Знешні гандаль таварамі становіцца відавочнай праблемай эканомікі Беларусі

Знешні гандаль становіцца крыніцай ледзь не асноўных дысбалансаў у эканоміцы Беларусі, якія сталі назапашвацца летась. Нароўні з праблемамі рынку працы, адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі становіцца відавочнай праблемай, хаваць наступствы якой немагчыма.

kftkbj59izh42swwxrzh6p5q0o6d9c0t.jpg

За студзень-лістапад 2023 года Беларусь экспартавала на знешнія рынкі тавараў на $36,7 млрд. Гэта на 5,7% больш, чым годам раней. Пры гэтым за той жа перыяд было завезена імпартных тавараў на $39,3 млрд. Рост імпарту замежных тавараў склаў 14,9%. У такіх умовах адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі склала $2,5 млрд, адзначае праект «Вашы грошы».

Рост паставак замежных тавараў на беларускі рынак істотна апярэджвае рост экспарту. Але важна тое, як фармуецца гэты дысбаланс. Экспарт у краіны СНД (галоўным чынам у Расію) вырас за 11 месяцаў 2023 года да аналагічнага перыяду мінулага года на 6%, тады як экспарт на іншыя рынкі павялічыўся толькі на 5%.

Пры гэтым імпарт з краін СНД на беларускі рынак павялічыўся ўсяго на 2,2%, тады як з краін па-за СНД дадаў адразу 36,2%.

У выніку мы атрымалі карціну, пры якой пастаянна фармуецца значнае адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі. На працягу года яно толькі нарастала і ў лістападзе склала $382,4 млн.

Беларусь гандлявала «ў мінус» не толькі з краінамі па-за СНД, што звыкла, але і з краінамі СНД. Тут лістападаўскае сальда знешняга гандлю таварамі склалася адмоўным упершыню за мінулы год і склала «мінус» $33,5 млн.

У лістападзе экспарт беларускіх тавараў на рынкі СНД аказаўся на 13% ніжэй леташніх значэнняў, у той час як імпарт за той жа месяц — на 11% вышэй за лістапад 2022 года.

Відавочна, што такія паказчыкі пагражаюць адтокам валюты з краіны і могуць адбіцца нават на ЗВР.

Глядзіце таксама