Коршунаў: Пытанне поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю не сыходзіць з парадку дня краін ЕС
Наплыў мігрантаў — грамадзян Ірака, Сірыі, Афганістана, радзей іншых краін Блізкага Усходу і Афрыкі, якія спрабуюць з Беларусі нелегальна трапіць у ЕС, пачаўся ў 2021 годзе. А 29 лістапада 2023-га — упершыню за апошнія 1,5 года — ніводная краіна-суседка РБ не зафіксавала атак на свае межы. Гэта канец міграцыйнага крызісу? Наўрад ці, лічыць «Салідарнасць».
Помста за санкцыі
Нагадаем, рост патоку мігрантаў памежныя службы Літвы, Латвіі і Польшчы адзначылі вясной 2021-га — акурат пасля ўвядзення эканамічных санкцый за прымусовую пасадку Мінскам самалёта «Ryanair». Усяго праз некалькі месяцаў лік ішоў на сотні спроб нелегальнага перасячэння мяжы штодня.
Улады Беларусі, з аднаго боку, адмаўлялі абвінавачанні ў штучнай арганізацыі крызісу, а з другога, неўзабаве павялічылі колькасць авіярэйсаў з Ірака і замарозілі пагадненне з ЕС аб рэадмісіі.
Дамагліся яны гэтым, праўда, толькі таго, што Літва, а потым і Латвія з Польшчай увялі ў памежных з РБ раёнах рэжым надзвычайнай сітуацыі, а потым досыць аператыўна адгарадзіліся сценамі і агароджамі з калючым дротам. Выкарыстанне Мінскам мігрантаў у якасці інструмента помсты за санкцыі і ціску на ЕС прывяло толькі да новых санкцыйных абмежаванняў, накладзеных на Беларусь.
Акрамя таго, станам на сёння Латвія, Польшча і Літва закрылі шэраг пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, а напрыканцы жніўня краіны Балтыі і Польшча абмеркавалі поўнае закрыццё меж з РБ у выпадку «крытычнага інцыдэнту». Па выніку для беларускіх улад профіт сумнеўны.
Крызіс — стоп, альбо крызіс 2.0?
Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, сацыёлаг Генадзь Коршунаў уважліва адсочвае дынаміку на межах Беларусі і краін ЕС і адзначае, што ў лістападзе колькасць нелегалаў пачала імкліва зніжацца.
Праўда, адначасова актывізаваўся новы міграцыйны кірунак — з РФ у Фінляндыю і Эстонію. (Прычым міністр унутраных спраў Латвіі Рыхард Казлоўскіс заявіў у адным з інтэрв’ю, што ў такіх нелегалаў ёсць беларускія візы). Не чакаючы пагаршэння сітуацыі, Фінляндыя ад сёння, пакуль што на два тыдні, цалкам закрыла сухапутныя межы з Расіяй.
Чым патлумачыць цяперашні нуль атак на межы ЕС з Беларусі, і чым нам можа адгукнуцца закрыццё расійска-фінскай мяжы?
— Першае, што прыходзіць у галаву — сезоннасць, усё ж канец лістапада, фактычна зіма, снег і холад. Але каб за ўвесь дзень — ніводнага нелегала?
— Сапраўды, вы маеце рацыю, калі кажаце пра сезонныя змены, — зазначае Генадзь Коршунаў.
Абапіраючыся на звесткі за мінулыя гады, можна заўважыць, што ў лістападзе заўсёды было зніжэнне. Але зараз яно найвялікшае — і за 2022 год, і за 2021-шы. І тое, што адбылося ўчора, калі фактычна на кожнай мяжы было па нулях спроб нелегальнага перасячэння мяжы — такога раней не было.
— То-бок здаралася, што ў асобныя дні на канкрэтным накірунку памежнікі не фіксавалі такія спробы, было нават больш за тыдзень абсалютнага штылю, напрыклад, на беларуска-літоўскай мяжы — падчас саміту НАТО. Але каб на ўсіх межах — такога не было.
Разважаючы пра магчымыя прычыны, аналітык выказвае меркаванне, што мігранцкія плыні былі перанакіраваны на Фінляндыю:
— Там адразу заўважылі ўсплёск, вельмі падобны на той, які ў першыя месяцы 2021-га назіралі ў сябе літоўцы — паступовы, але фактычна кратны рост мігрантаў, якія намагаліся трапіць на тэрыторыю краіны ЕС. Навучаныя вопытам Літвы, фіны згулялі на апярэджанне і зараз, як мы ведаем, закрылі ўжо ўсе пераходы.
Тут узнікае пытанне: як гэта можа адбіцца на Беларусі? Адзін з варыянтаў — вяртанне зноў вялікай плыні мігрантаў у Беларусь, а адтуль на звыклыя, так бы мовіць, «трасы», беларуска-польскую, альбо беларуска-латвійскую, дзе ў гэту восень адбыўся неверагодны ўздым.
Гэта цалкам магчыма, бо ўжо колькі год адбываецца вепанізацыя мігрантаў. То-бок і беларускі, і расійскі рэжымы выкарыстоўваюць нелегальную міграцыю ў якасці гібрыднай зброі супраць краін Захаду.
І заходнія эксперты кажуць, і шматлікія журналісцкія расследаванні сведчаць аб тым, што мігранцкія патокі — арганізаваны, хутчэй за ўсё, уладамі Беларусі і Расіі, і цалкам кіраваныя. Мы бачым: калі беларускаму рэжыму патрэбна, гэтыя патокі збольшага спыняюцца. Але зразумела, што цалкам кіраваць такой індустрыяй немагчыма, і некаторыя групы могуць выбівацца з-пад кантролю, дзейнічаць плюс-мінус самастойна.
З другога боку, зазначае Генадзь Коршунаў, нельга выключаць і варыянта, калі гібрыднае выкарыстанне мігрантаў як зброі можа скончыцца зусім — хаця такі сцэнар даследчык лічыць усё ж менш верагодным.
Заслона (пакуль) не апускаецца
— Калі гаварыць пра сцэнар вяртання кіруемых патокаў мігрантаў, ці не стане гэта апошняй кропляй, якая раззлуе суседзяў Беларусі і прымусіць іх таксама цалкам закрыць межы?
— Гэта пытанне насамрэч ніколі з парадку дня не сыходзіла. І палякі яго час ад часу ўздымаюць, хоць і без бачных вынікаў, і балтыйскія краіны абмяркоўваюць, выстаўляючы пэўныя чырвоныя сцяжкі: калі адбудзецца тое ці тое, то закроем.
Аднак пакуль больш упэўненых рэакцый ні з боку Польшчы, ні з боку Літвы і Латвіі на гэты конт не было, прынамсі, на ўздым у накірунку Латвіі яны радыкальна не зрэагавалі.
Таму, думаю, тут пытанне хутчэй палітычнае, яно не
крытычна залежыць ад памераў мігранцкіх атак. Усё ж цалкам закрыць межы — гэта
вельмі моцны крок, які ў пэўным сэнсе ўдарыць і па лагістыцы, і па гандлі саміх
гэтых краін. Не тое каб гэта быў апошні довад, але ўсе ж вельмі моцны
інструмент, і, мяркую, яго будуць прыберагаць.