Сахашчык: Ніякай ядзернай зброі ў Лукашэнкі няма

Палітык і былы вайсковец упэўнены, што тое, чым Лукашэнка і Пуцін пужаюць Еўропу — хутчэй за ўсё, муляж.

Ілюстрацыйная выява: Dream AI

Ілюстрацыйная выява: Dream AI

Мінск уключыў ядзерную зброю ў праект новай ваеннай дактрыны краіны. Новую канцэпцыю нацыянальнай бяспекі Беларусі могуць прыняць падчас Усебеларускага народнага сходу ў канцы красавіка.

У цэнтры канцэпцыі — цесныя саюзніцкія адносіны Мінска з Масквой, ядзерная зброя згадана ў дакуменце ўпершыню. Як заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, яе размяшчэнне ў краіне — гэта «важны складнік стрымлівання праціўнікаў» і «вымушаная мера».

Пра дастаўку першых ядзерных снарадаў у краіну прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў у чэрвені 2023 года. Чаму Беларусь упісвае ў сваю ваенную дактрыну ядзерную зброю Расіі, пакуль незразумела. У сакавіку мінулага года Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Мінск будзе кіраваць любой зброяй на тэрыторыі Беларусі. З Крамля яго тут жа паправілі: прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заклікаў «арыентавацца на тлумачэнні Пуціна». Пазней Лукашэнка змяніў рыторыку і заяўляў, што «ў выпадку агрэсіі» яму ўсё ж давядзецца стэлефанавацца з Пуціным.

Прадстаўнік па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Валерый Сахашчык расказаў у эфіры «Настоящего времени», навошта ўлады Беларусі ўключаюць у ваенную дактрыну ядзерную зброю і ці магла Масква даверыць Мінску «чырвоную кнопку», якая рэальна кіруе гэтай зброяй.


Глядзіце таксама

— Міністр абароны Беларусі ва ўрадзе Лукашэнкі Віктар Хрэнін кажа, што ў рамках рэагавання на магчымыя пагрозы ў новай ваеннай дактрыне вызначылі погляды Беларусі на прымяненне размешчанай у краіне тактычнай ядзернай зброі Расіі. Фармулёўка досыць размытая. Вы разумееце, што яна азначае?

— Увогуле складана зразумець, што яна азначае, бо заявы розных службовых асоб Беларусі і Расіі, якія тычацца ядзернай зброі, вельмі моцна супярэчаць адна адной, супярэчаць логіцы і здароваму сэнсу. З аднаго боку, Лукашэнка і Хрэнін заяўляюць, што Расія можа размясціць на тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю — як Амерыка размясціла, напрыклад, на тэрыторыі Германіі ядзерную зброю. Але Амерыка не перадавала кіраванне гэтай зброяй Германіі, яна сама кіруе сваёй зброяй. А Лукашэнка ходзіць і расказвае, што «чырвоная кнопка» ў яго і кіраваць зброяй будзе ён. І маса іншых нестыковак.

Хутчэй за ўсё, Лукашэнка хлусіць

Расійскі бок адмаўляе любыя магчымасці перадачы кіравання гэтай зброяй Беларусі. І я думаю, што ў дадзенай сітуацыі, хутчэй за ўсё, хлусіць Лукашэнка. Лукашэнку вельмі хочацца падняць значнасць сваёй персоны, таму ён любымі спосабамі спрабуе гэта зрабіць, у тым ліку і такім.

Я яшчэ зрабіў бы заўвагу, што мы не маем пацвярджэнняў таго, што ядзерная зброя сапраўды размешчана на тэрыторыі Беларусі. Цалкам можа быць, што гэта блеф для павышэння напружанасці, для таго, каб суседзі баяліся, каб насельніцтва еўрапейскіх краін пачало задаваць пытанні сваім кіраўнікам аб тым, што, можа быць, трэба заканчваць дапамогу Украіне ці што-небудзь кшталту таго. Няма дакладнай інфармацыі, што гэтая зброя сапраўды размешчана.

— Гэта значыць, ні вашы крыніцы, ні звесткі выведак не кажуць пра тое, пра што заявіў Пуцін у чэрвені мінулага года: зброю сапраўды прывезлі ў Беларусь. Гэтаму няма пацвярджэнняў?

— Дакладных пацвярджэнняў няма. Ёсць інфармацыя, што завезены нейкія элементы, але гэтыя элементы цалкам могуць аказацца макетамі.


Глядзіце таксама

— Навошта рэжыму Лукашэнкі ў прынцыпе абнаўляць ваенную дактрыну і ўключаць у яе ядзерную зброю? Мне здаецца, з 2006 года яе не абнаўлялі?

— Так, яна даўно не абнаўлялася. Людзям трэба чымсьці займацца, людзі адарваны ад рэальнасці, ім здаецца, што нейкія дзеянні, якія яны робяць, маюць значэнне для іншых краін. Насамрэч, адносна краіны, у якой даўно не выконваюцца аніякія законы — якая розніца, што яны там напішуць у гэтай дактрыне? У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, напрыклад, у артыкуле 18 наўпрост напісана, што Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых краін. Калі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь пачытаць, то там ні адзін артыкул не адпавядае рэальнасці і рэальнаму жыццю.

Беларусь — міралюбная краіна?

Таму я б не ставіўся сур'ёзна да таго, што яны напісалі. Яны спрабуюць такім чынам паказаць, што Беларусь — міралюбная краіна, але нічога яны паказаць не могуць. Па-першае, улада ў Беларусі нелегітымная, яны відавочна прайгралі выбары, увесь свет гэта ведае, яны ўтрымліваюць уладу незаконна. Усе дакументы, якія яны цяпер абыгрываюць, не маюць ніякай законнай сілы. Паколькі яны не выконваюць пункты дакументаў, якія самі ж пішуць, то і ўвесь свет ставіцца да гэтага адпаведным чынам. Вось, увогуле, і ўсё.


Глядзіце таксама

— Вы сказалі, што няма доказаў таго, што ядзерную зброю сапраўды прывезлі. Але калі раптам яны з'явяцца, ці ёсць нейкі сцэнар, пры якім у выпадку, напрыклад, якіх-небудзь падзей у Расіі кіраванне ядзернай зброяй, якая знаходзіцца ў Беларусі, можа аказацца ў Лукашэнкі?

— Мне здаецца, што кіраванне ў Лукашэнкі аказацца не можа. Пуцін відавочна не давярае Лукашэнку, ён яго выкарыстоўвае, але я ўпэўнены, што кіраванне ядзернай зброяй не перадасць. Для Расіі, вядома ж, рацыя ёсць. Расіі цікава было б у выпадку сур'ёзнага пагаршэння сітуацыі на фронце ўжыць тактычную ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі, каб «удар адплаты» прыйшоўся па тэрыторыі Беларусі — і для Пуціна ўсё выдатна. Навошта гэта Лукашэнку? Мы ўжо казалі: толькі ў спадзеве, што карыстацца гэтым насамрэч ніколі не давядзецца. Толькі для ўзняцця сваёй значнасці.

— Гэта значыць баяцца, што гэта здарыцца, па-вашаму, не трэба?

— Тое, што Лукашэнка будзе выкарыстоўваць ядзерную зброю, — я гэтага не дапускаю.