Беларусь будзе вызваляць полк Каліноўскага? Далёка не факт

На фоне чутак пра дрэннае здароўе Лукашэнкі зноў абвастрыліся спрэчкі пра тое, як і хто будзе вызваляць Беларусь. Розных сцэнароў даволі багата, але некаторыя з іх, звонку прывабныя, насамрэч фантастычныя. Напрыклад — уваход у краіну палка Кастуся Каліноўскага.

aux_1653499011_20220523_kiev_obl_mik_kalinovskie_novobrancy_9_1.jpg


Прыкладам, палітолаг Павел Усаў аддае гэтай структуры ледзь не галоўную ролю і лічыць ПКК ці не чароўнай палачкай у вызваленні РБ. На яго думку, астатнія структуры кшталту кабінета Ціханоўскай і блізкіх да яго«не маюць канцэпцыі дзеяння і рэсурсаў для яе рэалізацыі». Да таго ж Усаў «не ўпэўнены ў тым, што ОСЦ-Кабінет захавалі моцны ўплыў на беларусаў, асабліва калі гаворка вядзецца пра супраціў».

На ягоную думку, «адзінай структурай, якая можа аказаць рэальную падтрымку паўсталаму народу, з'яўляецца Полк Каліноўскага, які да гэтага моманту павінен мець план уваходу ў Беларусь і "зялёнае сьвятло" ад Украіны». ПКК, мяркуе Усаў, «можа паспрабаваць увайсьці ў Беларусь да пачатку пратэстаў у Беларусі і стаць каталізатарам унутранага супраціву». Такім чынам, полк Каліноўскага разам з агульным пратэстам, страйкамі і сабатажам будуць спрыяць падзенню сістэмы.

«Смерць (Лукашэнкі — НЧ) — уваход ПКК + пратэсты / сабатаж. Як першы этап. Разам з гэтым сутыкненні з лаяльнымі карнымі структурамі непазбежныя, як і з расійскім кантынгентам. Адгалінаванні гэтага сцэнару могуць быць рознымі», — піша Усаў.

Аднак ёсць вялікае пытанне, дзе ў той час будзе сам полк Каліноўскага.


Вызваляць Беларусь пад камандаваннем УСУ?

Для пачатку паўторым тое, пра што казалася шматкроць. Полк Кастуся Каліноўскага — гэта афіцыйнае падраздзяленне Узброеных сіл Украіны. Украіна — зменшага, афіцыйна, — заяўляе, што змагаецца за вызваленне сваёй тэрыторыі, і не збіраецца дзейнічаць (ваяваць) на тэрыторыі іншых краін. Таму максімальныя планы вайсковага і цывільнага кіраўніцтва Украіны — вярнуць сабе Данбас і Крым. Ані на тэрыторыю Расіі, ані, тым больш, на тэрыторыю Беларусі, заходзіць яны не збіраюцца — інакш «вызвольная» вайна ператворыцца ў «захопніцкую», перш за ўсё для яе заходніх саюзнікаў, ад якіх яна залежная ў плане ўзбраення і тэхнікі.

Гэта мы бачым па дыверсійных дзеяннях, якія адбываюцца ў Расіі. Прылёт дронаў у Крэмль альбо выбухі на чыгунцы ў Бранскай вобласці — ад усяго гэтага Украіна адхрышчваецца рукамі і нагамі. Не бяруць украінцы на сябе адказнасць і за шматлікія «бавоўны» на нафтатэрміналах у Расіі. Усё таму, што дэклараваная мэта — не перанос вайны за межы Украіны.

Гэта мы бачым і па паводзінах саюзнікаў Украіны, якія асцерагаюцца даваць ёй дальнабойную зброю менавіта з тых меркаванняў, каб з яе не абстрэльвалася тэрыторыя Расіі.

Паколькі ПКК — структурная адзінка УСУ, ён павінен падпарадкоўвацца загадам украінскага камандавання. «Зялёнае святло» дзеянням ПКК на тэрыторыі Беларусі наўрад ці свеціць. Хіба толькі ПКК у поўным складзе дэмабілізуецца з украінскага войска.

На сёння такая дэмабілізацыя з’яўляецца неверагоднай. ПКК, калі меркаваць па роліках, якія яны выкладаюць у адкрыты доступ, цяпер знаходзіцца ў самым пекле — у Бахмуце і каля яго. Пакіданне гэтых пазіцый напярэдадні ўкраінскага контрнаступу — выбачайце, але іх баявыя пабрацімы гэтага не зразумеюць. Гэта будзе расцэнена як здрада і дэзерцірства.


Аповесць «Зброя»

Ёсць такая ва Уладзіміра Караткевіча. З гэтага вынікае і другая праблема ПКК.

Калі яны «дэмбельнуцца» з украінскай арміі, зброю ім ніхто не пакіне, — гэта відавочна і адпавядае інтарэсам Украіны, паколькі нікому не патрэбныя «незаконныя ўзброеныя фарміраванні». А бяззбройны полк Каліноўскага наўрад ці ўяўляе нейкую сілу, апроч маральнай. Так, гэтыя людзі ваявалі, яны маюць досвед баявых дзеянняў. Але што здараецца з людзьмі, якія маюць баявы досвед, але не маюць дастаткова снарадаў і патронаў, мы бачым цяпер на прыкладзе ПВК «Вагнер». Прыгожын нездарма патрабуе снарадаў.

Канечне, байцы ПКК могуць стварыць некалькі «схронаў», дзе назапасяць пэўную колькасць трафейных «ствалоў». Аднак тыя ж патроны маюць уласцівасць заканчвацца, і заканчвацца даволі хутка. Шчыра кажучы, я не ўяўляю сабе, як ПКК перакідвае вялікую колькасць зброі праз украінска-беларускую мяжу. Чыста тэхнічна адзін «джып са зброяй», пра які казалі нам улады ў 2017-м мала што вырашае. Але ў любым выпадку нават дзясятка такіх джыпаў хопіць хіба на адзін бой з сіламі спецыяльных аперацый Беларусі.

Для таго, каб ПКК паспяхова дзейнічаў у РБ, павінна быць не толькі зброя, але і каналы забеспячэння боепрыпасамі. А пакуль ПКК вельмі заняты сваімі непасрэднымі задачамі, каб ствараць «стратэгічны запас» для дзеянняў у Беларусі. Ім боепрыпасы больш патрэбныя цяпер — асабліва ўлічваючы тое, дзе яны знаходзяцца.


Атрад «Пагоня»

У нядаўняй гісторыі ўжо былі мілітары-фарміраванні, якія дэкларавалі «вызваленне Беларусі пры першай жа магчымасці» і са зброяй у руках.

Атрад «Пагоня» — фарміраванне грамадзян Беларусі, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны ў шэрагах украінскіх добраахвотных батальёнаў — быў створаны ў ліпені 2014 года. У 2016 годзе ў сувязі са спыненнем паўнамаштабных вайсковых дзеянняў атрад быў перафарматаваны ў Грамадскі сектар Атрада «Пагоня», які пачаў займацца рознабаковай дапамогай беларускім добраахвотнікам.

У 2015 годзе казалася пра стварэнне тактычнай групы «Беларусь» (прызнаная ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем) у складзе Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса «Правага сектара», якая потым удзельнічала ў баях за Пяскі, Валнаваху, Аўдзееўку і Мар’інку.

Байцы гэтых вайсковых утварэнняў шматкроць казалі, што яны змагаліся як за вольную Украіну, так і за вольную Беларусь, і толькі і чакалі «спрыяльнага моманту», калі яны дапамогуць сваёй радзіме ў вызваленні.

Спрыяльны момант настаў у 2020-м. Краіна абудзілася, сілавікі пачалі брутальныя расстрэлы пратэстоўцаў. І што? Дзе былі байцы атраду «Пагоня»?

Байцы атраду «Пагоня» сядзелі сабе ва Украіне і займаліся сваімі справамі.

Можа быць, яны проста не паспелі прыехаць? Выбачайце, але да лютага 2021-га працягваліся «дваровыя маршы», на якія ладзілі паляванне сілавікі. Персанальна ж мой рэкорд даезду аўтаспынам з ускрайку Мінска да ўскрайку Кіева — 7 гадзін 50 хвілін. Ад жніўня да лютага ў Беларусь можна было даехаць не менш за 500 разоў. Але атрад «Пагоня» на дапамогу паўстаўшым беларусам так і не з’явіўся.

Варта адзначыць, што на фэйсбук-старонцы Грамадскага сектару атраду «Пагоня» часы беларускай рэвалюцыі — гэта «чорная дзірка». У 2020-м яны павіншавалі беларусаў з Днём Волі і адрадзілі старонку 26 студзеня 2022 года, перад нападам Расіі на Украіну.

Можна сто разоў абмяркоўваць, дзе былі байцы «Пагоні» і «Беларусі» ў 2020-м. Але звядзецца ўсё да аднаго і таго ж — ім няма чаго было рабіць у Беларусі без зброі. Аказаць супраціў айчынным сілавікам яны не маглі.

Тое ж самае тычыцца і палка Кастуся Каліноўскага. Яны маюць намер змагацца за вызваленне Беларусі, пра што шматкроць і заяўляюць. Са зброяй з фронту іх ніхто не адпусціць, а фармат іх змагання ў выглядзе няўзброенага фармавання — вельмі сумніўны.


Вырашацца сітуацыя будзе ў Беларусі

«А як жа стварэнне палітычнага крыла ў ПКК? А як жа іх сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнай Рады Украіны?» — запытаецца абазнаны чытач.

А ніяк. Таму што палітычны складнік ПКК займаецца не беларускімі, а ўкраінскімі пытаннямі. І ў Вярхоўнай Радзе ён вырашае не беларускія праблемы, а праблемы ПКК: наданне грамадзянства Украіны беларусам, якія ваююць за Украіну, пытанні прыраўноўвання беларускіх добраахвотнікаў да ўдзельнікаў баявых дзеянняў і гэтак далей. І гэта не простыя пытанні. Адзначым, што той жа Васіль Парфянкоў, які ваяваў за Украіну з 2014 года, нават быў паранены ў Пясках у першую ваенную кампанію ў межах АТА, грамадзянства Украіны не атрымаў ажно да сваёй гібелі.

Усё вышэй напісанае, канечне, не азначае, што мы не павінны падтрымліваць нашых байцоў, якія ваююць за свабоду Украіны. Канечне, павінны — хаця б таму, што яны робяць Расію менш моцнай, а чым слабейшая Расія, тым лепш Беларусі. Безумоўна, полк Каліноўскага — добрая з’ява, можа быць, нават правобраз нацыянальнага беларускага войска. І можа быць, у беларускім войску калі-небудзь з’явяцца медалі імя Чаркашына, Парфянкова, Лобава і іншых нашых добраахвотнікаў, якія бароняць Украіну са зброяй у руках.

А вось разлік на тое, што полк Каліноўскага ўвойдзе ў Беларусь і ўзначаліць збройны супраціў… Выбачайце, але гэта крыху наіўна. Адна справа — казаць пра «вызваленне Беларусі», калі ў цябе ў руках аўтамат, а за табою — грузавікі з патронамі. І зусім іншая — калі тых патронаў у цябе няма, і паставак не прадбачыцца.

Так што персанальна я б не разлічваў на ПКК у зрынанні беларускага рэжыму. Проста таму, што тых магчымасцяў, якія ў іх ёсць цяпер, не будзе ў выпадку, калі яны пяройдуць украінска-беларускую мяжу.

Вырашацца сітуацыя будзе ў Беларусі. І тут, дарэчы, больш разлікаў можа быць на «план Перамога», чым на ПКК. Прынамсі, на прыкладзе «рэйкавых партызанаў» і дыверсіі супраць расійскага самалёта А-50 у Мачулішчах мы ўжо не можам казаць, што гэты план — суцэльны фэйк. Нешта ў ім ёсць. А вось што ёсць — гэта справа глыбока заканспіраваная.