Аляксандр Класкоўскі: Галоўнай пагрозай нацбяспецы Беларусі з’яўляецца сам рэжым Лукашэнкі

Палітычны аналітык у «Позірку» разбірае праект новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, які разглядаўся ў Мінску на пасяджэнні Савета Бяспекі 16 студзеня. У гэтай канцэпцыі дэкларуюцца слушныя рэчы, аднак дзеянні ўлад наўпрост супярэчаць і дакументу, і самому паняццю «нацыянальная бяспека».

_belarus_armija_vojska_vajna_zbroja_2023_fota_novy_czas__2__logo.jpg

Забеспячэнне незалежнасці Беларусі з'яўляецца стратэгічным нацыянальным інтарэсам — так абвяшчае праект новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, які разглядаўся ў Мінску на пасяджэнні Савета Бяспекі 16 студзеня. Але на справе менавіта палітыка цяперашняга рэжыму прывяла да таго, што краіна апынулася ў павучынай сетцы імперыі. І тая метадычна высмоктвае беларускі суверэнітэт.

На пасяджэнні абмяркоўваўся таксама праект ваеннай дактрыны Беларусі. Лукашэнка, кажучы пра абодва дакументы, адзначыў, што «многія закладзеныя там ацэнкі і прагнозы ўжо спраўджваюцца».

У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю на Блізкім Усходзе: «Гэта найстрашнейшая гуманітарная катастрофа» — і далей традыцыйныя абвінавачванні ў адрас Захаду. Паскардзіўся, што «мы вярнуліся ў часы, калі вайсковая сіла стала галоўным аргументам пры выбудоўванні міждзяржаўных стасункаў». Але пры гэтым пра катастрофу па суседстве — вайну супраць Украіны, якую развязаў Крэмль, найбліжэйшы хаўруснік Мінска — кіраўнік далікатна змаўчаў.

Гульня ў імітацыю

На пасяджэнні Лукашэнка пацікавіўся, які канкрэтны вынік атрыманы ад грамадскага абмеркавання канцэпцыі. Бо ён, нібыта, даручаў грунтоўна абмеркаваць гэты дакумент, спытаць меркаванне людзей.

Як паведаміў пасля мерапрыемства дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, на працягу года было арганізавана каля 70 дыскусійных пляцовак па абмеркаванні асноўных новаўвядзенняў канцэпцыі. Сам ён, напрыклад, у снежні абмяркоўваў праект на сустрэчы з асабовым складам брэсцкай Чырванасцяжнай памежнай групы імя Дзяржынскага.

Але няцяжка выказаць здагадку, што ад людзей у пагонах, звыклых да субардынацыі, нейкіх сур'ёзных заўваг генерал Вальфовіч не пачуў. На такія дыскусійныя пляцоўкі запрашаецца выключна лаяльная публіка.

Так рабілася раней пры абмеркаванні ў 2021 годзе новай Канстытуцыі. Калі да падзей 2020 года ўлады яшчэ дапускалі нейкую дозу плюралізму — напрыклад, на ток-шоу на дзяржТБ запрашаліся незалежныя эксперты, апазіцыянеры — то цяпер, пасля падаўлення мірнага паўстання, у гэтым плане пануе поўная стэрыльнасць. Так званыя дыскусійныя пляцоўкі сталі асабліва імітацыйнай рэччу.

Глядзіце таксама

Ліквідавалі пагрозу «пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак»

Зрэшты, некаторыя прапановы сапраўды ўлічаны. Напрыклад, Вальфовіч паведаміў, што па прапанове прадстаўнікоў рэлігійных канфесій, Беларускага саюза жанчын, БРСМ і шэрагу грамадзян у абноўленым варыянце канцэпцыі зроблены акцэнт на ўсямернай абароне і зберажэнні інстытута традыцыйнай беларускай сям'і як саюза паміж жанчынай і мужчынам па нараджэнні. Гэта, маўляў, выключае розныя іншыя гендарныя падыходы, якія прасоўваюцца на Захадзе.

Карацей, не прамінулі даць адлуп «Гейропе». Акрамя таго, некаторыя палажэнні канцэпцыі падкарэктаваны ў сувязі з прыняццем законаў аб грамадзянскай супольнасці і народным апалчэнні. Але гэта гучыць як насмешка ў сітуацыі татальнага разгрому грамадзянскай супольнасці.

Паводле звестак праваабарончай арганізацыі «Lawtrend», за 2023 год у Беларусі ліквідавана не менш за 336 некамерцыйных арганізацый (НКА), а за ўвесь перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года — не менш за 1509 НКА.

Знішчаліся ўсе структуры, якія здаліся хоць крышачку нелаяльнымі, нават такія, як «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Арганізацыю абвінавацілі ў тым, што яна «пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю грамадска-палітычнага становішча ў краіне».

Як спрытна нейтралізавалі страшную пагрозу нацыянальнай бяспецы! Птушак, вядома, шкада. Хоць, калі без горкай іроніі, то дэмакратычныя краіны моцныя менавіта моцнай, развітай грамадзянскай супольнасцю. А вось рэжым Лукашэнкі растаптаў трэці сектар, які вырас знізу («выражам усіх нягоднікаў» — так пракаментаваў гэты працэс у 2021-ым сам правадыр).

Цяпер на выпаленым полі культывуюць пластмасавыя кветкі сімулякраў-ГОНГА. Праўладным структурам нібыта грамадзянскай супольнасці нават выдзелілі квоту — 400 з 1200 месцаў — у складзе Усебеларускага народнага сходу, які, дарэчы, павінен зацвердзіць новыя канцэпцыю нацбяспекі і ваенную дактрыну. Няма сумневаў, што старанна адфільтраваныя дэлегаты ў красавіку дружна прагаласуюць за гэтыя дакументы.

Глядзіце таксама

На паперы — прыгожа, на справе — з дакладнасцю да наадварот

Калі не ведаць беларускіх рэалій, то многія палажэнні праекта Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі можна толькі вітаць. Але гэта прыгожа толькі на паперы, на практыцы многае робіцца ўладамі з дакладнасцю да наадварот.

Напрыклад, у ліку стратэгічных нацыянальных інтарэсаў — «захаванне самабытнасці, умацаванне духоўна-маральных каштоўнасцей беларускага народа, развіццё сучаснай культурнай прасторы краіны, абарона гістарычнай памяці». Але самабытнасць цяперашні рэжым разумее на ўзроўні сувеніраў з саломкі, скокаў у этнаграфічных касцюмах на «Дажынках». Супраць жа тых дзеячаў культуры, чыя грамадзянская пазіцыя ўладам не па нутры, разгорнуты рэпрэсіі. Многіх выцеснілі ў эміграцыю. У інфармацыйнай, культурнай сферах рэжым шырока адкрыў вароты «рускаму міру».

Таксама канцэпцыя арыентуе на «эканамічны рост і павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі». На самай справе эканоміка вось ужо больш за дзесяць гадоў у стагнацыі, і незалежныя эксперты прагназуюць яе працяг.

Напрыклад, МВФ мяркуе, што ў 2024 годзе беларускі ВУП вырасце на 1,3%, у 2025-ым — усяго на 0,6%. Гэтыя тэмпы будуць ніжэйшымі, чым у Еўропе ў цэлым і ў большасці суседніх краін.

Адной з пагроз нацбяспецы ў канцэпцыі называюцца санкцыі супраць Беларусі. Безумоўна, яны б'юць па эканоміцы, тармозяць яе. Але ці не самі ўлады нарваліся на гэтыя абмежавальныя меры — рэпрэсіямі супраць палітычных праціўнікаў, прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair», арганізацыяй нападаў нелегалаў на межы ЕС, нарэшце — саўдзелам у агрэсіі супраць Украіны?

Атрымліваецца, што сам рэжым і правакуе або пагаршае тыя пагрозы, што акурат пералічаны ў дакуменце.

У сітуацыі, калі мы бачым таталітарызацыю сістэмы, пустым гукам уяўляецца і такі, напрыклад, пункт канцэпцыі, як «забеспячэнне ўмоў для рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзяніна і чалавека». Бо выбары канчаткова ператвораны ў пусты рытуал, а суайчыннікаў, якія не згодны з палітыкай улад, тыя і зусім не лічаць за людзей. Палітвязняў — а ў тых, хто апынуўся за кратамі, таксама ёсць правы — проста гнояць, пераводзяць у рэжым інкамунікада.

Або возьмем такі нацыянальны інтарэс, як «уцягванне суайчыннікаў і іх арганізацый за мяжой у дасягненне мэт устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь». На практыцы сумна вядомы леташні ўказ Лукашэнкі № 278 пазбавіў беларусаў, якія аказаліся за мяжой, магчымасці атрымліваць новыя пашпарты ў пасольствах і консульствах сваёй краіны, развязваць пытанні з пакінутай маёмасцю, таксама гэтыя людзі цяпер не змогуць галасаваць на выбарах. А праца камісіі па вяртанні эмігрантаў ператварылася ў пародыю.

Глядзіце таксама

Эканоміка: усе яйкі ў адным кошыку

Цікава, што ў канцэпцыі захаваўся такі рэлікт, як «падтрыманне таварнай і краінавай дыверсіфікацыі экспарту тавараў і паслуг, збалансаванасць знешняга гандлю, забеспячэнне знешнеэканамічнай бяспекі».

Сапраўды, быў час, калі сам Лукашэнка раз за разам прамаўляў цяжкае слова «дыверсіфікацыя». Напрыклад, у студзені 2015-га заявіў, што «пытанне нумар адзін — дыверсіфікацыя экспарту». Была распрацавана канцэпцыя «трох трацін» — дамагчыся, каб экспарт пароўну размяркоўваўся паміж Расіяй, ЕС і астатнім светам. Гэта адбывалася на фоне энергетычных цёрак і гандлёвых войнаў з Масквой. Лукашэнка выдатна адчуваў небяспеку, якая зыходзіць ад імперыі, сам казаў, што трэба пазбаўляцца ад «дзікага ўхілу» ў бок Масквы, палёту «на адным крыле».

Цяпер — ні палёту, ні крылаў: яны абламаны. У 2020-ым правадыр рэжыму дзеля захавання крэсла абраў шлях канчатковай, фатальнай прывязкі сваёй краіны да Крамля.

На Расію прыпадае ўжо ільвіная доля беларускага экспарту, для астатняга шмат у чым выкарыстоўваецца расійская ж інфраструктура (што таксама прывязвае да ўсходняй суседкі). І чыноўнікі (асабліва гучны голас амбасадара ў Расіі Дзмітрыя Крутога) насуперак той самай канцэпцыі рапартуюць аб павелічэнні долі Расіі ў знешнім гандлі, завязцы на яе парты як аб вялікім дасягненні. Хлопцы, ды вы ж самі лезеце ў пашчу імперыі!

Глядзіце таксама

Дык хто ж наклікае бяды на галовы беларусаў?

І нарэшце, пра ядзерную тэму. У праекце канцэпцыі з трывогай адзначаецца, што «расце колькасць дзяржаў, якія жадаюць стаць уладальнікамі ядзернай зброі або размяшчаць яе на сваёй тэрыторыі, перш за ўсё ў Еўропе». Сёння Вальфовіч падкрэсліў, што суседняя з Беларуссю Польшча просіць размясціць на яе тэрыторыі амерыканскую ядзерную зброю: «Зразумела для чаго, улічваючы іх мілітарыстычны характар, агрэсіўныя заявы ў дачыненні ў тым ліку да нашай краіны».

Так, але Варшава толькі прапаноўвала такі варыянт, прычым былы прэм'ер Матэвуш Маравецкі матываваў гэта менавіта планамі Расіі размясціць ЯЗ у Беларусі. Да таго ж амерыканцы не праявілі з гэтай нагоды энтузіязму. Ды і наогул улада ў Польшчы памянялася. Між тым у Беларусь ужо завезлі расійскую тактычную ЯЗ. І не хто іншы, як правадыр тутэйшага рэжыму раз за разам пагражае гэтай дубінкай. Карацей, генерал Вальфовіч убачыў парушынку ў чужым воку.

Беларускае кіраўніцтва паўтарае пры гэтым, што размяшчэнне ЯЗ — дадатковая гарантыя бяспекі. Лукашэнка хваліцца, што захаваў пляцоўкі («адрыны») і для стратэгічнай зброі.

Але вожыку зразумела, што, уключаючыся ў крамлёўскі ядзерны шантаж, Беларусь ператвараецца ў мішэнь для зваротнага, а тое і прэвентыўнага ўдару. І не выключана, што Масква захоча ўжыць ЯЗ менавіта з Беларусі, каб адказ прыляцеў дарагому саюзніку.

Такім чынам сам рэжым, які склаў усе яйкі ў адзін кошык, які гандлюе кавалкамі суверэнітэту дзеля самазахавання, які стаў саўдзельнікам агрэсіі — карацей, які зацягнуў краіну ў павучыную сетку імперыі, выглядае цяпер галоўнай пагрозай нацыянальнай бяспецы.