавае. У яго асаблівыя адносіны з Мнангагвай сз чалавекам, які фальсіфікуе выбары, займаецца маніпуляцыямі, вядомы аўтакрат; у яго такія ж добрыя стасункі з Аліевым; у яго былі вельмі добрыя адносіны з Чавесам: той таксама збіраўся знаходзіцца ва ўладзе да апошняга, але ягоным планам перашкодзіла анкалагічнае захворванне. Гэтыя людзі ментальна блізкія Лукашэнку, ён пачуваецца сярод іх вельмі ўтульна. Калі складаюцца рэйтынгі доўгажыхароў ва ўладзе, дык Лукашэнка заўсёды знаходзіцца побач з імі. Але да рэкордаў Мбасогі і Бія яму, натуральна, далёка, у Лукашэнкі сапраўды мала шанцаў: каб пераплюнуць Мбасогу, Лукашэнку трэба як мінімум 15 гадоў адседзець яшчэ. Не думаю, што гэта атрымаецца.

Ніхто ў Еўропе не знаходзіцца так доўга ва ўладзе, як Лукашэнка. Магічная лічба 30, якой ён, хутчэй за ўсё, дасягне ў наступным годзе — гэта «гістарычны вынік». Але Лукашэнка далёка не рэкардсмен.