Вось і пазнаёміліся. Папулярны дадатак Tinder сыходзіць з Беларусі
Папулярны ў свеце дадатак для знаёмстваў Tinder сыходзіць з Беларусі. Да сканчэння працы застаецца ўсяго месяц. Што будзе з беларускімі акаўнтамі і падпіскамі?
![4500x3000_0xac120004_14784950291683030919.jpeg 4500x3000_0xac120004_14784950291683030919.jpeg](/img/v1/images/4500x3000_0xac120004_14784950291683030919.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Амерыканская кампанія «Match Group», якая валодае папулярным дадаткам для знаёмстваў Tinder, прыняла рашэнне спыніць працу сваіх сэрвісаў у Беларусі. Адпаведнае апавяшчэнне атрымалі беларускія карыстальнікі сэрвісу.
У паведамленні адзначаецца, што доступ да Tinder з тэрыторыі Беларусі знікне 15 лютага. Ад таго моманту карыстальнікі, якія знаходзяцца ў Беларусі, не змогуць скарыстаць асноўныя функцыі прыкладання.
«З 15 лютага вы не зможаце карыстацца сэрвісамі Tinder або ўвайсці ў свой акаўнт на тэрыторыі Беларусі. Да гэтага часу вы зможаце ствараць пары і мець зносіны ў чаце», — гаворыцца ў развітальным паведамленні Tinder.
Удакладняецца, што з названай даты карыстальнікам нельга будзе афармляць падпіскі і рабіць пакупкі. Ім рэкамендавана выдаткаваць усе суперлайкі і бусты да 15 лютага або зрабіць запыт на вяртанне сродкаў.
Адзначаецца, што тыя платныя падпіскі, якія павінны скончыцца пасля 15 лютага, не будуць аўтаматычна падаўжацца.
З Расіі сэрвіс сышоў яшчэ ў 2022 годзе
Відавочна, што рашэнне кампаніі «Match Group» звязана з вайной ва Украіне, якую працягвае пуцінская Расія і ў якой ёй дапамаае лукашэнкаўская Беларусь. З РФ Tinder сышоў нашмат раней — паўтара года таму.
30 чэрвеня 2022 года Tinder перастаў працаваць у Расіі. У дадатку стала нельга свайпаць анкеты — пры спробе зрабіць гэта высвечвалася інфармацыя пра памылку і просьба зайсці пазней. Яшчэ ў красавіку 2022 года сэрвіс перастаў прымаць плацяжы з расійскіх карт і адключыў платныя опцыі для жыхароў краіны, хоць доступ да дадатку тады захаваўся.
«Мы адданыя абароне правоў чалавека. Нашы брэнды робяць крокі для абмежавання доступу да сваіх паслуг у Расіі і завершаць свой сыход з расійскага рынку да 30 чэрвеня 2023 года», — гаварылася ў заяве.
Чаму «адданы абароне правоў чалавека» сэрвіс яшчэ паўтара года працаваў у Беларусі, дзе працягваюцца жудасныя рэпрэсіі, ад якіх гінуць людзі, невядома.
Папулярнае і часткова платнае прыкладанне для
мабільных платформаў Android і iOS, Tinder прызначаны для рамантычных знаёмстваў у адпаведнасці з зададзенымі параметрамі і з улікам геалакацыі.
Магчыма падключэнне профілю праз фэйсбук, акаўнт Google або
нават па нумары тэлефона. Кіруецца амерыканскай карпарацыяй «Match Group»,
даччынай кампаніяй IAC.