«Як атрымліваецца, так і робім». У якім стане сёння знаходзіцца грамадзянская супольнасць?

1441 недзяржаўная арганізацыя была ліквідавана рэжымам з 2020 года. Яны выконвалі вялізны аб'ём працы ў самых розных сферах грамадскага жыцця, якія дзяржава цяпер спрабуе «закрыць» сваімі псеўдаНДА, але робіць гэта, як заўсёды, тапорна.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_novy_czas___1__logo.jpg

На пасяджэнні Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе было заяўлена пра знішчэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. «Актывісты цярпяць ад сістэматычных рэпрэсій, законаў, накіраваных супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці, і адвольнага турэмнага зняволення», — заявіла арганізацыя «Right Livelihood». Тых, хто быў вымушаны ўцякаць з краіны, дазволена судзіць завочна і пазбаўляць грамадзянства.

З 2020 года ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 1441 НДА, гаворыцца ў апошнім аглядзе праваабарончай арганізацыі «Lawtrend». Сярод іх — асветніцкія, праваабарончыя, дабрачынныя, спажывецкія, даследчыя, экалагічныя, студэнцкія арганізацыі, піша «Радыё Ўнэт».

Паводле слоў паліталагіні і даследчыцы Таццяны Чуліцкай, асобныя парасткі грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны засталіся, аднак большасць актывістаў зараз жывуць і працуюць за мяжой. А вось спробы ўлады замяніць НДА адпаведнымі прадзяржаўнымі структурамі, так званымі «гонга», пакуль плёну не прыносяць.

— Мы толькі-толькі зрабілі даследаванне і яшчэ нават не апублікавалі. Пыталіся ў людзей, ці бачаць яны, што на месца нізавых арганізацый прыходзяць гэтыя «гонга». І тыя, хто ў сацыяльнай сферы працуюць, кажуць, што так, у некаторыя сектары яны могуць прыходзіць і рабіць тое, што рабілі раней НДА. Але праблема ў тым, што гэта няшчырая і несамаадданая дзейнасць, гэта атрымліваецца даволі прымітыўна. Яны спрабуюць нешта капіяваць, але, калі ў цябе няма каштоўнасцей, цяжка паўтараць добрыя практыкі. Я ведаю анекдатычныя сітуацыі, калі пачалі пісаць метадычку па хатнім гвалце і там пачалі прапаноўваць людзям размаўляць з гвалтаўнікамі. Гэта сведчыць, што ў гэтых «гонга» проста няма разумення праблемы. Ім сказалі: «Вазьміце праблему хатняга гвалту» — і яны ўжо робяць, як умеюць.

Глядзіце таксама

Я б сказала, што ў некаторых выпадках, асабліва ў працы з уразлівымі групамі, ёсць спроба падмяніць НДА, але гэта не тэндэнцыя. Што можа стаць тэндэнцыяй: яны паспрабуюць, і Лукашэнка пра гэта гаварыў, стварыць дабрачынны фонд, куды сцягнуць грошы на падтрымку розных ініцыятыў і актыўнасцей быццам бы «грамадзянскай супольнасці». Але тут поўнае неразуменне таго, як гэта працуе. Яны хочуць стварыць цэнтр і з цэнтра нешта фінансаваць. Але ўвесь прынцып грамадзянскай супольнасці заключаецца ў тым, што прыходзяць людзі, кажуць: «Мы хочам гэта рабіць» — і робяць знізу. І ты можаш сто тысяч фондаў зрабіць, але гэта не дапаможа, бо гэта будзе капіяванне дзяржаўнага іерархічнага апарата, і ніхто нармальна працаваць не будзе. Я на гэты конт адносна спакойная, бо пакуль яны нічога не змаглі дасягнуць гэтай тактыкай, спробай замены грамадзянскай супольнасці праўладнымі арганізацыямі. Але за гэтым трэба сачыць.

— Беларуская грамадзянская супольнасць пасля 2020 года — што яна цяпер уяўляе?

— Цяпер складаны малюнак, ландшафт, архітэктура — не ведаю, як назваць — грамадзянскай супольнасці. Шмат беларускіх арганізацый знаходзяцца ў выгнанні. Збольшага ў трох краінах: Польшчы, Літве і Грузіі. Але разам з тымі рэлавакаванымі арганізацыямі ці нават новымі арганізацыямі, створанымі ў замежжы, захоўваюцца арганізацыі і ўнутры Беларусі. У 2021 годзе ўсе структуры, усе старыя арганізацыі былі юрыдычна знішчаны, але гэта не азначае, што яны спынілі дзейнасць. Таксама ёсць нізавыя ініцыятывы, якія працягваюць рознага кшталту актыўнасці. У Беларусі можна вызначыць тых, хто займаецца, умоўна кажучы, непалітычнымі справамі: вырашэннем камунальных праблем, адукацыйнымі мерапрыемствамі, сумесным планаваннем вольнага часу. Гэта такія актыўнасці, якія пакуль што не рэпрэсуюцца. Я не буду іх называць, бо сёння я раскажу пра нейкі клуб — а заўтра яго знішчаць. Ёсць яшчэ адна частка (цяпер вядуцца дэбаты, грамадзянская гэта супольнасць ці нешта іншае) —  гэта арганізацыі і ініцыятывы, звязаныя з прамілітарным супрацівам.

У цэлым, беларуская грамадзянская супольнасць зараз знаходзіцца ў складаным стане: яна хоць раздроблена па розных краінах, але значная частка арганізацый працягвае сваю дзейнасць. Захоўвацца дзейнасць унутры Беларусі, і нават з’яўляецца нешта новае. Пытанні: наколькі ўстойлівым гэта ўсё будзе? Як доўга будзе працягвацца падтрымка гэтых ініцыятыў?

Глядзіце таксама

— Наколькі хопіць запалу і фінансаў?

— Так, таму што людзі, сапраўды, выгарэлыя. Калі я раблю інтэрв’ю з актывістамі, там вельмі шмат траўмы. Ёсць дзве вялізныя траўмы. Першая — гэта траўма 2020 года, у некаторых выпадках 2021 года, у залежнасці, калі людзей рэпрэсавалі. А потым была яшчэ траўма «ўкраінская». Напрыклад, людзі заўсёды былі актыўнымі, заўсёды былі супраць Лукашэнкі, усё жыццё былі праеўрапейскімі, выступалі за еўрапейскія каштоўнасці — і раптам пасля 2022 года, пасля пачатку вайны, усё змянілася, стаўленне да беларусаў у свеце змянілася. І для актыўных людзей гэтае выгаранне застаецца вельмі моцным. Я аптымістка, я веру, што людзі ачуняюць, знойдуць псіхалагічныя, маральныя і іншыя магчымасці працягваць сваю дзейнасць. Але гэта нашмат цяжэй, чым калі ты знаходзішся ў сваёй краіне, робіш зразумелыя рэчы, і табе не трэба адаптавацца да ўмоў эміграцыі.

Глядзіце таксама

— А калі казаць пра ініцыятывы, якія выехалі, як яны за гэты час трансфармаваліся?

— Згодна з нашымі даследаваннямі, можна сказаць, што частка арганізацый не толькі захавалася, а яшчэ і развіваецца. Дзякуючы такім кепскім абставінам у людзей з’явілася магчымасць займацца стратэгічным планаваннем, распрацоўваць, напрыклад, палітыку бяспекі. Карацей, працаваць над тым, каб самім стаць больш устойлівымі. І я бачу, што частка арганізацый знайшлі сябе, яны запланавалі сваю дзейнасць, бо за мяжой у цябе больш-менш зразумелыя правілы гульні, якія не змяняюцца пастаянна. А ў Беларусі пастаянна нешта змяняецца. Ты можаш запланаваць розныя праекты, звязаныя з непалітычнымі актыўнасцямі, а заўтра прыйдуць і ўсё разнясуць. І таму арганізацыі з-за мяжы для Беларусі працуюць у рэжыме «ad hoc», то-бок «як атрымлівацца, так і робім».