Класкоўскі: Лукашэнка не хоча нарывацца на вайну з NATO, але вымушаны ісці ў фарватары Крамля

Палітычны аналітык разважае над «квантава-хвалявым дуалізмам» у мазгах кіроўнай вярхушкі Беларусі і беларускай прапаганды. Яны адначасова кажуць і пра небяспеку для беларускіх межаў, і пра тое, што істотнай небяспекі няма. Такое «раздваенне ў галовах» — стары прыём дыктатараў.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__16__logo.jpg

Аляксандр Лукашэнка любіць казыраць, што ён стары памежнік. Калі выпадае, правадыр рэжыму ў духу савецкай прапаганды нагнятае жарсці з нагоды небяспекі на святой мяжы, інтрыг ворагаў, якія, як ён аднойчы выказаўся, «па перыметры стаяць і пстрыкаюць зубамі: хутчэй бы мы ўпалі». Не абышлося без дэманізацыі суседзяў, а таксама беларусаў замежжа і гэтым разам, піша Аляксандр Класкоўскі ў «Позірку».

Зацвярджаючы 23 студзеня рашэнні на ахову дзяржмяжы ў 2024 годзе, Лукашэнка падкрэсліў: «...У нас асаблівая сітуацыя: на поўдні — вайна, на захадзе — Польшча, Літва, балтыйскія дзяржавы — і таго горш. Падкрэсліваю: і таго горш. Там рыхтуюцца адпаведныя атрады, палкаводцы вызначаныя».

Старшыня Дзяржпагранкамітэта Канстанцін Моластаў далажыў, што ў Літве прыгранічная тэрыторыя актыўна выкарыстоўваецца для дыслакацыі падраздзяленняў Узброеных Сіл ЗША і Германіі. З іх удзелам рэгулярна праводзяцца вучэнні аператыўна-тактычнага ўзроўню. Усяго ў 2023 годзе было праведзена да 12 вучэнняў.

«Вайскоўцам трэба мець [гэта] на ўвазе і трымаць іх, шчыра скажам, у прыцэле», — даў наказ Лукашэнка.

Трыццаць «Абрамсаў» пойдуць на Мінск?

Трымаць у прыцэле — значыць сустрэць агнём у выпадку ўварвання. Але гэта відавочна штучнае раздзіманне пагрозы. Па звестках з адкрытага друку, у Літве на ратацыйнай аснове дыслакуюцца шматнацыянальная баявая група NATO колькасцю каля 1,5 тыс. чалавек пад кіраваннем нямецкага штаба, а таксама амерыканскі танкавы батальён (каля 500 чалавек, тры дзясяткі «Абрамсаў»). Сама літоўская армія нашмат меншая за беларускую.

Зразумела, што гэта не тыя сілы, якімі можна здзейсніць бліцкрыг супраць сінявокай Рэспублікі. Нават калі б такія жаданні былі.

Але наадварот, умацаванне ўсходняга флангу NATO было выкліканае агрэсіўнымі дзеяннямі Масквы супраць Украіны. У штабах Паўночнаатлантычнага альянсу напэўна няма вар'ятаў, якія песцяць мары напасці на краіну, за спінай якой стаіць ядзерная Расія. Дый у саму Беларусь, як запэўніваюць Лукашэнка і ягоныя генералы, завезеная расійская ядзерная зброя.

Нядаўна міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў: у абноўленай ваеннай дактрыне мы, маўляў, «дакладна вызначылі і даводзім погляды Рэспублікі Беларусь на прымяненне размешчанай на нашай тэрыторыі тактычнай ядзернай зброі». Лукашэнка, размаўляючы 19 студзеня з работнікамі завода «БелДжы», казыраў: «Як толькі ў Беларусі з'явілася ядзерная зброя — усе крылы апусцілі. І суседзі, ашалелыя нашы, і іншыя».

Глядзіце таксама

Вальфовіч палохае харугвамі

Дык крылы апусцілі — ці точаць зубы, рыхтуюцца нападаць? У прапагандысцкіх заявах логіку шукаць бессэнсоўна.

З аднаго боку, правадыр рэжыму, які ўявіў сябе чальцом ядзернага клуба, паўтарае, што на ядзерную краіну ніхто не наважыцца напасці. З іншага боку — раз-пораз ставіць пласцінку аб захопніцкіх планах суседзяў. Палякі, маўляў, хочуць адхапіць палову Беларусі, кіраўніцтва NATO будуе планы агрэсіі і т. п.

Зрэшты, гэтым разам акцэнт зроблены на падрыхтоўцы ў суседніх краінах атрадаў з беларускіх грамадзян — тых, каго Лукашэнка, ягоныя сілавікі і прапагандысты пагардліва называюць «збеглымі».

Кіраўнік падкрэсліў сёння, што ў Беларусі ведаюць «байцоў гэтых атрадаў», якія гатовыя ж ужо ваяваць супраць уласнай краіны. «Таму, як я заўсёды вайскоўцам кажу і асабліва міністру абароны, мы не павінны нічога празяваць, па-народнаму кажучы», — нагнятаў атмасферу правадыр.

Днямі гэтую ж тэму раскручваў па тэлевізары дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. З ягоных слоў, на тэрыторыі Польшчы, краін Балтыі і Украіны «рыхтуюцца дыверсійна-выведвальныя групы, незаконныя ўзброеныя фармаванні з збеглых з тэрыторыі Расіі, Беларусі — розных крымінальнікаў усіх масцяў, бо нармальныя людзі не пойдуць у гэтыя структуры».

Больш за тое, нібыта «польскае, прыбалтыйскае кіраўніцтва заахвочвае гэта, рыхтуе і заяўляе пра гэта адкрыта: “мы рыхтуем харугвы, баявыя ячэйкі”, каб адправіць іх у тым ліку на тэрыторыю Беларусі і правесці, як яны называюць, дэмакратычным шляхам звяржэнне ўлады».


Глядзіце таксама

Кіеву не да таго, каб тузаць Лукашэнку за вусы

На самай справе такіх заяў афіцыйныя асобы гэтых краін ніколі не рабілі. Можна ўспомніць толькі леташняе інтэрв'ю вядомага экстравагантнымі тырадамі адстаўнога польскага генерала Вальдэмара Скшыпчака. Той заклікаў: «Давайце рыхтавацца да паўстання ў Беларусі <...> трэба быць гатовымі падтрымаць тыя падраздзяленні, якія будуць праводзіць аперацыю супраць Лукашэнкі». Па гэтым выказванні ўдосталь патапталася Беларуская дзяржпрапаганда.

Але Скшыпчак разважаў пра сітуацыю, якая можа скласціся ў выпадку поспеху ўкраінскага контрнаступлення. Маўляў, тады «тыя ўзброеныя беларусы, якія ўваходзяць у склад вайсковага патэнцыялу ўкраінскага войска, не складуць зброю. Яны паедуць у Беларусь. Я спадзяюся, што гэта выкліча паўстанне ў Беларусі».

Аднак контрнаступленне, як вядома, не задалося. На сёння расійскія войскі самі наступаюць, становішча Кіева пагаршаецца яшчэ і праблемамі з атрыманнем заходняй дапамогі.

Само кіраўніцтва палка Кастуся Каліноўскага (ПКК) — найбольш вядомага падраздзялення беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны — далёкае ад бравады і шапказакідальніцтва.

Намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук 21 студзеня на сустрэчы з беларусамі ў Варшаве падкрэсліў: гэтая баявая адзінка знаходзіцца ў складзе Узброеных сіл Украіны і строга падпарадкоўваецца іх іерархіі. Са слоў Кабанчука, для заходу ПКК у Беларусь «няма адпаведных умоў, нейкая дробная дыверсійная аперацыя была б выкарыстаная ў поўнай меры рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна». Камандзір палка Дзяніс Прохараў дадаў: «Украіне гэта цяпер не трэба. Мы не хочам правакацый».

Сапраўды, Кіеў вядзе ў дачыненні да Мінска прагматычную лінію, каб не дапусціць узнікнення другога фронту. І калі на тэрыторыю РФ добраахвотніцкія фармаванні расійцаў, якія ваююць за Украіну, часам заходзяць, то ПКК такіх дзеянняў на тэрыторыі Беларусі ніколі не рабіў. Зараз жа, мяркуючы па сюжэце вайны, Кіеву тым больш не да таго, каб тузаць Лукашэнку за вусы.

Глядзіце таксама

Каліноўцаў ці малююць прыніжальна, ці дэманізуюць

У заявах Лукашэнкі і сілавікоў наконт каліноўцаў логіку таксама шукаць цяжка. Правадыр рэжыму час ад часу адлюстроўвае ПКК гэткім пацешным палком, поўнай бутафорыяй.

Напрыклад, у чэрвені мінулага года была намаляваная такая жаласлівая карціна: «Кажуць — полк Каліноўскага. Там менш за дзвесце чалавек, ужо, можа, і сто сёння: загінула вельмі шмат. Яны ў шоку: “Хачу вярнуцца. Я ў дыктатуры буду жыць”. А нельга вярнуцца: не пускаюць, загарадатрады ззаду».

Між тым старшыня КДБ Іван Церцель у кастрычніку 2022 года, наадварот, гіпертрафаваў сілу гэтых ворагаў. Ён маляваў такі сцэнар імавернай інтэрвенцыі: маўляў, «баевікі», уварваўшыся з Украіны, могуць захапіць райцэнтр (меркавана Маларыту), а потым, «паступова, наносячы страты нашым праваахоўнікам, яны будуць прасоўвацца да Мінска».

Карацей, могуць прайсці як нож скрозь масла. Цікава, а дзе ж будуць у гэты час прахалоджвацца доблесныя гадаванцы Хрэніна, шматлікія спецназы намеснік кіраўніка МУС Мікалая Карпянкова?

А ў снежні мінулага года Церцель заявіў, што «на тэрыторыі Польшчы цяпер сем так званых харугваў рыхтуюцца да тэрактаў і захопу аб'ектаў на беларускай тэрыторыі».

Гаворка ідзе пра шэраг спартыўна-патрыятычных клубаў беларусаў-эмігрантаў у Польшчы і Літве, аб'яднаных у «Паспалітае рушэнне». Яны дзейнічаюць там легальна. Наколькі можна зразумець, да стварэння гэтай сеткі прыклалі руку Валерый Сахашчык — «сілавы міністр» у кабінеце Святланы Ціханоўскай, а таксама аб'яднанне былых сілавікоў ByPol. Потым «Паспалітае рушэнне» абвясціла аб самастойным статусе.

Па ўскосных даных можна меркаваць, што харугвы не надта шматлікія, у іх ёсць праблемы з рэсурсамі. У лютым 2023 года тагачасны кіраўнік арганізацыі Сяргей Кедышка паведаміў, што ў васьмі харугвах — больш за 150 чалавек. У кастрычніку мінулага года афіцыйны прадстаўнік аб'яднання Сяргей Бяспалаў заявіў, што добраахвотнікаў ужо амаль 400, пры гэтым чэргаў на запіс няма, некаторыя людзі сыходзяць, перастала існаваць Гданьская харугва.

Так, людзі з гэтага руху не хаваюць, што гатовыя, калі і калі складуцца ўмовы, змагацца супраць рэжыму Лукашэнкі і са зброяй у руках. Але цяпер і ў агляднай перспектыве гэта як мінімум не тыя сілы, якім па плячы інтэрвенцыя ў Беларусь. Дый Варшава, Вільня не далі б адмашкі на такія дзеянні: барані Божа!

Наадварот, у Польшчы, краінах Балтыі ды і ў старой Еўропе з нарастаючай трывогай кажуць пра імавернае расійскае ўварванне (магчыма, з удзелам беларускіх войскаў), непакояцца, ці хопіць сіл адбіцца. А ў балтыйскіх краінах яшчэ і не ўпэўненыя, ці прыйдуць на дапамогу іншыя чальцы NATO, калі Расія і Беларусь праб'юць праславуты Сувалкскі калідор.

Глядзіце таксама

Вобраз абложанай крэпасці — класіка дыктатарскага жанру

Чаму ж Лукашэнка і ягоныя сілавікі раздзімаюць пагрозу, паўтараюць пра агрэсіўныя планы натаўцаў і «збеглых»?

Усё проста: трэба неяк апраўдаць мілітарызацыю дзяржавы, размяшчэнне тут расійскай ядзернай зброі. Стварэнне атмасферы абложанай крэпасці — стары прыём дыктатараў. Лукашэнка не такі дзівак, каб сапраўды нарывацца на вайну з NATO, але ён вымушаны ісці ў фарватары Крамля, які кінуў выклік усяму дэмакратычнаму свету.

Акрамя іншага, тэзісам «ворагі не дрэмлюць» зручней тлумачыць, чаму яшчэ мацней закручваюцца гайкі, а выбарчая кампанія ператвараецца ў спецаперацыю, якую ў поўным узбраенні забяспечваюць сілавікі.

Свежы выпад Лукашэнкі ў польскі бок можа казаць і пра тое, што яго надзеі зварыць кашу з новым урадам у Варшаве разбураюцца. І гэтыя, аказваецца, не любяць дыктатуру.