Памерлых судзіць проста. Але чаму сярод абвінавачаных няма сапраўдных злачынцаў?

Андрэй Швед анансаваў яшчэ сёлета шэраг судовых працэсаў па крымінальнай справе аб генацыдзе беларускага народа: у лістападзе будуць судзіць Уладзіміра Катрука, які памёр у 2015 годзе, і яшчэ двух карнікаў. У наступным годзе чакаецца 15-20 аналагічных судоў. Пагаварылі пра асаблівасці беларускага «правасуддзя» з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Пакуль пракуратура апраўдвае сваё існаванне справамі «аб генацыдзе», архівы савецкай дзяржбяспекі наконт масавых рэпрэсій так і застаюцца засакрэчанымі. Ілюстрацыйная выява: Курапаты

Пакуль пракуратура апраўдвае сваё існаванне справамі «аб генацыдзе», архівы савецкай дзяржбяспекі наконт масавых рэпрэсій так і застаюцца засакрэчанымі. Ілюстрацыйная выява: Курапаты


«У лістападзе мы плануем накіраваць у суд першыя матэрыялы ў дачыненні да Катрука — ката, які служыў у карным батальёне… Далей у гэтым годзе пойдуць матэрыялы ў дачыненні да яшчэ двух карнікаў. У наступным годзе мы плануем не менш за 15-20 матэрыялаў накіраваць у суды, каб ва ўстаноўленым законам парадку даказаць віну катаў, якія нішчылі тут мірных людзей і ваеннапалонных», — заявіў генпракурор Андрэй Швед. 

— Практычны сэнс у вачах рэжыму палягае ў тым, каб актуалізаваць пытанне «генацыду беларускага народа» і выкарыстаць яго ў сваёй прапагандзе, — лічыць Аляксандр Фрыдман. — Названыя людзі сапраўды ўдзельнічалі ў забойствах, але ўсё гэта даўно даследавана сур’ёзнымі гісторыкамі, навукоўцамі, ад таго, што зробяць беларускія пракуроры, нічога, уласна кажучы, не зменіцца. Яны зробяць выснову, што Катрук ды іншыя ўдзельнічалі ў забойствах, але ніякага судовага выраку не будзе. А што далей? Усе «абвінавачаныя» памерлі. Калі б хацелі неяк актуалізаваць пытанне, то маглі аддаць сабраныя матэрыялы гісторыкам — хай гісторыкі напішуць кнігі пра ваенныя злачынствы, гэта мела б нейкі сэнс. А разгляд спраў памерлых у рамках судовага працэсу — марнаванне часу і рэсурсаў. Але, з іншага боку, калі рэсурсы на такі занятак перакінуць з рэпрэсіўнага апарата, то, можа, гэта і не так дрэнна. 

Ёсць прынцыповая розніца паміж судамі над памерлымі і працэсам па справе Юрыя Гараўскага, які пройдзе днямі ў Швейцарыі. Гаворка ідзе не толькі пра Гараўскага, больш важна, што швейцарскі суд высветліць падрабязнасці знікнення і забойства Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Напрыклад, у судовых дакументах (пратаколах ці судовым рашэнні) будзе падкрэслена, што адказнасць за гэтыя злачынствы нясуць Юрый Сівакоў, Дзмітрый Паўлічэнка і Віктар Шэйман — такі працэс сапраўды мае сэнс. Швейцарская юстыцыя ведае, што не можа затрымаць гэтых людзей, але яна даследавала забойства беларускіх палітыкаў; фігуранты справы жывыя і калі-небудзь могуць панесці адказнасць. У гэтым выпадку ніхто не скажа, што гэта марнаванне часу і сродкаў.

Глядзіце таксама

Суды над памерлымі — чыста прапагандысцкая акцыя. Але Шведа я таксама разумею: каб праводзіць падобныя судзілішчы, патрэбны дадатковыя рэсурсы; адпаведна, рэсурсы ён атрымае. Гэтыя акцыі, апрача іншага, вельмі добра падпадаюць пад канцэпцыю помсты: Лукашэнка — чалавек помсты, яму вельмі падабаецца гэта. Напэўна, Швед здолеў патлумачыць Лукашэнку, што гэтая расправа над памерлымі — пэўная гістарычная помста, якую можна выкарыстаць для прапагандысцкіх мэт. 

Яно і будзе выкарыстана прапагандай: будуць зняты «дакументальныя» фільмы, напісаны кнігі. Мы ж бачым, каго рэжым абраў у якасці ахвяр: наколькі я зразумеў, сярод «падсудных» няма аніводнага немца. Аніводнага! Гэта таксама сімвалічна: хапае, паверце мне, нацысцкіх забойцаў, куды больш сур’ёзных фігур, чым Катрук, якія так і не панеслі адказнасці за свае злачынствы. Калі б узялі сур’ёзную эсэсаўскую фігуру, якая арганізоўвала злачынствы (паўтаруся, хапае неасуджаных нацыстаў!), тады падобны працэс меў бы пэўнае гістарычнае значэнне. Але беларускае «правасуддзе» ўзялося за балтаў, за ўкраінцаў — і тым самым паказвае, што іх цікавіць выключна тое, што сёння можна выкарыстаць у прапагандзе. 

— То-бок беларускі рэжым нават тут скіроўвае прапаганду супраць суседзяў?

— Канешне. Тэндэнцыя яскрава праявілася на гэтым тыдні, калі Пуцін правёў нараду наконт святкавання 80-й гадавіны Другой сусветнай вайны, дзе доўгую размову перавёў на яўрэйскае паходжанне Зяленскага і адмыслова падкрэсліў, што нібыта Халакост ва Украіне — гэта справа цалкам рук нацыяналістаў, «бандэраўцаў», як ён выказаўся. Вось якую карціну намаляваў Пуцін: прыйшлі ўкраінцы і ўсё знішчылі, а ніякіх нацыстаў не было. Пуціну сёння не да нацыстаў, яму трэба перавесці ўсе стрэлкі на ўкраінцаў. 

Тое ж самае і з беларускай прапагандай. На гэтым тыдні Мукавозчык у «СБ. Беларусь сегодня» разрадзіўся артыкулам наконт пашпартоў — прайшоўся па Літве. Там падкрэсліваецца, што так званыя «змагары» будуць у Літве людзьмі трэцяга гатунку, бо першыя, зразумела, літоўцы, другія — яўрэі, а трэція будуць «змагары». Гэтая пісаніна цалкам транслюе расійскі наратыў наконт таго, што Халакост у Літве зрабілі літоўцы, а немцаў, напэўна, там ніколі не было.

— Нават у ідэалагічнай вайне, унутранай вайне, Лукашэнка аперыруе расійскімі наратывамі?

— Абсалютна так. Тое, што ён трансляваў учора на афрыканскую тэматыку, пра вайну (ёсць спецыфіка: у Расіі кажуць пра «генацыд савецкага народа», у Беларусі — пра «генацыд беларускага народа»), сутнасць гэтай рыторыкі ён запазычыў у Расіі. Калі прэзідэнт Зімбабвэ Мнангагва прыязджаў у 2019 годзе ў Мінск, тады Лукашэнка нават не спрабаваў кпіць з заходніх краін — становішча было зусім іншае. Гаворкі пра неакаланіялізм не было ўвогуле. А зараз Лукашэнка пераняў расійскія наратывы і на кожным рагу рэтранслюе іх.