Беларусы трацяць грошы «тут і цяпер», бо перспектывы эканомікі выглядаюць туманна і бязрадасна

Беларусы ў лістападзе 2023 года ўстанавілі новы рэкорд агульнага аб'ёму крэдытавання. Аб'ём крэдытнай запазычанасці перад банкамі фізічных асоб склаў 20,1 млрд рублёў. Запазычанасць на 1 снежня 2023 года на 20% большая, чым у тым жа месяцы папярэдняга года.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg

У выніку цяпер у сярэднім на кожнага жыхара краіны прыпадае прыкладна 2 тысячы 200 рублёў крэдытаў, піша праект «Вашы грошы».

Структура запазычанасці насельніцтва перад банкамі захоўваецца стабільнай — гэта галоўным чынам крэдыты на спажывецкія патрэбы і на фінансаванне нерухомасці. Спажывецкае крэдытаванне складае цяпер 34% ад узятых беларусамі крэдытаў, і 66% прыпадае на крэдытаванне будаўніцтва і куплі жылля.

З аднаго боку, стабільны рост заробкаў на працягу мінулага года дазваляў беларусам больш актыўна крэдытавацца ў разліку на захаванне заробкаў бліжэйшай перспектыве. З іншага боку, рост крэдытных апетытаў можа сведчыць аб жаданні набыць неабходную тэхніку або абсталяванне, што называецца, тут і цяпер, паколькі бліжэйшыя перспектывы эканомікі выглядаюць туманна і нават бязрадасна.

image_25_1280x1280.jpeg

З траўня мінулага года аб'ём штомесячнай выдачы крэдытаў насельніцтву стабільна быў вышэй за 1 млрд рублёў. У лістападзе 2023 года паказчык склаў 1 млрд 225 млн рублёў, што на 40% вышэй крэдытных апетытаў насельніцтва годам раней.

Пры гэтым крэдытная дысцыпліна ў насельніцтва па-ранейшаму на высокім узроўні. Аб'ём дрэнных даўгоў насельніцтва цяпер вельмі нізкі і складае ўсяго 33 млн рублёў. Праблемныя даўгі насельніцтва сканцэнтраваны галоўным чынам у сферы спажывецкага крэдытавання. Гэта азначае, што беларусы ўмеюць разлічваць свае фінансавыя магчымасці і асабліва акуратна разлічваюцца па доўгатэрміновых крэдытах на нерухомасць.