454-ты дзень вайны: Добраахвотнікі зладзілі прарыў у Белгарадзе, «Вагнер» сыходзіць з Бахмута
Падчас учорашняга прарыву ў Грайваронскі раён Белгарадскай вобласці РФ было ліквідавана два расійскія вайскоўцы, яшчэ чацвёра — параненыя. Нагадаем, 23 траўня падраздзяленні Рускага добраахвотніцкага корпусу і легіёну «Свабода Расіі» (абодва ваююць на баку Украіны) знянацку ўварваліся ў памежную Белгародчыну і нарабілі там шмат шуму.
Як паведамляюць расійскія тэлеграм-каналы,
учора падчас прарыву ў Белгарадскую вобласць адбыўся абстрэл з рэактыўнай
сістэмы залпавага агню нібыта з тэрыторыі Украіны.
«Атацы падвергнуўся і так званы аб'ект «Белгарад-22» — закрыты ваенны гарадок. У выніку абстрэлу аб'екта загінулі два расійскія вайскоўцы, яшчэ чатыры чалавекі атрымалі раненні», — паведамляюць каналы.
Учора добраахвотніцкія падраздзяленні, складзеныя з расійцаў, якія ваююць на баку Украіны, зайшлі на тэрыторыю Расіі, дзе нібыта нават занялі некалькі памежных населеных пунктаў.
У Крамлі заявілі, што аб прарыве расійскай мяжы дакладзена Пуціну. Пазней у Белгарадскай вобласці ўвялі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Сёння гэты рэжым працягнулі. Былі паведамленні, што жыхары вобласці ў вялікай колькасці нават эвакуююцца ў суседнія гарады.
Таксама ноччу дронамі былі атакаваныя будынкі МУС і ФСБ у Белгарадзе.
Паводле даных аналітыкаў Інстытута вывучэння вайны (ISW), паніка, неспакой і адсутнасць згуртаванасці ў каментаванні гэтых падзей у Расіі сведчаць аб тым, што такога развіцця падзей там ніхто не чакаў. Прапаганда «зламалася» ў спробах каментаваць падзеі.
Сітуацыя ў Белгарадскай вобласці справакавала ў расійскай інфармацыйнай прасторы паніку, фракцыйнасць і няўзгодненасць. Гэта сведчыць тое, што прапагандысцкая машына перажыла значныя інфармацыйныя ўзрушэнні. Эксперты ISW зрабілі такую выснову на падставе паведамленняў так званых «ваенкараў» і блогераў, якія рабілі ўласныя здагадкі адносна налёту на Белгарадскую вобласць.
Некаторыя
праваенныя блогеры зацыкліліся на тым, што дыверсійныя групы, якія зайшлі на тэрыторыю РФ, складаюцца ў асноўным з расійцаў, назвалі іх здраднікамі, беспадстаўна
абвінаваціўшы ў працы на ўкраінскае ГУР.
У той жа час некалькі прапагандыстаў выказалі здагадку, што атака была мэтанакіраванай інфармацыйнай аперацыяй, якая мела на мэце адцягнуць увагу ад нібыта захопу Бахмута і пасеяць паніку ў расійскай інфармацыйнай прасторы.
Тэрарыст і баявік Ігар Стралкоў-Гіркін заяўляў, што прадбачыў такія рэйды і лічыць іх часткай больш шырокай украінскай контрнаступнай стратэгіі. А кіраўнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын, каментуючы інцыдэнт, абвінаваціў расійскі ўрад і Мінабароны ў садзейнічанні нападу праз няздольнасць умацаваць межы.
У ISW адзначаюць, што першая лінія расійскіх абарончых умацаванняў пралягае за два кіламетры ад вёскі Гара-Падол. Ёсць здагадка, што добраахвотнікам удалося прабіць яе. Гэта сведчыць аб слабасці гэтых умацаванняў і неўкамплектаванасці прафесійным асабовым складам.
Аналітыкі ISW заключаюць, што большасць расійскіх праваенных блогераў адрэагавала на падзеі рознымі турботамі, трывогамі і гневам, а інфапрастора не згуртавалася вакол адной цэласнай рэакцыі на тое, што адбылося. Гэта сведчыць пра тое, што яна заспела РФ знянацку.
Тым часам у Бахмуце і яго
ваколіцах працягваюцца абмежаваныя баявыя дзеянні. На паўночна-заходніх і
заходніх ускраінах горада акупанты правялі беспаспяховыя наземныя атакі.
Пра гэта гаворыцца ў той жа свежай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW). На кадрах з геалакацыяй відаць, што вагнераўцы прасоўваліся да трасы T0504 у паўднёва-заходнім раёне Бахмута. Акрамя таго, паводле некаторых даных, баі працягваюцца ў раёне Хромава, а на поўдзень ад горада ў раёне Белай Гары акупанты распачалі спробу абмежаванай наземнай атакі.
Пры гэтым, як адзначылі ў Інстытуце, празмерная засяроджанасць на заяве аб перамозе ў Бахмуце адцягвае ад небяспечнай сітуацыі ў горадзе і вакол яго, падкрэсліваючы вагу ўплыву завадатара ПВК Вагнера Прыгожына ў інфармацыйнай прасторы.
Як адзначылі аналітыкі, для расійцаў сітуацыя ў Бахмуце асабліва ўразлівая, паколькі іх наступальныя намаганні ў гэтым раёне дасягнулі кульмінацыі, што дае УСУ магчымасць пачаць далейшыя контратакі на ўжо аслабленых флангах расійцаў у горадзе.
Таксама аналітыкі адзначылі, што Прыгожын заявіў, што ягоныя найміты будуць выведзеныя з усёй лініі фронту ва Украіне пасля 1 чэрвеня, каб аднавіцца і трэніравацца цягам двух месяцаў. Прыгожын заявіў 21 траўня — праз дзень пасля таго, як ён абвясціў пра перамогу ў Бахмуце, што вагнераўцы перададуць расійскім рэгулярным войскам кантроль над горадам 25 траўня і цалкам выйдуць з усёй лініі фронту.
Аналітыкі адзначылі, што гэтая заява супадае з іх прагнозам аб тым, што вагнераўцы наўрад ці будуць працягваць баявыя дзеянні за межамі Бахмута з-за сур'ёзнага знясілення і мяжы іх наступальных магчымасцяў.
Паводле ацэнак экспертаў, двухмесячны перыяд аднаўлення, абвешчаны Прыгожыным, можа прывесці да таго, што ПВК будзе адхілена ад супрацьстаяння ўкраінскаму контрнаступленню ў залежнасці ад таго, калі і як яно пачнецца.
Адыход «Вагнера» ад лініі судакранання таксама прывядзе да таго, што Мінабароны РФ укамплектуе абарончыя рубяжы дрэнна забяспечанымі і навучанымі звычайнымі часткамі, падобнымі тым, якія адступілі са сваіх пазіцый, абараняючыся ад украінскіх контратак раней у траўні, мяркуюць аналітыкі.
Таксама эксперты распавялі пра сітуацыю ў Аўдзееўцы. Так, паводле іх даных, акупанты дасягнулі нязначных поспехаў у раёне Аўдзееўкі. На кадрах з геалакацыяй відаць, што расійцы ажыццявілі нязначныя тэрытарыяльныя заваёвы на паўднёвы захад ад Першамайскага, што за 11 км на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі.
Пры гэтым беспаспяховыя атака акупанты правялі каля Новакалінава, Вадзянога і Мар'інкі.
Паводле звестак
украінскага Генштаба, самая складаная сітуацыя цяпер назіраецца на Данбасе. На
некалькіх самых гарачых кірунках УСУ ўчора адбілі больш за 30 нападаў акупантаў.
Эпіцэнтрам баявых дзеянняў З'яўляюцца Бахмут і Мар'інка.
Украінскія сілы
супрацьпаветранай абароны ўначы знішчылі шэсць ударных беспілотных лятальных
апаратаў «Shahed-136/131». Пра гэта паведамляе камандаванне Паветраных сіл УСУ.
Адзначаецца, што РФ усё часцей звяртаецца да ракетных нападаў. У ноч на 22 траўня акупанты атакавалі Днепр, выпусціўшы 16 ракет рознага тыпу і 20 «Шахедаў» — усе беспілотнікі і чатыры крылатыя ракеты паветраныя сілы УСУ збілі. Расійцы ўдарылі па прыватным прадпрыемстве ў горадзе і пашкодзілі тры будынкі. У выніку ўдару пацярпелі 7 чалавек.
Паводле ўкраінскіх медыя