Хто з атачэння Лукашэнкі злівае інфармацыю ў Tinder?
Папулярны дадатак для знаёмстваў Tinder, які належыць Match Group, спыніць працу ў Беларусі з 15 лютага. Не сказаць, каб гэтая навіна агаломшыла беларусаў, але яна стала крыху непрыемнай. А падзеі, якія адбыліся пасля яе, прымусілі задумацца.
Здавалася б, для сыходу Tinder з Беларусі няма ніякіх падстаў. З Расіі папулярны дадатак для знаёмстваў сышоў летась, і тады прадстаўнік Friends Fiduciary Corp, акцыянера Match Group, заявіў, што сыход Tinder наўпрост звязаны з уварваннем расійскіх войскаў ва Украіну. Акрамя таго, дадаў гэты прадстаўнік, «для брэнда нядобра працягваць сваю дзейнасць у краіне, кіраўнік якой абвінавачаны Міжнародным крымінальным судом».
Да таго ж Match Group абвясціла аб сыходзе з Расіі, патлумачыўшы гэта прыхільнасцю кампаніі да абароны правоў чалавека. Але тады з беларускага рынку яна павінна была сысці значна раней — нават раней, чым з расійскага. Чаму ж цяпер? Што здарылася?
Навіна аб сыходзе Tinder з РБ з'явілася ў сеціве 16 студзеня. А ўжо 17 студзеня ў Лукашэнкі адбылося пасяджэнне, прысвечанае новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі (КНБ) і ваеннай дактрыне. На ім сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч агучыў новаўвядзенне ў КНБ, якое, паводле яго слоў, прапанавалі прадстаўнікі рэлігійных канфесій, Беларускага саюза жанчын, БРСМ і «шэрагу грамадзян».
«У абноўленым варыянце канцэпцыі зроблены акцэнт на ўсямернай абароне і зберажэнні інстытута традыцыйнай беларускай сям'і як саюза паміж жанчынай і мужчынам па нараджэнні. Гэта выключае розныя іншыя гендарныя падыходы, якія прасоўваюцца на Захадзе», — цытавалі Вальфовіча дзяржаўныя навінавыя агенцтвы.
Пра тое, чаго не дадумалі і недакруцілі змагары за гендарную чысціню, ужо напісана, і напісана вельмі трапна. У прыватнасці, што жанчына з дзіцем, атрымліваецца, ужо не сям'я. Пры гэтым, як сказаў Вальфовіч, «пастанова Савета бяспекі аформлена. Прынята рашэнне вынесці гэты дакумент на зацвярджэнне на Усебеларускі народны сход». Гэта значыць, змены ў КНБ ужо не прадугледжваюцца.
Можна было б падумаць, што канцэпцыя нацыянальнай бяспекі — гэта нейкі «неабавязковы» дакумент, усяго толькі канцэпцыя. Аднак менавіта на канцэпцыю нацыянальнай бяспекі неаднаразова спасылалася Міністэрства інфармацыі, калі выносіла афіцыйнае папярэджанне «Новаму часу» ў 2021 годзе. Такім чынам, КНБ — гэта дакумент ледзь ці не «прамога дзеяння», і яго ўяўныя або сапраўдныя парушэнні могуць мець непрыемныя наступствы.
А паколькі цяпер у КНБ унесена тое, што сям'я — гэта «саюз паміж жанчынай і мужчынам па нараджэнні», наступствы могуць быць непрадказальнымі. І Tinder відавочна не ўпісваецца ў нашу абноўленую КНБ.
Пры гэтым цікавы і таймлайн, і не толькі тым, што абвестка аб сыходзе прыкладання знаёмстваў з’явілася акурат напярэдадні непрыемнай для яго навіны. Прыкладанне спыняе сваю дзейнасць у краіне 15 лютага, адразу пасля Дня святога Валянціна, што само па сабе сімвалічна. І — за 10 дзён да адзінага дня галасавання, на якім павінен аформіцца Усебеларускі народны сход. Які, у сваю чаргу, будзе зацвярджаць гэтую КНБ. Такім чынам, здаецца, улічаны па тэрмінах усе палітычныя рухі беларускай улады, якія маглі даставіць непрыемнасці і самому прыкладанню, і яго кліентам.
Сумнеўна, што ў замежнай кампаніі сядзяць магутныя аналітыкі і эксперты па Беларусі. Такіх і ў структурах Еўрасаюза не асабліва набярэцца. Выснова можа быць толькі адна: хтосьці з атачэння Лукашэнкі і блізкі да Рады бяспекі РБ наўмысна «зліў» у Tinder «гендарны» праект КНБ, папулярна патлумачыў, чым гэта можа скончыцца, і пазначыў тэрміны, у якія ўсё гэта павінна адбыцца. Вынік — Tinder пакідае Беларусь вельмі своечасова.
Як тут не згадаць, што менавіта ў Tinder бавілі час АМАПаўцы, якія ў часе пратэстаў 2020-га сядзелі па сваіх машынах «ва ўсіленні»…
І калі тэорыя за «злівам» слушная, вядома ж, узнікае пытанне: а ці толькі ў Tinder «стукаюць» з Савета бяспекі? Відавочна, гэта наўрад ці абмяжоўваецца любімым прыкладаннем. Нават можа быць, што сцэнар Бундэсвера аб нападзе Расіі на краіны NATO, «зліты» ў «Bild», у сваю чаргу не абышоўся без «зліваў» з боку «верагоднага праціўніка» таго самага Бундэсвера. Асабліва калі ўлічыць ролю, якая адводзіцца ў гэтым сцэнары Беларусі.
І цяпер цікава будзе паглядзець, наколькі добра адпрацуе контрвыведка Лукашэнкі, і ці будзе яна працаваць наогул. Ці яна дэградавала гэтак жа, як і ўсе іншыя дзяржаўныя інстытуты.
Дарэчы, пра дэградацыю. Прапаганда ў чарговы раз села ў лужыну. Нам так выхваляліся ростам сярэдняга заробку беларусаў, які ў лістападзе склаў аж 1975,6 рубля! Рост дабрабыту, пакупніцкай здольнасці і ўсё такое. А ў выніку аказалася, што палова беларусаў пра такія заробкі можа толькі марыць. У тым жа лістападзе 2023 года медыянны заробак у Беларусі склаў 1499,5 рубля.
Як і ў выпадку з сярэднім заробкам, гаворка ідзе пра налічаны заробак, гэта значыць да выплаты падаходнага падатку.
Нагадаем, медыянны заробак — паказчык, які дзеліць усе заработныя платы на дзве роўныя часткі: палова работнікаў атрымліваюць большы за медыяны заробак, а другая частка — меншы. Яна адлюстроўвае сітуацыю з заробкамі больш дакладна, чым сярэдні заробак. Белстат разлічвае медыянны заробак толькі двойчы на год: за травень і за лістапад.
Такім чынам, у паловы працуючых беларусаў у лістападзе, калі сярэдні заробак быў амаль 2000 рублёў, рэальны заробак не дацягваў да 1500 рублёў без выліку падаткаў, то-бок быў ажно на чвэрць меншы за дэкларуемы. З вылікам падаткаў атрымліваецца нешта каля 1300. Так што хвальба аб тым, што мы ўпэўнена перасягнулі абяцаную нам 15 гадоў таму планку «па пяцьсот», не мае пад сабой ніякіх падстаў. Нават без уліку таго, што сам долар дэвальвуецца прыкладна на 2% за год (інфляцыя ў ЗША), а значыць, за 10 гадоў страціў прыкладна 20% сваёй пакупніцкай здольнасці.
І дарэчы, якраз сённяшні медыянны заробак — паказчык таго, што краіна знаходзіцца ў «ціхім» эканамічным крызісе. Як правіла, менавіта падчас крызісаў багатыя — багацеюць, а бедныя — бяднеюць. І калі заробак паловы працоўных Беларусі не дацягвае да сярэдняга, значыць, гэтыя грошы асядаюць у іншай, больш багатай паловы.