Латвія прыгразіла Беларусі поўным закрыццём мяжы

У выпадку масавага наплыву нелегальных мігрантаў Латвія гатовая закрыць мяжу з Беларуссю, заявіў прэзідэнт Эдгар Рынкевічс падчас сустрэчы з міністрам абароны Германіі Барысам Пісторыусам 26 верасня ў Рыжскім замку. Пра гэта паведамляе lsm.lv.

Фота Dinija Jemeļjanova/Latvijas Televīzija

Фота Dinija Jemeļjanova/Latvijas Televīzija

Як адзначыў дарадца прэзідэнта Марціньш Дрэгерыс, падчас сустрэчы абмяркоўваўся цяперашні ўдзел Германіі ў гарантаванні бяспекі рэгіёну, а таксама патэнцыйныя рызыкі гібрыдных пагроз на мяжы NATO.

Абмяркоўваючы магчымасьць гібрыдных нападаў на Латвію з боку Беларусі, Рынкевічс заявіў, што краіна гатовая прыняць усе неабходныя меры, у тым ліку закрыць мяжу зь Беларуссю і Расіяй.

На дадзены момант гібрыдная атака Рэспублікі Беларусь сканцэнтравана непасрэдна на Латвіі, паколькі фіксуецца ўсё больш спробаў нелегальнага перасячэння дзяржаўнай мяжы, заявіў раней кіраўнік памежнай службы Гунтыс Пуятс. Каб забяспечыць недатыкальнасць дзяржаўнай мяжы і знізіць пагрозу дзяржаўнай бяспецы ў сувязі з нелегальнай міграцыяй, з 20 верасня прыпыненая праца кантрольна-прапускнога пункта Сілене на мяжы з Беларуссю.

Згодна з распрацаванымі інструкцыямі, калі сітуацыя не палепшыцца, наступным крокам стане поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю.

У апошні час колькасць спробаў пранікнення мігрантаў на тэрыторыю Латвіі павялічылася. Гэта можна патлумачыць тым, што Польшча і Літва пабудавалі платы на мяжы з РБ, тады як у Латвіі працэс узвядзення бар'ера яшчэ не завершаны.

У мінулыя суткі, 25 верасня, латвійская Дзяржпагранахова спыніла спробы 164 чалавек незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. У Польшчы ўчоча зафіксавана 53 такія спробы, у Літве — ніводнай.

Усяго сёлета латвійскія памежнікі прадухілілі незаконнае перасячэнне дзяржмяжы 9411 чалавек. Пры гэтым за ўвесь мінулы год такіх спробаў было каля 5,5 тысяч.


Глядзіце таксама

У сувязі з ціскам нелегальнай міграцыі з 11 жніўня 2023 года па 10 лютага 2024 года на шэрагу адміністрацыйных тэрыторый на мяжы Латвіі з Беларуссю дзейнічае ўзмоцнены рэжым працы сістэмы аховы, які прыйшоў на змену надзвычайнаму становішчу, устаноўленаму ўрадам у жніўні 2021 года і неаднаразова падоўжанаму.

Прымаючы пад увагу гібрыдную пагрозу, якая хутка расце на латвійска-беларускай мяжы, Дзяржпамежслужба мабілізавала дадатковых дзяжурных памежнікаў для ўзмацнення аховы. Ведамства таксама запытала дадатковую падтрымку ў Нацыянальных узброеных сіл і Дзяржаўнай паліцыі.