Яўген Магда: пасля актыўных сустрэч з Пуціным у Лукашэнкі рэзка з'явіліся праблемы

Лукашэнка на святах у Маскве і Мінску — зусім не той чалавек, якога малюе беларуская прапаганда.

Парад у Маскве. Фота: Віктар Субоцін, прэзідэнт. рф

Парад у Маскве. Фота: Віктар Субоцін, прэзідэнт. рф

Пра метамарфозы беларускага кіраўніка «СНплюс» пагаварылі з дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі (Кіеў, Украіна)Яўгенам Магдам.

— Парадны Лукашэнка ўразіў усіх сваім выглядам. Навошта ён, хворы, паляцеў у Маскву?

— Думаю, не было магчымасці не прыехаць. Яго фізічны стан, які днямі стаў заўважны ўсім, сведчыць пра гэта. Казаць, што Лукашэнка можа неяк манеўраваць у крытычна важным для сябе пытанні, не даводзіцца. Таму ён і стаў удзельнікам масоўкі на Краснай плошчы, але гэта далося яму фізічна вельмі цяжка.

Калі хуценька вярнуўся ў Мінск, і там не змог паказаць сябе ў звыклым фармаце. Стан здароўя спарадзіў размовы пра тое, ці можа ён выконваць функцыі кіраўніка дзяржавы.

— Прамільгнула версія, што беларускага госця масквічы маглі «пачаставаць» чымсьці са свайго вялікага арсенала «неядомых прадуктаў», і неабавязкова 8 траўня, у дзень прылёту. Ніхто не сумняваецца ў магчымасцях Масквы рэалізаваць такі сцэнар. Пытанне — навошта гэта Крамлю? Ці ўпісваецца канспіралагічная версія ў схему «прэзідэнцкія выбары без выбараў, але і без Лукашэнкі»?


— Я для сябе зрабіў цікавае адкрыццё. Лукашэнка на працягу ўсяго знаходжання на вяршыні беларускага Алімпа ўвесь час паказваў, які ён вялікі спартсмен: лыжы, хакей і ўсё іншае. А вось цяпер, калі ён пачаў актыўна і інтэнсіўна сустракацца з Пуціным, мы бачым, як рэзка пагоршыўся стан ягонага здароўя. І я б не выключаў у дадзеным выпадку руку Масквы: мы ведаем, што адбылося з Літвіненкам, са Скрыпалямі — мяне такі сцэнар зусім не здзіўляе.

Я думаю, Расія сапраўды зацікаўлена ў правядзенні выбараў без Лукашэнкі. Вельмі цынічна і жорстка такім спосабам прыбіраць свайго адданага саюзніка, але ў Крамлі, па-мойму, падобных маральных абмежаванняў не існуе.

Сапраўды, выбары без Лукашэнкі даюць Расіі, з аднаго боку, прастору для манеўру, а з другога, дазваляюць выйграць некаторы час і дамагацца выканання пастаўленых мэт на тэрыторыі Еўропы, у прыватнасці, казаць пра магчымую інтэрнацыяналізацыю расійска-ўкраінскай вайны.

Парад у Маскве. Фота: Віктар Субоцін, прэзідэнт. рф.

Парад у Маскве. Фота: Віктар Субоцін, прэзідэнт. рф.

— Роўна два гады таму, у траўні 2021 года, кіраўнік падпісаў дэкрэт, згодна з якім у выпадку яго гвалтоўнай смерці ўлада ў Беларусі павінна перайсці да Рады бяспекі на чале з прэм'ер-міністрам, а ў краіне ўвядуць надзвычайнае або ваеннае становішча. Ці задавальняе Крэмль такі «транзіт улады»?

— Крамлю, безумоўна, даспадобы транзіт улады толькі паводле ўласнага сцэнара, тут двух меркаванняў быць не можа. Таму Расія будзе аказваць разнастайны ціск на беларускую ўладу, падштурхоўваючы да адзіна правільнага выбару.

Але тут не павінна быць ніякіх ілюзій: у прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, якія знаходзяцца ў турмах ці за мяжой, няма рэальнай магчымасці прыйсці да кіраўніцтва краінай, нават калі Лукашэнка проста выпарыцца па ўзмаху чарадзейнай палачкі. Сёння такая магчымасць у дэмакратаў адсутнічае, і гэта трэба цвяроза разумець.

— Як упісваецца ў логіку таго, што адбываецца, увядзенне памежнага кантролю на беларуска-расійскай мяжы?

— З аднаго боку, увядзенне памежнага кантролю можна разглядаць як прэвентыўныя меры, каб прадухіліць пранікненне расійскіх спецслужбаў на тэрыторыю Беларусі. Нагадаю, памежны кантроль увялі яшчэ на мінулым тыдні, калі пракацілася першая хваля інфармацыі пра пагаршэнне здароўя Лукашэнкі. Але гэта толькі з аднаго боку, бо дзеянні беларускіх памежнікаў былі ўзгоднены з памежнікамі ФСБ Расіі. Ніякіх асаблівых адкрыццяў дадзенае рашэнне не пацягнула. А тое, што ў Расіі прывыклі называць «баявым брацтвам», паміж сілавікамі Расіі і Беларусі існуе дагэтуль.

— Дарэчы, МЗС Украіны асудзіла кіраўнікоў постсавецкіх краін, якія ўдзельнічалі ў парадзе ў Маскве. Але сярод «асуджаных» адсутнічае прозвішча Лукашэнкі. Чаму?

— Украінскае МЗС дало ацэнку прэзідэнтам краін Цэнтральнай Азіі і прэм'еру Арменіі, якія разам з Пуціным і Лукашэнкам прысутнічалі на парадзе на Краснай плошчы, таму што ў нас ніхто не ставіць пад сумнеў легітымнасць гэтых палітыкаў. Лукашэнка не прызнаны такім большай часткай Еўропы. Таму і звяртаць увагу на яго рухі цела няма сэнсу. Многія і так не сумняваліся, што Лукашэнка 9 траўня будзе ў Маскве: хіба раней было інакш?