У школе ад дзяцей патрабуюць даведкі з працы бацькоў. Гэта законна?

Навошта адміністрацыі школы ведаць, дзе працуюць бацькі дзіцяці?

imgl0337__1__logo_1_logo.jpg_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

— Дачка кажа, што ў класе ў дзяцей патрабуюць даведкі з месца працы бацькоў. Навошта гэта трэба і ці законна? — пытаецца слухачка «Еўрарадыё», мінчанка Аляксандра (імя змененае).

Доўгія гады ў беларускіх школах сапраўды збіралі звесткі пра тое, дзе працуюць таты і мамы вучняў. Ніякіх дакументаў пры гэтым не патрабавалі. Напрыклад, у канцы 90-х дарослыя пісалі на паперках назвы сваіх арганізацый, і дзеці перадавалі іх класным кіраўнікам — усё.

Не ўсе бацькі цікавіліся, навошта гэта трэба. Не ўсе настаўнікі разумелі, што распаўсюджваць асабістую інфармацыю некарэктна. Напрыклад, усе аднекуль ведалі, што тата ўмоўнага Вані — дырэктар крутой фірмы. Таму ў Вані — замежныя модныя шмоткі і дарагі заплечнік. Часам гэта выклікала зайздрасць і абмеркаванні як сярод саміх настаўнікаў, так і сярод школьнікаў. У кожным зручным выпадку хлопчыку прыгадвалі «багатага тату» і гэтак далей. Але былі і больш сумныя прыклады, калі няспелыя аднакласнікі цкавалі дзяўчынку, бо даведаліся, што яе мама — тэхнічка.

На шчасце, пазней у краіне з'явіўся закон «Пра абарону персанальных звестак». Ці выконваюць яго настаўнікі, якія сёння патрабуюць у дзяцей даведкі з працоўных месцаў бацькоў, і да чаго такі афіцыёз?


Глядзіце таксама

Ад імені слухачкі, якая дадае, што яе выпадак у Мінску не адзінкавы, выданне патэлефанавала ў Міністэрства адукацыі.

— Тут важна разабрацца, з якой мэтай папрасілі гэтую даведку, — патлумачылі ў ведамстве. — Звычайна такія звесткі могуць прасіць, калі дзіця наведвае аздараўленчы лагер на вакацыях. У адпаведнасці з законам, адзін з законных прадстаўнікоў сапраўды мусіць паказаць даведку з месца працы. Але навагоднія вакацыі скончыліся, і да чаго гэта рабіць цяпер — незразумела. Бязглузда.

Калі вашае дзіця не наведвала лагер, тады наогул няясна. Ёсць «Закон пра персанальныя звесткі», абапіраючыся на які, вы маеце права не распаўсюджваць інфармацыю пра тое, дзе працуеце.

То-бок інфармацыю пра працаўладкаванне можна не падаваць у школу, нават калі ніякай даведкі не патрабуецца?

— У нас у журналах няма графы пра месца працы, — адказалі ў Міністэрстве. — З гэтага года такая графа выдаленая. Сапраўды, класныя кіраўнікі часам збіраюць гэтыя звесткі для таго, каб у выпадку чаго маглі аператыўна з вамі звязацца. Вы маеце права не даваць іх.