Грамадства, будучыня, перамены. Што рабіць грамадскаму сектару ў перыяд нявызначанасці?
Аналітык «Цэнтра новых» ідэй Антон Раднянкоў прапануе «Банку ідэй» сваё бачанне цяперашняй сітуацыі ў беларускім грамадскім сектары і магчымыя кірункі выхаду з крызісу.
Беларускі грамадскі сектар выжыў, выехаў, выдыхнуў. Але на гэтым шляху, перажыўшы каток рэпрэсій і адаптаваўшыся ў выгнанні, згубілася ўласная тэорыя перамен. Калі раней большасць гульцоў ставіла на змяненне палітыкі дзяржавы праз супрацу ў розных сектарах, то цяпер гэтая формула не працуе. У першую чаргу, яна немагчымая праз дзеянні дзяржавы, якая (амаль) не пакінула месца для грамадскага сектара.
Ад’езд з краіны і ад сваіх мэтавых груп толькі абвострыў крызіс тэорыі перамен, а значыць паставіў пад пытанне і агульную рэлевантнасць грамадскага сектара. У паступовае змякчэнне палітыкі дзяржавы ды вяртанне ў старыя часы таксама верыцца слаба — апошнія тры гады працэс ідзе ў адваротным кірунку і няма прыкмет, што гэтая тэндэнцыя можа змяніцца. У размовах актывістаў усё часцей з’яўляюцца згадкі пра «чаканне акна магчымасцей», калі хуткія змены прывядуць да якасна іншай сітуацыі і вярнуць краіну на рэйкі развіцця.
Мне б не хацелася разглядаць канкрэтныя сцэнарыі ці формы гэтага «акна магчымасцей» — яны могуць быць зусім рознымі, і карысць ад такіх прагнозаў мне падаецца сумнеўнай. Для мяне больш важна падумаць, у якой форме павінен знаходзіцца грамадскі сектар у такі момант, каб мець магчымасць пазітыўна паўплываць на ход падзей.
Ніжэй я прапаную «таксаномію выжывання» — лаканічнае апісанне галоўных прынцыпаў ды кірункаў працы на найбліжэйшыя гады, магчымую мэту грамадскага сектара ды шляхі яе дасягнення. Гэта не адказ на ўсе пытанні, а хутчэй пачатак размовы.
Сённяшняя рамка, у якой мы жывём
Але перад тым, як пачаць шукаць контуры будучай працы, спынюся на дзвюх прыкметах сённяшняга дня, якія шмат у чым характарызуюць цяперашні стан.
Росквіт аўтарытарызму, паслаблены суверэнітэт ды ізаляцыя ад развітога свету — сёння найбольш верагодны сцэнар.
Пасля палітычнага крызісу 2020-га, паскарэння інтэграцыі з Расіяй ды пачатку вайны ва Украіне абставіны выглядаюць так, што прагрэс з развіццём — гэта больш не адзіны сцэнар на наступныя некалькі дзесяцігоддзяў. І калі яшчэ пяць гадоў таму гэтая пагроза хутчэй выглядала малаверагоднай, а размовы пра яе — алармісцкімі, цяпер гэта адзін з асноўных кірункаў развіцця сітуацыі.
Старыя падыходы не працуюць, новыя падыходы таксама не дзейсныя.
Сёння мы функцыянуем на разломе, калі звыклыя ўмовы існавання сектара зніклі, а новыя яшчэ да канца не сфармаваліся. Як грамадскаму сектару захоўваць карысць і рэлевантнасць для людзей унутры Беларусі, як будаваць працу з-за мяжы, як не губляць выхад на розныя групы грамадства — на ўсе гэтыя пытанні мы не маем добрых адказаў і спрабуем знайсці новыя рашэнні. Выбудоўванне эфектыўнай працы ці доўгатэрміновых стратэгій у такой сітуацыі падаецца слабадасягальным жаданнем.
Якой можа быць задача грамадскага сектара
З калапсам старой тэорыі перамен варта распачынаць дыскусію вакол новых задач і ролі грамадскай супольнасці. Фрагментацыя сектара павялічваецца, закрытасць і непублічнасць дзейнасці (праз зразумелыя прычыны) не вядзе да распаўсюду лепшых практык. Пераадольваць гэтыя тэндэнцыі варта праз публічную дыскусію і пошук адказаў.
Пры сённяшніх умовах я бачу асноўную ролю грамадскага сектара ў стварэнні доўгатэрміновай інфраструктуры, накіраванай на дэмакратызацыю і гатоўнасць да наступнага акна магчымасцей.
На гэтым шляху неабходна забяспечваць грамадска-палітычнае мысленне пра будучыню краіны, дыскусіі і эксперыменты, а прынцыпы і кірункі гэтай дзейнасці пазначаюцца ніжэй.
На якіх прынцыпах будаваць дзейнасць
Пералічу тыя прынцыпы, без якіх будзе праблематычна стварыць эфектыўную і ўстойлівую інфраструктуру грамадскага сектара.
Праца на шырокія слаі грамадства
Грамадскі сектар мусіць перастаць рабіць тое, што яму цікава, а больш факусавацца на болях і патрэбах масавай аўдыторыі. Часцяком пры гэтым давядзецца адыходзіць ад небяспечных тэм, пазбягаць уласнай таксічнасці і маргіналізацыі, калі асноўнай аўдыторыяй з’яўляецца вузкае кола прыхільнікаў.
І хаця гэта можа нагадваць папулярны падыход перыяду 2015–2019 гадоў, сутнасна гэта працуе на іншыя мэты. Раней уцягванне грамадства давала дадатковы рычаг у змене палітыкі дзяржавы, а цяпер асноўнай мэтай гэтай дзейнасці з’яўляецца захаванне прадэмакратычных каштоўнасцей грамадства. Таксама ад здольнасці ўплываць на розныя сацыяльныя групы будзе залежаць вага грамадскага сектара ў вачах знешніх саюзнікаў.
Адаптыўнасць
Грамадскаму сектару неабходна адыходзіць ад падыходу «business as usual», шукаць новыя формы дзейнасці, ствараць новыя прадукты і брэнды. Варта рэгулярна спрабаваць новыя падыходы і хутка іх тэставаць, пры неабходнасці пакідаць старое і правяраць новае. Гэта дазволіць захоўваць рэлевантнасць ды ўплыў на беларусаў унутры краіны.
Дыялогавасць
У моманце нявызначанасці важней уцягваць гульцоў і аўдыторыі з рознымі поглядамі і перакананнямі, выбудоўваць менш вертыкальных структур ды распачынаць гарызантальныя ўзаемадзеянні розных сацыяльных груп. Праз гэта забяспечваецца большая ўключанасць аўдыторый, будуецца супольнае разуменне падзей, хутчэй знаходзяцца крэатыўныя рашэнні і падыходы.
Якія кавалкі інфраструктуры варта ствараць
У момант «акна магчымасцей» грамадскі сектар мусіць мець інструменты і рэсурсы для ўплыву на сітуацыю, але яны крытычна важныя і сёння, каб захоўваць уплыў на беларускае грамадства.
Экспертыза
Каб мець шляхі дзеянняў падчас «акна магчымасцей», беларускі грамадскі сектар павінен добра разумець, што адбываецца з грамадствам і дзяржаўнай сістэмай. Гэта могуць быць сацыялагічныя даследаванні, эканамічны аналіз, агулам назапашванне экспертызы пра Беларусь.
Палітычная актарнасць
Пры гэтым важна, каб былі тыя, хто мог бы ўплываць на грамадства і грамадскую думку ў палітычным сэнсе. Тут важную ролю могуць адыграць і сённяшнія палітычныя актары замежжа альбо новыя гульцы, якія маглі б уплываць на палітыку іншых дзяржаў адносна беларусаў.
Знешнія саюзнікі
Нават сёння Беларусь і яе інтарэсы мусяць быць прадстаўленыя ў міжнародных арганізацыях. Выдатнай магчымасцю для гэтага былі б міжнародныя саюзнікі, замежныя палітыкі і актывісты, зацікаўленыя ў тэматыцы Беларусі.
Унутраныя праваднікі
Унутры сістэмы застаюцца людзі, якія ў будучыні маглі б спрасціць дарогу да рэформ. Гэта могуць быць неідэалагізаваныя чыноўнікі і эліты, агулам тыя, хто мог бы дапамагчы зменам у краіне.
Каналы камунікацыі
Кантакт важныя не толькі з праваднікамі рэформ, але і агулам з грамадствам. Палітычны крызіс моцна паўплываў на існыя каналы камунікацыі, разбурыўшы ці моцна пашкодзіўшы некаторыя з іх. Часта для аднаўлення гэтых каналаў варта цалкам адыходзіць ад палітызацыі і выбудоўваць сувязі з апалітычнымі часткамі грамадства.
Вытворчасць кантэнту
Каб утрымліваць зацікаўленасць грамадства ў той частцы грамадзянскай супольнасці, якая ўсё яшчэ актыўная, варта рабіць якасны і цікавы кантэнт. Ён мусіць накіроўвацца на большасць, а не толькі на сваю маленькую суполку.
Супольнасці і людзі на зямлі
Грамадскі сектар не мусіць лётаць у аблоках, а факусавацца на працы з канкрэтнымі мэтавымі групамі на зямлі. Менавіта так, праз прэзентацыю альтэрнатыўнага досведу, адбываюцца каштоўнасныя змены ў сацыяльных групах.
Таленты і людзі
Бадай што адна з галоўных рэчаў: наяўнасць кваліфікаваных і зацікаўленых людзей у грамадскім сектары, якія ў пэўны час будуць гатовыя ажыццявіць патрэбныя змены. Менавіта такія людзі змаглі б зрабіць рэформы эфектыўнымі.
Гэта першая спроба апісаць прыярытэтныя кірункі дзейнасці для грамадскага сектара, не поўная і не канчатковая. Аніводнаму з сённяшніх гульцоў не хопіць сіл пакрыць усе (ці нават большую частку) кірункі дзейнасці. А таму працэс патрабуе супольнай рэфлексіі і каардынацыі, а гэты артыкул — хутчэй прапанова распачаць такую дыскусію.