Пазычылі. Кожны беларус вінен больш за 2 тысячы рублёў крэдытаў
У кастрычніку 2023 года аб'ёмы крэдытнай запазычанасці перад банкамі фізічных асоб склаў 19,8 млрд рублёў. Гэта на 19% больш запазычанасці на 1 лістапада 2022 года. Выходзіць, цяпер у сярэднім на кожнага жыхара краіны прыпадае больш за дзве тысячы рублёў крэдытнай запазычанасці.
Структура запазычанасці насельніцтва перад банкамі захоўваецца стабільнай, зазначае тэлеграм-канал «Вашы грошы». Гэта галоўным чынам крэдыты на спажывецкія патрэбы і на фінансаванне нерухомасці. Спажывецкае крэдытаванне складае цяпер 33% ад узятых беларусамі крэдытаў, і 67% прыпадае на крэдытаванне будаўніцтва і куплі жылля.
Рост крэдытавання насельніцтва адбываецца на фоне адносна высокіх заробкаў і даступных працэнтных ставак. З траўня бягучага года аб'ём штомесячнай выдачы крэдытаў насельніцтву стабільна быў вышэй за 1 млрд рублёў. У кастрычніку 2023 года паказчык склаў 1 млрд 250 млн рублёў, што ў 1,5 разы вышэй крэдытных апетытаў насельніцтва годам раней.
Тлумачэння гэтаму можа быць два. Насельніцтва чакае росту коштаў і імкнецца зрабіць буйныя пакупкі, па-першае, да падаражэння, а па-другое, пакуль заробкі дазваляюць нарошчванне крэдытнай нагрузкі. Такім чынам, бягучы рост крэдытавання хутчэй сітуацыйны.
Не менш за «спробу ашчадзіць» пры падаражэнні тавараў беларусы, імаверна, спадзяюцца на інфляцыю. Рост коштаў непазбежна «абрыне» курс беларускага рубля, і ў выніку аддаваць давядзецца дэ-факта менш, чым запазычылі.
Пры гэтым крэдытная дысцыпліна ў насельніцтва па-ранейшаму застаецца на высокім узроўні. Аб'ём «дрэнных даўгоў» насельніцтва цяпер вельмі нізкі (усяго 35 млн рублёў) і засяроджаны галоўным чынам у сферы спажывецкага крэдытавання.
Мяркуючы па ўсім, беларусы ўмеюць разлічваць свае фінансавыя магчымасці і асабліва акуратна разлічваюцца па доўгатэрміновых крэдытах.