Фальшывыя грошы: долары ў лідарах, але беларускі рубель сталі падрабляць часцей
Колькі падробленых грошай было выяўлена ў Беларусі і як змянілася сітуацыя ў параўнанні з мінулым годам?
Па выніках дзесяці месяцаў 2023 года ў банках выявілі 605 падробленых банкнотаў. Гэта крыху менш, чым за аналагічны прамежак часу мінулага года, піша тэлеграм-канал «Вашы грошы», тады іх было 705 штук.
Якія валюты і наміналы банкнотаў прыцягвалі фальшываманетчыкаў?
Па даных Нацбанка, асноўная колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў склалі долары ЗША — 83,8%. Доля падробленых еўра — 6,3%, расійскіх рублёў — 6,6%, беларускіх рублёў — 3,1%. У параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года агульная колькасць выяўленых падробак зменшылася на 14,2%, у тым ліку колькасць падробленых долараў ЗША скарацілася на 14,8%. А вось колькасць падробленых еўра, наадварот, узрасла на 18,8%. Беларускі рубель сталі падрабляць значна часцей. Рост у 2,7 разы, хоць гэта ўсяго на 12 выяўленых банкнотаў больш.
Нацбанк паведамляе, што ў Мінску выяўлена асноўная маса падробак — 60,3% ад усіх падробленых грашовых знакаў, тады як у абласцях рэспублікі ў межах 2,5 — 11,6% іх агульнага аб'ёму. Усяго падробленыя грашовыя знакі былі канфіскаваны ў 49 населеных пунктах.
Часцей за ўсё ашуканцы падрабляюць долары ЗША наміналам $100, $50 і $20. Цікава, што ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года колькасць выяўленых у 2023 годзе падробак наміналам $100 зменшылася на 18,4%. або з 462 да 377 штук. Расійскі рубель часцей падрабляюць у намінале 5000 (35 з 40 выяўленых банкнотаў). Наміналы падробленых еўра значна больш разнастайныя — 500, 200, 100, 50, 20 і нават 2 еўра (манета).
Рост аб'ёму наяўных у эканоміцы заканамерна прывёў да росту выяўлення падробак. Падробленыя белаоускія рублі за тры кварталы 2023 года прадстаўлены галоўным чынам наміналам 20 рублёў — 70,6%. Выяўлена таксама па дзве падробкі банкнотаў наміналамі 50 і 10 рублёў і адна — 100 рублёў. Нацбанк адзначае, што падробленыя беларускія рублі выраблены без імітацыі элементаў абароны.
У 2023 годзе, нягледзячы на тое, што асноўны аб'ём падробак адносіцца да валют так званых недружалюбных краін, можна ўбачыць, што фальшываманетчыкі робяцца патрыятычней. Хоць нас з вамі гэты трэнд наўрад ці парадуе.