Што будзе, калі Эрдаган прайграе: здушыць пратэсты сілай? А можа, пакліча на дапамогу Пуціна?

Галоўныя пытанні аб прэзідэнцкіх выбарах у Турцыі. Хто пераможа? Ці прызнае Эрдаган паразу? Ён можа здушыць пратэсты сілай? Ці пакліча на дапамогу Пуціна, як тое рабіў кіраўнік Беларусі? А турэцкі ЦВК можа назваць кагосьці пераможцам, акрамя Эрдагана? Ці чакаць вайны, каб наогул адмяніць выбары ў Турцыі?

Эрдаган на мітынгу сваіх прыхільнікаў у Стамбуле. 7 траўня 2023 года. Фота Getty Images

Эрдаган на мітынгу сваіх прыхільнікаў у Стамбуле. 7 траўня 2023 года. Фота Getty Images

Доўгае праўленне Рэджэпа Таіпа Эрдагана можа вельмі хутка скончыцца. Ужо сёння, 14 траўня, у Турцыі — першы тур прэзідэнцкіх выбараў. І Эрдаган цалкам можа іх прайграць пасля 20 гадоў ва ўладзе. Галоўны канкурэнт дзейнага прэзідэнта — Кемаль Кылычдароглу, дэпутат парламента і лідар апазіцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі. Але ці гатовы Эрдаган у выпадку чаго прызнаць паразу? Ці ён паспрабуе ўтрымаць уладу сілай?

І ці будзе Турцыя па-ранейшаму выконваць ролю буфера паміж Расіяй і Украінай у выпадку перамогі апазіцыі? На гэтыя пытанні «Медуза» папрасіла адказаць усходазнаўцу і аўтара тэлеграм-канала аб Блізкім Усходзе Руслана Сулейманава. Прапануем урыўкі з размовы.

— Як зменяцца стасункі Турцыі з Расіяй і Украінай пасля выбараў?

— Я думаю, што ў выпадку перамогі Эрдагана істотна мала што зменіцца. І тут важна адзначыць, што Эрдаган вельмі зручны для еўрапейцаў, тым больш для Расіі. Ён мае цесныя кантакты і з Масквой, і з Кіевам, і сам заўсёды на гэтым акцэнтуе ўвагу. Акрамя таго, гэта яшчэ і рэсурс для зарабляння балаў, калі Эрдаган падае сябе такім сусветным лідарам, які можа вырашаць міжнародныя канфлікты, — гэта важная іміджавая гісторыя для яго.

У гэтым сэнсе кандыдат [ад апазіцыі] непрадказальны. Невядома, як наогул будуць выбудоўвацца адносіны ў Анкары, калі пераможа Кылычдараглу. У перадвыбарчай праграме аб'яднанай апазіцыі нічога не гаворыцца пра вайну ва Украіне. Яна згадваецца толькі раз — і толькі ў кантэксце асаблівай эканамічнай зоны Турцыі ў Чорным моры.

Тут праблема яшчэ палягае ў тым, што апазіцыя настроеная пераглядаць палітыку Эрдагана. І ёсць імавернасць таго, што пазіцыя Анкары ў пасярэдніцтве паміж Масквой і Кіевам таксама будзе перагледжаная. Апазіцыя вельмі зацыкленая на ўнутраных пытаннях, на эканоміцы Турцыі і наогул на тым, што адбываецца ўнутры краіны, а не па-за ёй. Апазіцыю часта крытыкуюць за тое, што знешняя палітыка — гэта яе Ахілесава пята. Яна ніяк не прапрацаваная.

— Многія выданні, у прыватнасці The Economist, называюць гэтыя выбары самымі важнымі для свету ў гэтым годзе. Што можа змяніцца ў залежнасці ад вынікаў?

— Можа змяніцца многае. Калі Эрдаган застанецца ва ўладзе, будзе велізарнае расчараванне ў апазіцыі: людзі страцяць надзею на тое, што ў краіне можна нешта змяніць.

Параза апазіцыі развяжа рукі Эрдагану, хоць у яго і так суперпрэзідэнцкія паўнамоцтвы. Яму нават дадаткова не трэба прымаць якіх-небудзь законаў. Прынятыя ў 2017 годзе папраўкі да Канстытуцыі зрабілі яго паўнамоцтвы амаль неабмежаванымі.

Тым не менш Эрдаган плануе прыняць новую Канстытуцыю наўзамен дзейнай. Безумоўна, яна будзе яшчэ больш прэзідэнцкай, з пашыранымі паўнамоцтвамі Эрдагана. І тады будуць падставы казаць пра тое, што Турцыя ператварылася ў дэспатыю.

Для Эрдагана гэта, зноў жа, іміджавы момант — сустрэць 100-годдзе Рэспублікі 29 кастрычніка на чале краіны. Эрдагана часта параўноўваюць з Атацюркам, ставяць іх партрэты побач на буйных мерапрыемствах. Але Эрдаган, на мой погляд, у чымсьці бачыць сваю ролю асобы ў гісторыі значна шырэй: ён звяртаецца да слаўнага асманскага мінулага, падае сябе змагаром за мусульман усяго свету. У гэтым сэнсе кіраванне Эрдагана і яго партыі часам называюць рэваншам турэцкіх ісламістаў за ўвсё XX стагоддзе.

Калі казаць пра апазіцыю, то яе галоўная мэта — вярнуць Турцыі парламенцкую сістэму. Нагадаю, што ў апазіцыі шэсць абсалютна розных, непадобных адзін на аднаго партый: ісламісты, нацыяналісты, лібералы. Але яны салідарныя ў тым, што трэба вярнуць парламенцкую сістэму. Але гэта будзе вельмі балючы пераход.

— Якія праблемы могуць узнікнуць?

— Усплывуць вонкі тыя шматлікія рознагалоссі і супярэчнасці, якія, вядома ж, ёсць у апазіцыі. Пакуль яны яшчэ не такія адчуваюцца, але калі яны возьмуцца за рэальныя справы (калі будзе такая магчымасць), то тут пачнуцца спрэчкі, пачнуцца дэбаты. Напрыклад, аб эканамічных рэформах, аб ролі ісламу ў грамадстве, аб адносінах з Расіяй і з НАТА. Я нават не выключаю таго, што гэтая апазіцыйная кааліцыя можа распасціся.

У любым выпадку пераходны перыяд будзе вельмі цяжкім. Па розных ацэнках, ён зойме да двух гадоў. Тым не менш Кылычдароглу, калі ён стане прэзідэнтам, будзе валодаць вельмі шырокімі паўнамоцтвамі, і ў любым выпадку, усе павінны будуць прыслухоўвацца да прэзідэнта. Пры гэтым Кылычдароглу бачыць сваю ролю ў тым, каб напрыканцы сваёй палітычнай кар'еры (яму 74 гады) вярнуць Турцыі парламенцкую сістэму і сціпла сысці на спакой.

Прыкладна такі план у апазіцыі. Але, паўтаруся, гэта настолькі разнамасная кааліцыя, што ў іх усё можа рэзка памяняцца.

— А як вынікі могуць паўплываць на міжнародную супольнасць?

— Я думаю, калі апазіцыя пераможа, то гэта натхніць вельмі многіх людзей па ўсім свеце. Гэта будзе ўзор таго, як шматгадовага аўтакрата шляхам выбараў можна сапраўды зрушыць з яго пасады.

У апошнія гады пры Эрдагане дэмакратычныя інстытуты, за выключэннем, напэўна, выбараў, як я сказаў, вельмі моцна душыліся. Многія апазіцыянеры апынуліся за кратамі, у вымушанай эміграцыі. Але перамога апазіцыі верне Турцыю, скажам так, на Алімп дэмакратыі.

У выпадку паразы апазіцыі і перамогі Эрдагана гэта, зноў жа, будзе велізарным расчараваннем для ўсіх прыхільнікаў дэмакратыі па ўсім свеце. Гэта расчараванне выйдзе за межы самой Турцыі.


— Ёсць меркаванне, што Пуцін падтрымлівае Эрдагана і нават можа паспрабаваць умяшацца ў выбары. Ці магчыма гэта?

— Магчыма. Гэты варыянт абмяркоўваецца ў Турцыі ўжо даўно. Адразу варта сказаць, што Крэмль сапраўды зрабіў стаўку на Эрдагана. У Маскве гэтага не хаваюць.

Мы можам прасачыць гэта, напрыклад, па тым, што летась Масква выдзеліла Анкары 20 мільярдаў долараў на АЭС «Аккую». Плюс Масква адтэрмінавала аплату па газе, пастаўленым летась (таксама на 20 мільярдаў долараў), што ўвогуле недвухсэнсоўна намякае на тое, што Крэмль падтрымлівае дзейную ўладу. Па асабістых адносінах Пуціна і Эрдагана мы таксама бачым, што Пуцін зацікаўлены ў тым, каб турэцкі прэзідэнт застаўся ва ўладзе.

У турэцкай незалежнай прэсе абмяркоўваецца верагоднасць выкарыстання Эрдаганам рускіх хакераў. На сённяшні дзень мы не бачым якіх-небудзь доказаў таго, што Масква неяк ўмешваецца ў выбары, але мы не можам выключаць такую магчымасць.

У чацвер, 11 траўня, Кылычдароглу ўжо апублікаваў у сваім твітары даволі жорсткі зварот да «рускіх сяброў», якіх заклікаў «трымаць рукі далей ад турэцкай дзяржавы». Я мяркую, гэта быў відавочны мэсэдж у адрас праславутых рускіх хакераў, якіх Эрдаган, думаю, усё яшчэ трымае ў рукаве.

— Апытанні паказваюць, што ў лідара апазіцыі невялікая перавага перад дзейным прэзідэнтам Эрдаганам. Ці можна арыентавацца на гэтыя апытанні?

— З апытаннямі грамадскай думкі па Турцыі ўсё вельмі складана. Па-першае, многія людзі баяцца казаць праўду пры тым, як люта ў апошнія гады душылася свабода СМІ. Я нагадаю: прыкладна 95% вядучых газет, тэлеканалаў і часопісаў належаць бліжэйшаму атачэнню Эрдагана. Плюс было заведзена вельмі шмат спраў па артыкуле «Абраза прэзідэнта». Людзі атрымлівалі тэрміны за твіт.

Акрамя таго, вельмі многія апытанні ангажаваныя: хтосьці сімпатызуе апазіцыі, хтосьці сімпатызуе Эрдагану. Але калі мы гаворым пра больш-менш роўнааддаленыя і бесстароннія сацыялагічныя кампаніі, то ўсё ж такі трэба канстатаваць, што рэйтынг Эрдагана падае.

Ён стаў зніжацца пасля разбуральнага землятрусу 6 лютага. Эрдаган спачатку спрабаваў адыграць ролю выратавальніка нацыі, калі заклікаў да таго, каб не палітызаваць тэму землятрусу, спрабаваў аб'яднаць краіну вакол агульнага гора, але ў яго гэта не атрымалася, таму што яго партыі сталі ўзгадваць мінулыя 20 гадоў (нагадаю: ён сам прыйшоў да ўлады праз тры гады пасля разбуральнага землятрусу 17 жніўня 1999 года, дзе загінулі каля 20 тысяч чалавек). І галоўнае пытанне было: ці ўсё было зроблена, каб пазбегнуць катастрофы такіх маштабаў?

У апошнія тыдні Эрдаган робіць стаўку на тое, што ўдзельнічае ў нейкіх гучных урачыстасцях — напрыклад, адкрыцці той жа атамнай электрастанцыі «Аккую» з Пуціным. Ён як бы адцягвае ўвагу насельніцтва ад эканамічных праблем. Рэйтынг Эрдагана трошкі стаў расці, але мы назіраем і павышэнне рэйтынгу Кылычдараглу.

Таму ў сухім астатку, на мой погляд, суадносіны сіл пакуль прыкладна 50 на 50. Верагоднасць таго, што Эрдаган прайграе, сапраўды істотная.

— Ці паўплывала на рэйтынг тое, што Эрдагану стала дрэнна ў жывым эфіры?

— Я мяркую, што істотна не паўплывала, бо ў гэтым эфіры не адбылося чагосьці страшнага для Эрдагана. Ён не страціў прытомнасць, не хапаўся за сэрца, проста эфір перапыніўся — і праз 20 хвілін ён сказаў, што ў яго праблемы са страўнікам. І, уласна, усё. Ён адмяніў сваю прысутнасць на мерапрыемствах на два ці на тры дні, затым зноў з'явіўся. І ўвогуле ён працягвае актыўную кампанію.

Хоць відавочна, што гэта ўжо не той Эрдаган, які вёў сваю партыю да перамогі ў 2002 годзе. Ён стаў павольней казаць, стаў павольней перасоўвацца. І вядома, гэта выклікае пытанні ў многіх. Я думаю, што частка электарату адвярнулася ад Эрдагана, гледзячы на тое, што 69-гадовы палітык ужо не ў тых кандыцыях, што былі раней. І вядома, многія задаюцца пытаннем аб тым, ці здольны ён весці краіну далей. Хоць Кылычдароглу 74 гады.


— А яго ўзрост не ўплывае на рэйтынг?

— Вы ведаеце, складана казаць пра тое, як на гэта ўплывае менавіта ўзрост Кылычдароглу. Аднак тое, што да таго, як яго вылучылі адзіным кандыдатам, ён саступаў астатнім прадстаўнікам апазіцыі, — гэта факт.

Калі мы бяром апытанні 2022 года і пачатку 2023-га, то, скажам, больш маладыя і энергічныя мэр Стамбула Экрэм Імамаглу і мэр Анкары Мансур Яваш апярэджвалі Кылычдароглу. На гэтым фоне былі вельмі вострыя дэбаты, апазіцыя нават была на мяжы расколу.

Літаральна за некалькі дзён да таго, як яны абвясцілі аб вылучэнні Кылычдароглу, лідар «Добрай партыі» Мераль Акшэнер сказала, што не, вылучацца павінен або Імамаглу, або Яваш, таму што па ўсіх апытаннях яны больш папулярныя.

Але было прынята кампраміснае рашэнне. Кылычдароглу — прадстаўнік самых розных палітычных сіл: і ісламістаў, і нацыяналістаў і гэтак далей і да таго падобнае. У апошнія тыдні яму ўдалося набраць папулярнасць і ў моладзі: ён актыўна выкарыстоўвае сацсеткі, у прыватнасці TikTok.

Гэта даніна павагі ветэрану турэцкай палітыкі Кылычдароглу. Ён старшыня вядучай апазіцыйнай партыі, Рэспубліканскай народнай партыі.

Адначасова з мэрам Анкары Яваншам і мэрам Стамбула Імамаглу былі праблемы. У снежні мінулага года ў дачыненні да Імамаглу было вынесена судовае рашэнне. Яго прысудзілі да двух гадоў і сямі месяцаў пазбаўлення волі за «абразу прадстаўнікоў улады» і на пяць гадоў забаранілі займацца палітычнай дзейнасцю. Прытым што Імамаглу нават не прысутнічаў у зале суда.

Ён застаецца на пасадзе, у яго цяпер ідзе апеляцыя. Але тым не менш гэта дамоклаў меч, улічваючы, што судовая сістэма цалкам падкантрольная Эрдагану. Магло адбыцца ўсё што заўгодна, у апошні момант яго маглі зняць з выбараў.

А з Яваншам праблема ў тым, што ў яго не вельмі добрыя адносіны з курдамі. Яго крытыкавалі за выказванні адносна курдаў у мінулым, за нацыяналістычнае мінулае.

— Якія асноўныя прэтэнзіі ў апазіцыі да Эрдагана?

— Акрамя таго, што Эрдаган ператварыў Турцыю, як кажуць, у рэжым аднаго чалавека, ён стаў аб'ядноўваць вакол сябе часта лаяльных, але некампетэнтных людзей. Вельмі важна падкрэсліць, што ў сённяшняй апазіцыі ёсць вельмі яркія былыя прыхільнікі і паплечнікі Эрдагана. Напрыклад, былы прэм'ер-міністр і былы міністр замежных спраў Ахмет Давутаглу, які наогул лічыцца архітэктарам знешняй палітыкі Эрдагана. Сёння ён апазіцыянер.

Партыя Эрдагана сапраўды вывела краіну з цяжкага эканамічнага крызісу пачатку нулявых гадоў. Але краіна зрабіла поўны круг і вярнулася, па сутнасці, да таго ж крызісу, які быў 20 гадоў таму.

Акрамя таго, Эрдагана крытыкуюць за яго даволі эксцэнтрычную знешнюю палітыку, за тое, як ён паводзіць сябе ў адносінах да заходніх краін. Галоўны пасыл апазіцыі палягае ў тым, што не абавязкова цалавацца з краінамі NATO, але трэба хаця б з імі размаўляць і не сварыцца. А Эрдаган у любы момант можа проста імгненна напаліць адносіны. Напрыклад, у турэцкае МЗС рэзка выклікаюцца паслы некалькіх заходніх краін, як у лютым гэтага года.

Ён наогул у гэтым плане складаны. А апазіцыя настойвае на тым, што яна хоча вырашаць усе пытанні шляхам дыялогу. Напрыклад, па ўступленні Швецыі ў NATO — калі апазіцыя пераможа, гэтае пытанне будзе вельмі хутка вырашана. Апазіцыя настроеная на канструктыў і на дыялог з краінамі NATO.

— Аб'яднаная апазіцыя ў праграме заявіла, што возьме курс на ўступленне ў Еўрасаюз і паляпшэнне стасункаў з ЗША. А якая пазіцыя ў кааліцыі ў стасунках з Расіяй?

— У яе, зноў жа, няма нейкага выразнага плану, выразнай стратэгіі адносна таго, як выбудоўваць адносіны з Масквой. Як я ўжо казаў, заявы апазіцыянераў, асабліва летась, супярэчылі адна адной. Але ў апошнія тыдні лідар апазіцыі зрабіў некалькі даволі выразных заяў аб тым, што апазіцыя настроеная на развіццё адносін з Расіяй. Кылычдараглу наогул даволі спакойна, пахвальна і цёпла выказваецца пра стаўленне да Расіі.

На мой погляд, у яго, вядома, не будзе такой хіміі з Пуціным, як у Эрдагана, але тым не менш у Масквы і Анкары столькі агульных пытанняў і столькі перапляценняў, столькі міжнародных пытанняў. Масква і Анкара не могуць адна без адной. Не думаю, што адносіны неяк істотна зменяцца. Галоўнае змяненне ў тым, што пры новай уладзе гэтыя адносіны не будуць прывязаныя да асабістых адносін Пуціна і Эрдагана. У Турцыі часта кажуць, што расійска-турэцкіх стасункаў наогул няма, а ёсць стасункі Пуціна і Эрдагана. А пры Кылычдароглу яны будуць насіць больш сістэмны характар.

— Апазіцыя таксама заявіла, што добраахвотна адправіць сірыйскіх уцекачоў дадому — ці магчыма гэта?

— Я думаю, гэта збольшага папулісцкая заява, бо гэта не выглядае так ужо лёгка. Рэжым [Башара] Асада дагэтуль не кантралюе цалкам сірыйскую тэрыторыю. Я думаю, што такая заява была зроблена шмат у чым для зарабляння балаў, таму што сірыйскія ўцекачы ўжо, так скажам, набілі аскому турэцкаму насельніцтву. Гэта сапраўды галаўны боль, гэта праблема. Гэта і падаткі турэцкіх грамадзян, гэта і проста засілле сірыйскіх бежанцаў у вялікіх і малых гарадах Турцыі. Сірыйцы спрабуюць сацыялізавацца, тыя ж дзеці пачынаюць хадзіць у турэцкія школы, але гэта не заўсёды адбываецца гладка. Так што гэта велізарная праблема, і вяртанне сірыйскіх бежанцаў назад — гэта тое, у чым зацікаўлены вельмі многія жыхары Турцыі.

— Якая пазіцыя ў апазіцыі ў дачыненні да курдаў, якія, па розных ацэнках, складаюць ад 15 да 23% насельніцтва краіны і без галасоў якіх будзе складана перамагчы з вялікім адрывам?

— Так, курды — гэта вельмі важны фактар, і я думаю, ён можа нават стаць вырашальным. У першыя гады знаходжання ва ўладзе Эрдаган спрабаваў да іх падлашчвацца і ледзь не ўступаў з імі ў кааліцыю. Ён часта казаў, што курдскае пытанне — гэта для яго асабістае пытанне. Але ў 2015 годзе, калі пракурдская Дэмакратычная партыя народаў нечакана для ўсіх набрала шмат галасоў і тым самым партыя Эрдагана не змагла аднаасобна сфармаваць урад, адносіны з курдамі рэзка пагоршыліся — Эрдаган пачаў іх таўраваць тэрарыстамі.

Таму курды адназначна падтрымліваюць Кылычдараглу. Тым больш землетрасенне шмат у чым закранула раёны Турцыі, дзе пражываюць менавіта курды. Пратэснае галасаванне там і так заўсёды было вельмі моцна, але пасля землятрусу будзе яшчэ мацней.

Праз гэта Эрдаган называе Кылычдараглу тэрарыстам. Кажа, што Кылычдараглу нібыта супрацоўнічае з «рабочай партыяй Курдыстана» — забароненай у Турцыі, якая лічыцца нават тэрарыстычнай. У сваю чаргу апазіцыя імкнецца ўсё часцей дэманстраваць сваю салідарнасць з курдамі, не асцерагаючыся абвінавачанняў Эрдагана.

— Ведаючы, што Кылычдараглу лідзіруе паводле апытанняў, ці прадпрымае нейкія дзеянні Эрдаган?

— Мы не бачым нейкіх дадатковых дзеянняў, акрамя, на мой погляд, узмацнення жорсткасці, нават азвярэння рыторыкі, дзе ён у адкрытую называе апазіцыю тэрарыстамі і спрабуе прыпісаць ім супрацоўніцтва з той жа «Рабочай партыяй Курдыстана». Ён абвінавачвае іх у падтрымцы ЛГБТ-супольнасці, а сябе падае такім змагароў за ўсіх турак, абаронцам сямейных і мусульманскіх каштоўнасцяў.

Пакуль складана сказаць, на што Эрдаган гатовы пайсці. Зноў жа, паўтаруся, нельга выключаць спробы ўмяшання ў выбары праз расійскіх хакераў. Ну і ўрэшце ён можа вывесці на вуліцы сотні тысяч, нават мільёны сваіх прыхільнікаў, калі зразумее, што ён прайграе. І ў выпадку паразы, я перакананы, ён будзе патрабаваць пераліку галасоў — і нават перавыбараў.

— А калі будзе другі тур, ці распачне Эрдаган нейкія дзеянні ў перапынку паміж галасаваннямі?

— У апошнія тыдні абмяркоўваецца пытанне, што, калі Эрдаган разумее хісткасць свайго становішча, ён можа пайсці на нейкую авантуру. Адзін з магчымых варыянтаў — гэта правакацыя на турэцка-сірыйскай мяжы або, магчыма, на турэцка-грэчаскай мяжы. Хоць пасля землятрусу грэчаскі сцэнар ужо не разглядаецца, таму што грэкі вельмі моцна дапамаглі Турцыі ў пераадоленні наступстваў землятрусаў, і верагоднасць ваеннага канфлікту з Грэцыяй ужо зведзеная да нуля.

А вось у Сірыі ўсё можа быць. Мы бачым жорсткую пазіцыю Башара Асада, які ўмацаваў перагаворныя пазіцыі, ён адназначна патрабуе вываду турэцкіх войскаў. Турэцка-сірыйскія супярэчнасці, па-мойму, толькі нарастаюць. І варыянт з тым, што Эрдаган увядзе — у перспектыве — нават ваеннае становішча, таксама нельга выключаць. Згодна з Канстытуцыяй Турцыі, менавіта ваеннае становішча — адзіная прычына для пераносу або адмены выбараў. Таму паміж першым і другім турам можна чакаць нейкіх непрадказальных дзеянняў Эрдагана — калі ён будзе разумець, што ён прайграе.

— Ці можа турэцкі ЦВК у прынцыпе кагосьці, акрамя Эрдагана, назваць пераможцам?

— Думаю, што асабліва пры наяўнасці нейкага істотнага разрыву ЦВК можа абвясціць перамогу Кылычдараглу. Ён гэта рабіў з Імамаглу, які прадстаўляе апазіцыю і перамог на выбарах мэра Стамбула ў 2019-м. Нагадаю, спачатку ён перамог з мінімальнай перавагай у некалькі тысяч галасоў, пасля чаго Эрдаган і яго партыя запатрабавалі перавыбараў. На паўторных выбарах Імамаглу зноў перамог, але ўжо з вялікай перавагай — у некалькі сотняў тысяч галасоў. Таму ЦВК, я перакананы, у выпадку перамогі кандыдата ад апазіцыі назаве яго пераможцам.

— А ці магчымы мірны транзіт улады ў Турцыі?

— Мірны транзіт, вядома, магчымы. Мяркую, што Эрдаган будзе чапляцца за гэтую ўладу. Прынамсі, ён паспрабуе.

Нават калі мы не разглядаем нейкі зусім крывавы варыянт з вулічнымі баямі, то Эрдаган будзе спрабаваць патрабаваць перагляду вынікаў, выкарыстоўваць свой ціск на судовую сістэму: той жа Канстытуцыйны суд, напрыклад, цалкам можа адмяніць вынікі выбараў. Ён будзе змагацца да апошняга. Але калі ўсе інстытуты ўлады будуць салідарныя з апазіцыяй, Эрдагану давядзецца прызнаць сваю паразу.Паводле meduza.io. Пераклад «НЧ»