Вялікая лужына для «беларускага эканамічнага цуду»
Чым больш выхваляецца Белстат дасягненнямі нашай народнай гаспадаркі, тым больш становіцца трывожна. Канешне, можна сумнявацца ў лічбах афіцыйнай статыстыкі. Але калі гэтая статыстыка праўдзівая — трывожна становіцца тым больш.
Згодна з Белстатам, сярэдні заробак у снежні чарговы раз абнавіў рэкорд. Ён склаў 2271 рубель. Гаворка ідзе пра намінальны налічаны заробак, гэта значыць — да выплаты падаткаў. У параўнанні з лістападам паказчык вырас адразу на 295,4 рубля. То-бок, аднамомантава ён вырас на 90 з хвосцікам долараў. Неверагодна, праўда?
Але і такое можа быць. Гэткі вялікі прырост тлумачыцца тым, што ў снежні выплачваюцца прэміі і так званыя трынаццатыя заробкі. І, згодна з тым жа Белстатам, заробак у снежні 2023 года з папраўкай на інфляцыю вырас на 11,8% у параўнанні са снежнем-2022.
Калі глядзець на тыя самыя лічбы ў комплексе, і становіцца трывожна. Па першае, мы ўжо пісалі, што медыянны заробак паводле таго ж Белстату у краіне зусім крыху, але не дацягвае да 1500 рублёў. То-бок, палова працоўных у Беларусі гэтага рэкорду ў сваіх кішэнях не адчуе.
Па-другое, згодна з тымі жа афіцыйнымі лічбамі, рост ВУП у Беларусі за год склаў 3,9%. Прапагандысты з гэтай нагоды ўзрадаваліся — маўляў, «беларускі эканамічны цуд» вырас нават вышэй прагнозу, праўда, не патлумачылі, што «вышэй» — гэта ўсяго на 0,1%. Але нельга не заўважыць, што рост заробку ўтрая перавышае рост ВУП. То-бок, відавочна, што мы атрымліваем «незаробленыя» грошы. І гэтых грошай — утрая больш за тое, што мы стварылі.
Канешне, можна патлумачыць такі рост і дэмаграфічнай сітуацыяй, бо працоўных становіцца менш, і дэфіцытам на рынку працы, калі бізнес робіць усё, каб утрымаць у сябе кваліфікаваныя кадры. Але плаціць чалавеку ўтрая больш таго, што ён зарабіў — гэта, пагадзіцеся, сітуацыя, скажам так, неэканамічная. У выніку гэта прыводзіць да вымывання абаротных сродкаў, адсутнасці тых самых сродкаў для вытворчасці і развіцця, і, як вынік — да банкруцтва таго самага бізнесу.
Адкуль бяруцца тыя самыя незаробленыя грошы? Можа быць, з экспарту? Не. Наадварот, за студзень-лістапад 2023 адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі склала $2,5 млрд — то-бок, мы купілі замежных тавараў больш на $2,5 млрд, чым прадалі за мяжу.
Праўда, усе беларусы ведаюць адказ на гэтае пытанне. Гэта «друкарскі станок Нацбанка». Як падлічыў эканамічны праект «Вашы грошы», шырокая грашовая маса (то-бок, усе грошы, якія ёсць) за снежань павялічылася на 5,5%. За год рост гэтай масы склаў 23,6%. «Пры гадавой інфляцыі па Белстаце ў 5,8% і ўздыме ВУП на 3,9% відавочна, што ў эканоміцы за год сфармавалася празмернасць сродкаў», — пацвярджаюць эканамісты тое, пра што напісана вышэй.
І беларусы, якія перажылі ўжо не адзін крызіс, не дурныя. Па-першае, доля наяўных грошай — 12,5% ад усіх грошай у эканоміцы. Гэта вельмі высокі працэнт.
Па-другое, доля «хуткіх грошай» — наяўных і сродкаў на бягучых рахунках бізнесу і насельніцтва, якія можна зняць у любы момант — таксама высокая. Гэта вядзе да рызыкі росту дэвальвацыі беларускага рубля і разгону інфляцыі.
Па-трэцяе, з апошняга квартала 2023 года прыпынілася скарачэнне валютных дэпазітаў насельніцтва. З кастрычніка па снежань фізічныя асобы павялічылі валютныя сродкі ў банках на $34 млн (кастрычнік), $94 млн (лістапад) і $70,9 млн (снежань). Гэта значыць, нашыя грамадзяне пачалі скупляць валюту, што ўжо з’яўляецца, па нашым агульным досведзе, прыкметай «грандыёзнага шухеру».
Канешне, і мы, і незалежныя эканамісты называем Нацбанк самай прафесійнай установай у сённяшняй Беларусі. Але настае час, калі ніякага прафесіяналізму на такія дысбалансы ў эканоміцы не хопіць. І таму ўлады займаюцца звыклай справай — шукаюць грошы, дзе толькі можна.
Напрыклад, яны спачатку грэбліва казалі пра «збеглых», а цяпер раптам пабачылі, што «недаацэнены ўплыў грашовых пераводаў беларускіх грамадзян, якія працуюць за мяжой, на эканоміку Рэспублікі Беларусь». Справа ў тым, што за першае паўгоддзе мінулага года гэтыя пераводы скараціліся ўдвая. І цяпер яны думаюць, як зрабіць так, каб «збеглыя» зноў пераводзілі грошы дадому.
Урад зацвердзіў канцэпцыю міграцыйнай палітыкі, у якой сказана, што той самы ўрад «прапануе прыняць дадатковыя меры па стымуляванні вяртання беларускіх грамадзян, якія выехалі на працу за межы краіны. Акрамя таго, мяркуецца правесці і інфармацыйную кампанію, каб пераканаць беларусаў вярнуцца ў краіну, распавядаючы пра магчымасці працаўладкавання на радзіме».
Лукашэнка анансаваў бліжэйшыя перамовы з Пуціным «сам-насам». Канешне, наш правадыр зноў будзе прасіць грошай. Але ўлічваючы, што мінулым разам яму давялося ўскокваць у пуцінскі лімузін… Невядома, што з гэтага атрымаецца.
І, канешне ж, нельга не заўважыць несяброўскія паводзіны сяброўскіх інвестараў. Спроба «кінуць» расійскіх трымальнікаў беларускіх еўрабондаў абарочваецца вельмі непрыемным бокам. Група інвестараў, якая складаецца з васьмі фізічных асоб і пяці кампаній, 18 студзеня накіравала на імя кіраўніка Мінфіна РБ Юрыя Селіверстава апавяшчэнне аб дэфолце па пяці выпусках еўрааблігацый — Belarus 2023, Belarus 2026, Belarus 2027, Belarus 2030 і Belarus 2031.
«Дэфолт Рэспублікі Беларусь па ўказаных вышэй еўрааблігацыях стаў вынікам невыканання Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь сваіх абавязацельстваў па пагашэнні названых вышэй еўрааблігацый і/або выплаце працэнтных купонаў па іх», — канстатуюць інвестары ў паведамленні.
«Заява аб дэфолце пададзеная ў строгай адпаведнасці з нормамі права і эмісійнай дакументацыяй. Пры гэтым рэчаіснасць дэфолту не залежыць ад згоды або нязгоды з ім з боку Рэспублікі Беларусь і якіх-небудзь пярэчанняў з боку Беларусі», — сцвярджае партнёр практыкі ў развязанні спрэчак «Рыбалкін, Гарцунян, Дзякін і партнёры» Уладзімір Пестрыкаў, які прадстаўляе інвестараў.
Справа ў тым, што апавяшчэнне аб дэфолце вымушае Мінфін Беларусі ажыццявіць неадкладнае пагашэнне доўгу. Калі Беларусь гэтага не зробіць, інвестары пададуць пазоў у Лонданскі міжнародны трацейскі суд (LCIA). А рашэнне LCIA па дэфолце азначае арышт актываў Беларусі за мяжой для пагашэння гэтага доўгу. Рашэнне LCIA прызнаецца і можа быць выканана ў большасці краін свету ў дачыненні да актываў Рэспублікі Беларусь.
Мы пра гэта папярэджвалі яшчэ напачатку дэфолту, але эксперты казалі пра «працягласць» гэтага механізму. Падаецца, расійскія інвестары ў спробах атрымаць свае грошы перад гэтым не спыняцца.
Беларускія ўлады думалі, што яны самыя хітрыя, і могуць падмануць і замежных трымальнікаў еўрааблігацый, і законы эканомікі. Але, падаецца, селі ў лужыну. Буйную такую лужыну, што ажно да «збеглых» даводзіцца звяртацца…