«Жанчына з дзіцем да сям'і не дацягвае. Не кажучы ўжо пра мужчыну з дзіцем
Нетрадыцыйную сям'ю прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы Беларусі. Цяпер беларуская сям’я — гэта «саюз паміж жанчынай і мужчынам па нараджэнні». Гэта значыць, жанчына з дзіцём да сям'і не дацягвае. Не кажучы ўжо пра мужчыну з дзіцём. Ці, скажам, бабулю з двума ўнукамі.
Сям'я і радзіма ў небяспецы. Радзіма, якую пабудавалі для сабе беларускія ўлады, і сям'я, як яны яе сабе ўяўляюць. Таму ў новую канцэпцыю нацыянальнай бяспекі ўключылі палажэнні аб абароне традыцыйнай сям'і. Таму што нетрадыцыйная сям'я — «пагроза нацыянальнай бяспецы», піша ў Plan BАндрэй Бранішэўскі.
Уключылі, натуральна, па просьбах працоўных. Беларускія ўлады нічога не робяць, калі іх не папросяць працоўныя. Тут галоўнае — знайсці сабе адпаведных працоўных і папрасіць, каб яны папрасілі пра што-небудзь патрэбнае.
Гэтым разам у ролі неабыякавых працоўных выступілі «прадстаўнікі рэлігійных канфесій, Беларускага саюза жанчын, БРСМ», а таксама шэраг ініцыятыўных грамадзян. Падазраю, што ўсіх гэтых ініцыятыўных грамадзян мы нават ведаем па імёнах. Пытаннямі традыцыйнай гендарнай бяспекі ў краіне, у прынцыпе, увесь час цікавяцца адныя і тыя ж грамадзяне. Якія дакладна ведаюць, якой павінна быць традыцыйная сям'я.
«У абноўленым варыянце канцэпцыі зроблены акцэнт на ўсямернай абароне і зберажэнні інстытута традыцыйнай беларускай сям'і як саюза паміж жанчынай і мужчынам па нараджэнні», — паведаміў сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Гэта значыць, жанчына з дзіцем да сям'і не дацягвае. Не кажучы ўжо пра мужчыну з дзіцем. Ці, скажам, бабулю з двума ўнукамі. Сёстры, якія жывуць разам. І страшна ўжо нават сабе ўявіць, далёкія сваякі. Вызначылі вам ініцыятыўныя грамадзяне, што павінны быць мужчына і жанчына па нараджэнні — будзьце ласкавыя.
А калі не атрымліваецца адпавядаць, то гэта толькі ваша асабістая праблема. Таму што ўлада з прынцыпамі сваёй нацыянальнай бяспекі ў гендарных пытаннях ужо вызначылася.
Нездарма ж з мінулага года па ініцыятыве ініцыятыўных грамадзян у школьных дзённіках прыбралі фразу «законныя прадстаўнікі» дзіцяці. Замянілі яе на «бацькі». Таму што для змагароў за гендарную чысціню дзеці, якія засталіся без бацькоў, як бы і не існуюць. Супярэчаць традыцыйным каштоўнасцям.
А традыцыйныя каштоўнасці — яны такія. Суворыя. Лепш ім лішні раз не супярэчыць. Гэта раней ідэя прывесці ўсіх да ідэалу правільнай традыцыйнай сям'і была проста дзіўнай ініцыятывай дзіўных грамадзян. А цяпер дзіўныя ўяўленні ініцыятыўных грамадзян аб тым, якой павінна быць правільная сям'я, сталі афіцыйнай дактрынай нацыянальнай бяспекі.
Акрамя канцэпцыі нацбяспекі ў Лукашэнкі яшчэ абмяркоўвалі вайсковую дактрыну. «Беларусь не разглядае ні адзін народ як свайго ворага, нягледзячы на дзеянні іх урадаў», — запэўніў усхваляваных беларусаў міністр абароны Хрэнін.
Так што з усіх народаў беларускія ўлады аддаюць перавагу ваяваць з уласным. За ім жа не стаіць непрыемны ўрад, які за свой народ і пастаяць можа.