«Пастаянныя перамогі над NATO ў тэлевізары для псіхікі дарма не праходзяць»

Хацеў бы аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» лічыць, што гэта ўжо апошняя стадыя, але мяркуе, што не. Імаверна, за ўвядзеннем факультатываў ваенных перакладчыкаў у школах для допытаў салдат NATO рушыць перамога над Першай Галактычнай Імперыяй.

Малюнак з fotovas.ru

Малюнак з fotovas.ru

Яны е.......ся. Калі б я пісаў табе загалоўкі для сваіх лістоў, то вось такі загаловак я б сёння напісаў. Хоць насамрэч не напісаў бы, вядома. З меркаванняў прыстойнасці. Ну таму, што нельга ж пісаць такія загалоўкі. Але яны рэальна е......ся. (Прамаўляць трэба, ківаючы галавой і з некаторым злёгку нават захопленым... ну хай будзе агаломшаннем у голасе).

Хацеў бы дадаць «канчаткова», але баюся, што не. Баюся, што гэта проста такая новая стадыя. Што ім ёсць яшчэ куды рухацца ў гэтым кірунку. Што ніякіх тэарэтычных меж гэтаму руху няма.

Карацей, Міністэрства адукацыі ўвяло для старэйшых школьнікаў факультатыў ваенных перакладчыкаў па англійскай мове. Каб было каму дапытваць палонных амерыканскіх салдат і чытаць ваенную дакументацыю краін NATO.

Вось адна справа, калі беларускі генерал, які добра пажыў і абцяжараны некаторай залішняй вагой, распавядае ў сябе ў тэлевізары, як правільна «ўрэзаць NATO па зубах». У сваім тэлевізары беларускія генералы адвыклі сябе стрымліваць. У сябе ў тэлевізары практычна любы беларускі генерал можа ўрэзаць па зубах хоць NATO, хоць Першай Галактычнай Імперыі. З аднолькавым, між іншым, вынікам. Таму што ні NATO, ні Першая Галактычная Імперыя гэтага ўсё роўна не заўважаць.

Але вучэбная праграма — гэта ж табе не ператвараць Варшаву ў ядзерны попел у сябе ў тэлевізары. Не Вільнюс браць за тры гадзіны ў прасторы свайго ўяўлення. Вучэбная праграма — гэта ж сур'ёзна. Яе ж трэба распрацаваць. Трэба знайсці настаўнікаў, якія будуць вучыць беларускіх школьнікаў, як правільна дапытваць палонных. Або падцягнуць тых настаўнікаў, якія ёсць. Таму што я трошкі сумняваюся, што сярод школьных педагогаў маецца шмат спецыялістаў па допытах амерыканскіх ваеннапалонных.

Ну гэта значыць, скласці і ўкараніць вучэбную праграму для старэйшых школьнікаў патрабуе трошкі большых намаганняў, чым зладзіць у тэлевізары танкавы прарыў да Берліна. Я ведаю. Танкавыя прарывы да Берліна ў тэлевізары ўжо шмат разоў ладзілі, і кожны раз з нязменным поспехам. Некаторыя нават ужо каву на Манмартры паспелі выпіць пад аховай вагнераўскіх байцоў і беларускай тэрытарыяльнай абароны.

Але знайшліся ж людзі, якія не паленаваліся змарнаваць чужы час. У іх цяпер ёсць гэтая вучэбная праграма, і яны яе збіраюцца ўкараняць. І, мабыць, не толькі ў сябе ва ўяўленні, але насамрэч сярод беларускіх школьнікаў. Гэта значыць сёй-той сапраўды думае, што яму могуць спатрэбіцца ў жыцці школьнікі з навыкамі допытаў палонных салдат армій NATO.

Карацей, яны там у сябе сапраўды е......ся. І ўжо амаль на ўсю галаву. Ну проста пастаянныя перамогі над NATO ў тэлевізары для псіхікі дарма, мабыць, не праходзяць. Узнікае некаторае злёгку перабольшанае ўяўленне аб баявых магчымасцях сваіх генералаў. Ну а чаму б яму і не паўстаць? NATO хоць раз супраць беларускіх генералаў выстаяла? Не ўзгадаю ж ніводнага дакладна пацверджанага выпадку, каб на вучэннях, якія праводзяць беларускія генералы, NATO перамагло.

Хоць, я вось зараз падумаў, што можа пакуль і не на ўсю яшчэ галаву. Можа, навучанне беларускіх школьнікаў допытам амерыканскіх ваеннапалонных — гэта як узяцце сведкамі стабільнасці Варшавы? Такая псіхатэрапія для павышэння самаацэнкі. Таму што для павышэння самаацэнкі ніякіх навучальных праграм не шкада.

А то ў самаацэнкі суцэльныя пакуты з тых часоў, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.