Што з Эрдаганам, якому стала кепска падчас прамога эфіру?

У турэцкай прэсе і сацсетках з'явіліся сцвярджэнні, што ў Эрдагана — мікраінфаркт, але яго прэс-служба настойвае, што гэта не так. Да выбараў у Турцыі засталося менш за тры тыдні, і кампанія можа стаць няпростай для цяперашняга гаранта краіны.

erdahan_2.webp

Прэзідэнт Турцыі, які кіруюе краінай ужо дваццаць гадоў, возьме ўдзел у адкрыцці АЭС «Акую» анлайн, паведаміў прадстаўнік адміністрацыі Эрдагана.

69-гадовы прэзідэнт Турцыі, які вядзе цяжкую перадвыбарчую кампанію, адмяніў свае з'яўленне на публіцы ў сераду і чацвер. Прэзідэнцкія выбары пройдуць у сярэдзіне траўня, і Эрдаган ідзе нараўне з кандыдатам ад апазіцыйнага альянсу. І нават большасць з праведзеных у красавіку апытанняў паказваюць, што апазіцыянер на некалькі працэнтаў апярэджвае Эрдагана.

Кіраўнік упраўлення па камунікацыях Адміністрацыі прэзідэнта Турцыі Фахрэцін Алтун абверг інфармацыю, што прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган мае праблемы са здароўем. «Мы катэгарычна адпрэчваем падобныя неабгрунтаваныя заявы адносна здароўя прэзідэнта Эрдагана», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Twitter вечарам у сераду, 26 красавіка.

Алтун адзначыў, што Эрдаган возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцця АЭС «Акую», якая адбудзецца 27 красавіка, у анлайн-фармаце.

 

Эрдаган адмяніў перадвыбарчыя мерапрыемствы

Менш чым за тры тыдні да выбараў у Турцыі Эрдаган адмяніў шэраг мерапрыемстваў у рамках перадвыбарнай кампаніі. «Па парадзе лекараў сёння я буду адпачываць дома», — напісаў ён у Twitter у сераду. Эрдаган паведаміў, што замест яго ў перадвыбарных мітынгах, запланаваных на гэты дзень у Кырыкале, Сівасе і Ёзгаце, возьме ўдзел віцэ-прэзідэнт Турцыі Фуат Актай. «З заўтрашняга дня мы спадзяемся працягнуць працу», — дадаў прэзідэнт Турцыі.

Пазней намеснік старшыні кіроўнай у краіне Партыі справядлівасці і развіцця Эркан Кандэмір у Twitter напісаў, што Эрдаган не будзе асабіста прысутнічаць на цырымоніі дастаўкі ядзернага паліва на АЭС «Акую», замест гэтага ён возьме ўдзел у мерапрыемстве ў анлайн-фармаце. Запланаваны на чацвер перадвыбарчы мітынг у Мерсіне, дзе размешчаная АЭС, «перанесены на больш познюю дату», паведаміў Кандэмір.

Акрамя таго, паводле інфармацыі СМІ, адменена інтэрв'ю Эрдагана, якое ён павінен быў даць 27 красавіка чатыром турэцкім тэлеканалам.

 

Прэзідэнту Турцыі стала дрэнна ў жывым эфіры

Увечары 25 красавіка Эрдагану стала дрэнна падчас інтэрв'ю мясцоваму тэлеканалу, якое транслявалася ў жывым эфіры. Трансляцыя была перапыненая, а пасля яе аднаўлення прэзідэнт папрасіў прабачэння перад гледачамі, патлумачыўшы тое, што адбылося, «страўнікавым грыпам» і вялікай нагрузкай з-за перадвыбарнай кампаніі. Пасля шэраг СМІ паведамілі, што ў Эрдагана нібыта здарыўся інфаркт міякарда і ён быў шпіталізаваны.

14 траўня ў Турцыі пройдуць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Канкурэнцыю 69-гадоваму Эрдагану, які мае намер пераабрацца на чарговы тэрмін, складае 74-гадовы Кемаль Кылычдараглу — адзіны кандыдат ад апазіцыйнага «Народнага альянсу», лідар Народна-Рэспубліканскай партыі.


Рэджэп Таіп Эрдаган імкнецца гуляць ролю пасярэдніка ў расійска-ўкраінскай вайне, і Турцыя пад яго кіраўніцтвам, у прыватнасці, арганізавала і гарантавала "збожжавую здзелку" — разблакаванне экспарту сельгаспрадукцыі з украінскіх партоў.

Паводле ВВС, Нямецкай хвалі