697-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: УСУ адышлі ад Крахмальнага, якое занялі расійцы

Навіны з Украіны за апошнія суткі.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Сухапутныя войскі Узброеных сіл Украіны пацвердзілі адыход ад вёскі Крахмальнае Харкаўскай вобласці, але запэўніваюць, што гэта не нясе пагрозы для суседніх падраздзяленняў.

«Крахмальнае, каб вы разумелі, — гэта быў населены пункт, дзе пражывала 45 чалавек да пачатку шырокамаштабнай вайны. Там было, мабыць, 5 дамоў», — заявіў начальнік службы сувязей з грамадскасцю Сухапутных войскаў Украіны Уладзімір Фіцьё.

І вось гэтыя 5 дамоў былі разбураныя расійскім агрэсарам, і, адпаведна, наша мэта — захаваць жыццё ўкраінскіх абаронцаў, іх пазіцыі былі перамешчаныя на падрыхтаваныя да гэтага часу ахоўныя пазіцыі, дзе яны цяпер трымаюць абарону, не даюць прасоўвацца ворагу.

Нейкіх пагроз для суседніх падраздзяленняў гэта не нясе. Думаю, гэта часовая з'ява. Лінія фронту штодня мяняецца».

***

У ноч на 21 студзеня ў Ленінградскай вобласці Расіі ўзнік пажар у адным з тэрміналаў марскога гандлёвага порта.

Паводле расійскіх журналістаў, гарыць вугальны тэрмінал. Перад пажарам відавочцы чулі два выбухі. З прадпрыемства эвакуявалі каля 150 чалавек.

Паводле інфармацыі расійскіх уладаў, пажар адбыўся на тэрмінале кампаніі «Новатэк» у порце Усць-Луга Ленінградскай вобласці. Пацярпелых няма.

Адзначаецца, што атакаваны быў хімічны завод «Новатэка». Выбухнуў адзін з газавых рэзервуараў. 

ПАТ «Новатэк» з'яўляецца найбуйнейшым незалежным вытворцам прыроднага газу ў Расіі. Кампанія займаецца выведкай, здабычай, перапрацоўкай і рэалізацыяй прыроднага газу і вадкіх вуглевадародаў і мае больш чым дваццацігадовы досвед працы ў расійскай нафтагазавай галіне.

***

У ноч на 21 студзеня ўкраінскія спецслужбы працягнулі спецаперацыі па «бавоўне» на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

Паводле звестак крыніц «Украінскай праўды», дроны ГУР атакавалі расійскія ваенныя аб'екты ў Смаленску, Туле і Арле.

«Ідзе планавая праца Галоўнага упраўлення выведкі», — адзначыў адзін з суразмоўцаў УП. 

Паводле звестак іншай крыніцы ў сілавых структурах, начная атака на марскі тэрмінал ва Усць-Лугу — спецаперацыя СБУ.

У Туле пасля атакі беспілотнікаў быў прылёт па абаронным прадпрыемстве «Шчаглоўскі вал».

Раней Мінабароны РФ паведаміла, што збіла беспілотнікі над Тулай. Аднак СМІ і мясцовыя жыхары паведамляюць пра магутны выбух і пажар у Пралетарскім раёне горада, дзе знаходзіцца завод, на якім вырабляюць, у тым ліку, ПЗРК «Панцыр-С».

***

За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 80 баявых сутыкненняў. Увогуле вораг нанёс 3 ракетныя (зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300 па грамадзянскай інфраструктуры Новаградаўкі Данецкай вобласці) і 4 авіяцыйныя ўдары, здзейсніў 58 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. Пасля расійскіх тэрарыстычных нападаў ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнні і пашкоджанні атрымалі больш за 40 жылых дамоў і іншая грамадзянская інфраструктура. 

Уначы расійскія акупанты нанеслі чарговы авіяцыйны ўдар, ужыўшы 2 ударныя БпЛА тыпу «Shahed-136/131». Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны знішчаны 1 варожы дрон.

Авіяцыйным ударам падвергліся: Чарнацкае і Сярэдзіна-Буда Сумскай вобласці.

Пад артылерыйскім агнём аказаліся больш за 140 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

***

Сілы абароны Украіны знішчылі за 20-21 снежня 760 расійскіх вайскоўцаў, 10 іх танкаў і 7 артсістэм.

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 21.01.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 376 030 (+760) чалавек;
  • танкаў — 6181 (+10) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 11 466 (+11) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 8875 (+7) адз.;
  • РСЗА — 968 (+1) адз.;
  • сродкаў СПА — 655 (+1) адз.;
  • самалётаў — 331 (+0) адз.;
  • верталётаў — 324 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 6936 (+2);
  • крылатых ракет — 1818 (+0);
  • караблёў / катэраў — 23 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 11 862 (+14) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1392 (+3).