Аляксандр Казак: Доступ Лукашэнкі да «ядзернага чамаданчыка» можа сыграць супраць Пуціна

Лукашэнка страшэнна баіцца магчымасці паўтораў «белгарадападобных» кейсаў, але ўжо на тэрыторыі Беларусі. Адсюль — мілітарызацыя грамадства і страшылкі пра ядзерную зброю, доступ да якой ён наўрад ці атрымае, упэўнены спецыяліст у сферы бяспекі Аляксандр Казак.

1625826917_9_kartinkin_com_p_yadernii_vzriv_art_art_krasivo_9_1_logo_1.jpg

Лукашэнка правёў нараду па абмеркаванні новага праекту Ваеннай дактрыны. Самога дакумента ў адкрытым доступе няма, але сутнасць правак паспрабаваў распавесці міністр абароны Віктар Хрэнін.

Сярод слізкіх фраз чапляе толькі адна: «У рамках рэагавання на магчымыя пагрозы ваеннай бяспецы нашай краіны мы дакладна вызначылі і даводзім погляды Беларусі на прымяненне тактычнай ядзернай зброі, размешчанай на нашай тэрыторыі». Увесь час у Крамлі казалі, што кантроль за расійскай ядзернай зброяй застаецца за Расіяй, а тут – бац! – і ўжо Хрэнін з Лукашэнкам збіраюцца «прымяняць» ядзерную зброю.

Гэтая нарада фактычна супала са скандальнай публікацыяй нямецкага таблоіда Bild, якая апісвае пачатак вайны Расіі супраць NATO. Згодна са сцэнаром, Расія атакуе ўсходні фланг Альянса ў 2025 годзе. Падзеі, апісаныя ў публікацыі, пачынаюцца ў лютым 2024 года, а галоўная роля ў вайне адведзеная Беларусі.

Чаму спатрэбілася перапісваць Ваенную дактрыну? Ці атрымаў Лукашэнка доступ да ядзернай кнопкі? І што не так з публікацыяй Bild?

«НЧ» пагутарыў з Аляксандрам Казаком, спецыялістам у сферы нацыянальнай бяспекі.

— Патрэба перапісаць Ваенную дактрыну ўзнікла на фоне з’яўлення ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі ці дзеля падтрымкі інфармацыйнай хвалі пра з’яўленне ядзернай зброі. Апрача таго, за апошнія амаль тры гады вельмі моцна змянілася структура бяспекі, што ў пэўнай ступені вымагае новых падыходаў. 

Карэкціроўку Ваеннай дактрыны таксама можна разглядаць у адной звязцы з мілітарызацыяй грамадства, а дакладней, «молодых неокрепших умов»: дзесяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў, якія ў перспектыве пойдуць у беларускае войска, бо на сённяшні дзень «ўцячы» ад беларускай арміі стала нашмат-нашмат складаней. 

— То-бок, мілітарызацыя – усур’ёз і надоўга? Беларускі рэжым разлічвае, што мілітарызацыя зацягнецца на доўгія гады?

— Цалкам верагодна, што трэнд на мілітарызацыю будзе насіць вельмі працяглы характар. Беларускі рэжым бярэ на ўзбраенне прынцып «вакол ворагі». Гэтая думка фактычна падпітваецца адсутнасцю маладых людзей, гатовых служыць у беларускім войску. Таму і ўзнікаюць дзіўныя размовы, праграмы па вывучэнні амерыканскіх танкавых карпусоў, па навучэнні старшакласнікаў вядзенню допытаў, таму праходзяць вучэнні нават членаў КПБ, з гэтай мэтай ствараюцца і «народныя апалчэнні» і іншыя, абсалютна непатрэбныя структуры. Стратэгічна непатрэбныя структуры, калі браць на здаровы розум.

— Новы праект Ваеннай дактрыны не апублікаваны. Аднак ейную сутнасць патлумачыў міністр Хрэнін. Фраза пра прымяненне ядзернай зброі выклікае некалькі пытанняў, і першае з іх: ці ёсць пацвярджэнні таго, што ядзерная зброя ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі?

— Доказаў — фактычных і рэчаўных — у адкрытым доступе няма, падкрэсліваю: у адкрытым доступе. Чаго не магу сказаць пра даныя розных выведак і контрвыведак, якія, напэўна, валодаюць такой інфармацыяй.

Па-другое, цалкам магчыма, што рэжым хоча скарыстацца прапагандысцкай магчымасцю і зладзіць фарс і шоў, незалежна ад таго, знаходзіцца ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі ці яе няма. Бо гаворка, між іншым, ідзе пра тое, што Лукашэнка страшэнна баіцца магчымасці паўтораў «белгарадападобных» кейсаў, калі Легіён свабоды Расіі ўвайшоў у Белгарадскую вобласць, але ўжо на тэрыторыі Беларусі. Цалкам верагодна, што на пэўным узроўні паміж Беларуссю і Украінай існуе негалосная дамова пра ненапад, але такая дамова не гарантуе Лукашэнку спакой. Таму Лукашэнка спрабуе запужаць навакольны свет наяўнасцю ядзернай зброі.

Апрача таго, новая рэдакцыя Канстытуцыі не прапісвае наяўнасць ядзернай зброі ў Беларусі, таму беларускі рэжым імкнецца ўраўнаважыць тэарэтычную наяўнасць ядзернай зброі і рэальныя пагрозы для самога беларускага рэжыму. Як мы памятаем, пасля рэферэндума 2022 года палажэнне пра бяз’ядзерны статус краіны знікла з Канстытуцыі, але не адбылося змены статусу на ядзерную дзяржаву.

Глядзіце таксама

— І другое пытанне, што выцякае з прамовы Хрэніна. Расія ўвесь час заяўляла, што ядзерная зброя на беларускай тэрыторыі знаходзіцца пад кантролем Крамля. Нават сфармулявалі ўмовы, пры якіх ядзерная зброя можа быць выведзеная з тэрыторыі Беларусі. Дык у чыіх руках «ядзерны чамаданчык»?

— Хто будзе прымяняць ядзерную зброю, якая тэарэтычна можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі? Я ўсё-ткі перакананы, што Лукашэнка не атрымае такой магчымасці. Па-першае, гэтая ядзерная зброя – расійская, яна завязаная на расійскіх сістэмах сувязі, на расійскіх носьбітах. А даць Лукашэнку доступ да ядзернай кнопкі — даволі небяспечна для самога Пуціна. 

Уявім сабе сітуацыю (гэта тэорыя, якую я прашу не ўспрымаць як канкрэтны сцэнар), калі пачне падаць рэжым Пуціна, Лукашэнка будзе намагацца здаць яго, «зліць» яго. У такім выпадку доступ Лукашэнкі да ядзернага чамаданчыка можа сыграць супраць Пуціна. Таму Крэмль не дасць доступ Лукашэнку да ядзернай зброі, хаця верагоднасць кансультацый і супрацы выключаць нельга.

Але я не думаю, што сітуацыя дойдзе да ўжывання ядзернай зброі. Хаця, магчыма, я занадта аптымістычны.

— Чаму? Верагоднасць ужывання ядзернай зброі высокая?

— Мы ведаем аднаго чалавека, які казаў, што ў верасні 2023 года адбудуцца абстрэлы Польшчы і Літвы беларускай ядзернай зброяй. Нешта я не чую больш гэтага ядзернага пылу і задору.

— Нямецкі таблоід Bild агучыў сцэнар вайны Расіі супраць NATO, якая можа пачацца ўжо зімой 2025 года, а галоўную ролю ў ёй адыграе Беларусь. Учора з’явіліся тлумачэнні. Згодна з імі, першы этап — спроба РФ і беларускага рэжыму ўнесці разлад паміж краінамі Балтыі і рускамоўным насельніцтвам — ужо пачаўся…

— Расія заўсёды была максімальна зацікаўленая ў дэстабілізацыі краін Балтыі і Польшчы. Пагаршэнне GPS-сігналу на тэрыторыі Польшчы нібыта стала вынікам працы расійскіх РЭБаў на тэрыторыі Калінінграда. Гэтам цалкам магчыма. Але пагаршэнне GPS-сігналу на тэрыторыі Польшчы адбывалася і раней, але не гэта не так моцна звярталі ўвагу. 

Не маю я моцнага даверу да Bild. А ўсе, хто падхапіў гэтую тэму, чамусьці забываюць наконт прагнозаў выдання адносна Украіны. Так, Bild спасылаўся на звесткі інфарматараў пра тое, што адбудзецца поўнамаштабнае ўварванне на тэрыторыю Украіны. Але гэтая інфармацыя распаўсюджвалася яшчэ да публікацыі Bild. 

Сапраўды, Bild мае добрыя кантакты на Усходзе, гэта факт, часам выданне з’яўляецца такім медыйным медыятарам Украіны з астатнім светам. 

Публікацыя Bild, якая нарабіла багата шуму, — гэта дакументы Бундэсвера адносна камандна-штабной сімуляцыі. І не трэба раздуваць з-за гэтага істэрыку, што нібыта выданне мае дакладную інфармацыю пра напад Расіі на NATO. Калі нават ацэньваць апублікаваную інфармацыю, то Расія на сёння ўжо вельмі і вельмі моцна спазняецца з рэалізацыяй сваіх планаў. 

Падобныя камандна-штабныя гульні ці сімуляцыі адбываюцца рэгулярна, і маюць вялікую колькасць сцэнароў. Калі многія краіны свету ўспрымаюць Расію як патэнцыйнага ворага, як пагрозу, то інтэнсіўнасць сімуляцый узрастае шматкроць. Гэта той самы прыклад, калі Расія стала адназначным ворагам і пагрозай для многіх краін, з-за чаго і праводзяцца вучэнні, сімуляцыі, даследаванні.

Насамрэч, дрэнна, што Bild апублікаваў гэты сцэнар. Але з іншага боку, выданне вярнула ў міжнародную ўвагу Украіну. Але наяўнасці гэтых дакументаў трэба радавацца, бо гэта азначае, што Германія і яе саюзнікі клапоцяцца пра нашую бяспеку. Было б нашмат горш, каб такіх дакументаў не было. 

Глядзіце таксама