«Ахову птушак Бацькаўшчыны» ліквідавалі «за экстрэмісцкую дзейнасць»

Вярхоўны суд Беларусі сёння, 18 сакавіка, прыняў рашэнне пра ліквідацыю самай буйной недзяржаўнай прыродаахоўнай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Карціна Антося Радзівонава "Птушкі з народам". Фота з сайта www.behance.net

Карціна Антося Радзівонава "Птушкі з народам". Фота з сайта www.behance.net

Пазоў у Вярхоўны суд падало Міністэрства юстыцыі. «Ахову птушак Бацькаўшчыны» запатрабавалі ліквідаваць, бо арганізацыя, на думку Мінюста, «пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак АПБ ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць».

Справу пра ліквідацыю пачалі разглядаць у судзе яшчэ 1 сакавіка.

У іску Міністэрства юстыцыі прэтэнзіі да «Аховы птушак Бацькаўшчыны»  выкладзеныя на трох старонках. Сярод іх наступныя: у сваіх інфармацыйных матэрыялах АПБ публічна выказвае ідэю па падтрыманні пратэстававй актыўнасці сярод людзей — выкарыстоўвае пры гэтым выраз «Птушкі з народам». Таксама АПБ публікуе дэструктыўныя фота і заклікае парушаць грамадскі парадак. Да таго ж супрацоўнікі арганізацыі прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці паводле народнага артыкула 24.23.

Мінюст таксама нагадвае, што былы кіраўнік АПБ Віктар Фянчук праходзіць па крымінальнай справе па артыкуле аб грубым парушэнні грамадскага парадку (ч. 1, 2, 3 арт. 293 і ч. 1 і 2 арт. 342). Падчас ператрусу ў яго канфіскавалі пратэставую сімволіку, а самога яго лічаць датычным да «фінансавання асоб, затрыманых і асуджаных за ўчыненне злачынстваў пратэставай накіраванасці».

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» — найбуйнейшая прыродаахоўная арганізацыя ў Беларусі. Яна рэалізоўвала шэраг важных для краіны праектаў і займалася пытаннямі захавання рэдкіх відаў жывёлы, экасістэмаў і біяразнастайнасці. Аднаўленне асушаных балот у Белавежскай Пушчы, барацьба з інвазіўнымі відамі, вывучэнне папуляцыі ваўка, барсука, лятучых мышэй, абарона аднаго з найбуйнейшых прыродных ландшафтаў Еўропы — беларускага Палесся — толькі некаторыя важныя для краіны ініцыятывы.