Шуневіч — сімвал «правільнай» грамадзянскай супольнасці

Улады разграмілі трэці сектар, а цяпер спрабуюць стварыць сваю грамадзянскую супольнасць. Але, як яны ні стараюцца, усё адно атрымліваецца «Фонд першага».

belarus_naracz_fota_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas28__2__logo.jpg

Палітычны крызіс пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі сур'ёзна адбіўся на стане беларускай грамадзянскай супольнасці. Як паведамляе праваабарончая арганізацыя «Lawtrend», за апошнія тры гады ў Беларусі ліквідавана не менш за 1457 некамерцыйных арганізацый (НКА). Беларускія ўлады лічаць, што яны «пад выглядам дабрачыннасці і іншай грамадскай дзейнасці спрабавалі ў 2020 годзе разгайдаць абстаноўку ў краіне», і наўзамен ужо спрабуюць акрэсліць, як павінна выглядаць «правільная» грамадзянская супольнасць — прынялі спецыяльны закон і нават стварылі «Фонд першага». Як цяпер працуюць арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, расказвае «Deutsche Welle».

За тры гады была знішчана палова НКА

Паводле слоў юрысткі і кіраўніцы «Lawtrend» Вольгі Смалянка, працэс «зачысткі» арганізацый грамадзянскай супольнасці пачаўся ў ліпені 2021 года, і з тых часоў інтэнсіўнасць гэтага працэсу не асабліва зніжаецца. «Мы вядзём статыстыку як тых арганізацый, якія ліквідуюцца прымусова, так і тых, што знаходзяцца ў працэсе самаліквідацыі (такіх сёння 132 НКА), бо нават у гэтым выпадку ліквідацыя адбываецца пад ціскам. Лічба імкліва набліжаецца да паўтары тысячы арганізацый, і кожны месяц працягваюць ліквідавацца дзясяткі арганізацый».

Даволі складана зразумець, ці былі «зачышчаны» ўсе арганізацыі, бо ў праваабаронцаў не было дакладнай лічбы, колькі ўсяго было НКА зарэгістравана. «Мы ведаем, што грамадскіх аб'яднанняў было крыху больш за 3 тысячы, плюс каля 200 фондаў. І, паводле нашых падлікаў, ліквідацыя закранула каля паловы НКА. Шчыра кажучы, гэта нашмат больш, чым мы меркавалі», — кажа юрыстка і дадае, што некаторыя арганізацыі працуюць наогул без рэгістрацыі, што ўскладняе збор статыстыкі.


Глядзіце таксама

Знішчэнне НКА ў Беларусі ішло паступова, і ўлады вызначана ставяць сабе на мэце знішчыць усё, лічыць сацыёлаг Генадзь Коршунаў, які даследуе грамадзянскую супольнасць Беларусі для «Цэнтра новых ідэй». «Па дынаміцы рэпрэсій відаць, што адразу ўлады накрылі самую актыўную частку трэцяга сектара — медыя і праваабаронцаў. Затым узяліся за найбольш заўважныя арганізацыі і тыя, у каго кіраўнікамі былі грамадзянскія актывісты. Далей ужо «зачышчалі» ўсіх астатніх па цэлых напрамках».

Праўладныя арганізацыі не змогуць замяніць знішчаны трэці сектар

Паралельна з «зачысткай» грамадзянскага сектара ўлады спрабуюць паказаць, што такое «правільная грамадзянская супольнасць» — з дапамогай так званых гонга. Як тлумачыць Смалянка, выразнага вызначэння, што такое гонга, няма, але звычайна пад імі разумеюцца арганізацыі, якія фінансуюцца дзяржавай і (або) вынікаюць з яе ідэалогіі. «У гэтым плане БРСМ, «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын і «Фонд першага» — класічныя гонга. Хоць трэба разумець, што тыя арганізацыі, якія яшчэ застаюцца працаваць у Беларусі, так ці інакш вымушаны мімікрыраваць пад гонга, інакш проста не выжывуць».

Што тычыцца нядаўна створанага «Фонду першага», Коршунаў адзначае, што размовы пра яго вядуцца з мінулага года і да гэтага часу, акрамя рэгістрацыі юрыдычнай асобы, ніякіх падрабязнасцей няма. Сапраўды, у кастрычніку 2023 года Аляксандр Лукашэнка расказаў, што «Фонд першага» пакуль не пачаў дзейнічаць і на яго рахунку няма сродкаў, аднак ён «гарантуе, што грошы не будуць скрадзены».

«Трэба разумець, што НКА — гэта людзі, якія дзейнічаюць з уласнай ініцыятывы, зыходзячы са сваіх каштоўнасных пазіцый. А тое, што мы бачым у дзейнасці гонга — гэта, з аднаго боку, сімуляцыя, а з другога боку — «распілоўванне» дзяржаўных грошай. Малаверагодна, што праўладныя структуры заменяць арганізацыі трэцяга сектара з пункту гледжання карысці грамадству», — лічыць Генадзь Коршунаў.


Глядзіце таксама

Вольга Смалянка падтрымлівае гэты тэзіс, дадаючы, што НКА працавалі якраз у тых галінах, дзе недапрацоўвала дзяржава, каб, у тым ліку, закрываць патрэбы ўразлівых груп. «Але я не адмаўляю, што дзесьці гонга могуць працаваць эфектыўна, бо арганізацыі — гэта людзі, і ўсё залежыць ад іх дзейнасці. Але трэба разумець, што калі арганізацыі ствараюцца па ўказцы, а не з ініцыятывы людзей, калі людзей прымушаюць уступаць у арганізацыю, гэта наўрад ці будзе спрыяць дасягненню мэты». Акрамя таго, кіраўніца «Lawtrend» адзначае, што ў выпадку з гонга адсутнічае ацэнка эфектыўнасці іх дзейнасці, бо публічнай інфармацыі пра іх працу і вынікі даволі мала.

Улады хочуць, каб грамадзянскі сектар абараняў і фінансаваў рэжым

Як дадае Коршунаў, разлічваць на тое, што створаныя дзяржавай структуры могуць кампенсаваць трэці сектар — наіўна, бо цяпер у беларускага рэжыму іншыя стратэгічныя мэты. «Задача дзяржавы — узяць усю ініцыятыву пад кантроль, паставіць яе на службу дзяржавы і пажадана патэнцыйна зрабіць арганізацыі здольнымі абараняць рэжым», — кажа сацыёлаг. Найлепшая дэманстрацыя, паводле яго слоў — гэта дзейнасць Шуневіча на пасадзе кіраўніка «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў», які спрабуе мілітарызаваць арганізацыю, ператварыўшы яе ў падабенства «дружын рэжыму».

Акрамя таго, ужо даўно беларускія медыя паведамляюць, што ўлады выкарыстоўваюць праўладныя арганізацыі для рэпрэсій супраць беларусаў, якія пасля 2020 года «данацілі» ў «не тыя фонды». «Такім чынам рэжым спрабуе манетызаваць прабачэнне, прымушаючы «данаціць» у правільныя фонды ў пяці- ці дзесяцікратным памеры. Галоўная задача ўлады цяпер — кантраляваць і, як сказаў аднойчы Лукашэнка, «шліфаваць тлушч», гэта значыць, па магчымасці цягнуць з людзей грошы», — кажа Коршунаў.


Глядзіце таксама

Тое, што ўлады знішчылі так шмат арганізацый, безумоўна, вельмі дрэнна для краіны і для мэтавых груп, упэўненаяВольга Смалянка. Але адказваючы на пытанне, што рабіць у краіне беларусам, якім патрэбна дапамога, юрыстка падкрэслівае, што ўсё ж ёсць арганізацыі, якія працягваюць працаваць. Паводле яе слоў, некаторыя сацыяльныя арганізацыі, таварыствы людзей з інваліднасцю працягваюць існаваць, а таксама рэгіструюцца новыя арганізацыі, хоць і ў меншым аб'ёме: «Больш за тое, многія ліквідаваныя НКА не пакінулі сваю дзейнасць, а працягваюць працаваць з мэтавымі групамі ва ўмовах вымушанага ад'езду».

Разам з тым, нейкага канца рэпрэсіям кіраўніца «Lawtrend» не бачыць. «Рэпрэсіўны механізм працуе так, што яму вельмі складана спыніцца. Калі пачаўся гэты працэс, нам здавалася, што 50 ліквідаваных арганізацый — гэта неверагодна шмат, а цяпер ужо амаль паўтары тысячы. Гэта вельмі негатыўны працэс для нашай краіны», — лічыць Смалянка.