Беларусы ўсталявалі новы рэкорд па крэдытах: больш за 2000 рублёў на кожнага жыхара
У сярэдзіне лета 2023 года беларусы назапасілі рэкордныя аб'ёмы крэдытнай запазычанасці перад банкамі. Аб'ём выдадзеных фізічным асобам крэдытаў склаў 18,5 млрд рублёў. Гэта на 13% больш за запазычанасць на 1 жніўня 2022 года.
Выходзіць, цяпер у сярэднім на кожнага жыхара краіны прыпадае больш за 2 тысячы рублёў крэдытнай запазычанасці, і гэта нават улічваючы дзяцей.
Асноўны аб'ём запазычанасці насельніцтва перад банкамі прыпадае на крэдыты на спажывецкія патрэбы і на фінансаванне нерухомасці. Спажывецкае крэдытаванне складае цяпер 32% ад узятых беларусамі крэдытаў, і 68% прыпадае на крэдытаванне будаўніцтва і куплю жылля, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
На фоне нізкіх ставак па крэдытах, параўнальна высокіх заробкаў і сігналаў Нацбанка аб тым, што грашова-крэдытная палітыка пакуль будзе мяккай, насельніцтва захоўвае высокія аб'ёмы крэдытавання. Так, у сакавіку і з траўня па ліпень бягучага года аб'ём штомесячнай выдачы крэдытаў насельніцтву перавышаў 1 млрд рублёў. Ліпеньскі попыт на крэдыты насельніцтва ў бягучым годзе аказаўся на 59% вышэйшым за леташні.
Разам з тым такі рост крэдытавання насельніцтва можа быць небяспечны для эканомікі. Ва ўмовах праблем з наяўнасцю здаровых крыніц росту стаўка на спажывецкае крэдытаванне нясе рызыкі паскарэння інфляцыі.
Аднак пакуль беларусы па-ранейшаму застаюцца вельмі адказнымі пазычальнікамі. Аб'ём дрэнных даўгоў насельніцтва, па-першае, вельмі нізкі (усяго 33,6 млн рублёў), а па-другое, засяроджаны галоўным чынам у сферы спажывецкага крэдытавання. Гэта значыць, што ў доўгатэрміновых пазыках, якія ў асноўным адносяцца да крэдытаў на фінансаванне нерухомасці, беларусы асабліва добра ўмеюць разлічваць свае сілы.