693-ці дзень вайны. Ужыванне Расіяй ці Беларуссю ядзернай зброі застаецца малаверагодным — ISW
Расія нязначна прасунулася на некаторых участках фронту ва Украіне і працягвае тэрарызаваць насельніцтва начнымі атакамі беспілотнікаў. У той жа час Пуцін стварае «фон» для канфлікту з краінамі Балтыі. Не абмінулі эксперты ўвагай і заяву Хрэніна пра расійскую ядзерную зброю ў Беларусі.
За мінулыя суткі адбылося 98 баявых сутыкненняў. Расійцы нанеслі 4 ракетныя і 29 авіяцыйных удараў, здзейснілі 49 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах, гаворыцца ў зводцы Генеральнага штаба УСУ 17 студзеня.
На ліманскім кірунку абаронцамі Украіны адбіты 11 атак праціўніка ў раёнах Ямполеўкі, Торскага Данецкай вобласці і яшчэ 17 атак каля Макееўкі, Белагораўкі, Серабранскага лясніцтва Луганскай вобласці.
На бахмуцкім кірунку абаронцы Украіны адбілі 9 атак праціўніка.
На аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку. Сілы абароны за мінулыя суткі адбілі 20 атак у раёнах Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі і яшчэ 15 атак паблізу Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці.
На мар’інскім кірунку адбіта 17 атак.
На херсонскім кірунку сілы абароны працягваюць мерапрыемствы па пашырэнні плацдарма на левым беразе Дняпра. За мінулыя суткі расійскія войскі здзейснілі 6 беспаспяховых штурмаў пазіцый украінскіх войскаў.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што расійскія войскі аднавілі наступ з выкарыстаннем бранятэхнікі ў раёне Серабранскага лясніцтва і ў Таўрыйскім кірунку (Аўдзееўка і Мар'інка).
Кіраўнік вайсковай адміністрацыі Луганскай вобласці Украіны Арцём Лысагор заявіў 16 студзеня, што расійскія войскі выпусцілі вялікую колькасць планіруючых бомбаў па ўкраінскіх пазіцыях у раёне Серабранскага лясніцтва і што расійскія войскі праводзяць наступальныя аперацыі ўздоўж усёй лініі фронту Луганскай вобласці з мэтай захопу астатняй часткі Луганскай вобласці цягам 1,5 тыдняў.
Відэа з геалакацыяй, апублікаванае 15 студзеня, паказвае, што расійскія войскі прасунуліся на поўнач Дзібровы (на паўднёвы захад ад Крамянной).
Таксама расійскія войскі дамагліся нязначных поспехаў пад Бахмутам і 16 студзеня працягнулі пазіцыйныя баі з украінскімі войскамі ў гэтым раёне. Відэа з геалакацыяй, апублікаванае 15 студзеня, паказвае, што расійскія войскі нядаўна нязначна прасунуліся на поўнач ад Кляшчэеўкі (на паўднёвы захад ад Бахмута).
На іншых участках фронту пацверджаных змен не было.
Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што расійскія войскі рыхтуюцца да абароны раёна за Крынкамі на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, уключаючы шашу М14, уздоўж якой расійскія войскі вырылі паўкіламетровую траншэю і пабудавалі іншыя абарончыя аб’екты.
* * *
* * *
Войскі РФ ноччу 17 студзеня нанеслі чарговы авіяцыйны ўдар па Украіне, ужыўшы 20 ударных БПЛА тыпу «Shahed-136/131». Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны 19 ударных БПЛА знішчаны, паведамляе Генштаб УСУ.
«Асноўныя намаганні вораг сканцэнтраваў на ўдарах па Адэсе. Дроны-камікадзэ заходзілі на крытычна нізкай вышыні з акваторыі Чорнага мора», — гаворыцца ў паведамленні.
Як паведамляецца, у Адэскай вобласці 11 дронаў былі збіты на падлёце да ўзбярэжжа, пераважная большасць упала ў мора. Але абломкамі некалькіх збітых дронаў і выбухной хваляй пашкоджаны шматкватэрныя дамы і крамы ў Прыморскім раёне Адэсы. У некалькіх месцах адбыліся ўзгаранні — гарэлі кватэры і аўтамабілі. З-за атакі беспілотніка ў Адэсе эвакуяваны 130 чалавек: трое атрымалі траўмы.
Расійскія войскі ўвечары 16 студзеня нанеслі па Харкаве ракетны ўдар. Пашкоджаны дзесяць жылых дамоў, ракета трапіла ў жылы трохпавярховы дом. Пацярпелі 17 чалавек, двое — у цяжкім стане. Удар быў нанесены ракетамі С-300.
«Сярод параненых вайскоўцаў няма, усе грамадзянскія. Траплянне па грамадзянскім аб'екце, у якім жывуць звычайныя жыхары Харкава, у цэнтры, зноў паказвае, што гэта тэрарыстычны акт, зроблены з мэтай запалохвання і знішчэння насельніцтва», — заявіў кіраўнік паліцыі вобласці Уладзімір Цімошка.
Паводле яго слоў, пашкоджана таксама бальніца насупраць дома, дзе адбылося траплянне. У медыцынскай установе было ўзгаранне двух паверхаў. Параненых сярод персаналу няма, пацыентаў на момант удару ў бальніцы не было.
У расійскім Белгарадзе ўначы былі выбухі. Улады заявілі, што над горадам СПА збілі мінімум сем беспілотнікаў. Паводле папярэдніх звестак — пацярпелых няма.
У Мінабароны РФ заявілі аб знішчэнні чатырох беспілотнікаў і сямі ракет.
* * *
Уладзімір Пуцін стварае інфармацыйныя ўмовы для будучай эскалацыі супраць балтыйскіх краін, пішуць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW). На думку аналітыкаў, Пуцін гэта робіць, верагодна, як частку больш шырокай спробы аслабіць НАТА.
16 студзеня Пуцін заявіў, што Латвія і іншыя краіны Балтыі «выкідваюць этнічных расійцаў» са сваіх краін і што гэтая сітуацыя «непасрэдна ўплывае на бяспеку Расіі».
У ISW пакуль не заўважылі ніякіх прыкмет таго, што расійская атака супраць краін Балтыі непазбежная або імаверная, аднак Пуцін можа ствараць інфармацыйныя ўмовы для будучых агрэсіўных дзеянняў Расіі за мяжой на падставе абароны сваіх «суайчыннікаў», лічаць эксперты.
* * *
У ISW не абмінулі ўвагай і заяву пра тое, што ў ваеннай дактрыне Беларусі будзе прапісана выкарыстанне ядзернай зброі.
Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін заявіў на пасяджэнні Савета Бяспекі Беларусі 16 студзеня, што ў праекце новай ваеннай дактрыны Беларусі ўпершыню прадугледжана прымяненне расійскай тактычнай ядзернай зброі, размешчанай у Беларусі. «Хоць спецыфіка таго, як новая дактрына прымяняецца да тактычнай ядзернай зброі, незразумелая, ISW не выявіла ніякіх прыкмет таго, што Расія ці Беларусь імкнуцца да ядзернай эскалацыі, і працягвае ацэньваць, што ўжыванне Расіяй ці Беларуссю ядзернай зброі застаецца малаверагодным», — адзначаюць эксперты.
Уключэнне прымянення тактычнай ядзернай зброі ў ядзерную дактрыну Беларусі, верагодна, адлюстроўвае разгортванне Расіяй расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі ў 2023 годзе.