Назваць дыктатара дыктатарам

Еўрапейскі палітыкум нечакана адмовіўся ад звыклага лексікону, які звычайна выкарыстоўваецца ў дыялогу з аўтакратамі. Замест фармулёвак а-ля «выказваем глыбокую заклапочанасць» гэтага прэзідэнта адкрыта ў лоб назвалі «дыктатарам».

373329.jpg


Аматары жартаў называюць гэтую гісторыю «сафагейт»? або «вайна вакол крэсла». Гаворка ідзе пра крэсла, якое Рэджэп Таіп Эрдаган не паставіў для кіраўніцы Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен. Яна ў тандэме з Шарлем Мішэлем, старшынёй Еўрасавета, наведала офіс турэцкага прэзідэнта. Паколькі крэсла для яе не было, Урсуле давялося прысесці ўбаку на сафе, пакуль Эрдаган са старшынёй Еўрапейскага савета ўладкоўваліся ў сваіх крэслах. На відэа інцыдэнту добра чуваць, як, будучы ў шоку, тая намагаецца неяк трымаць фасон і адкашліваецца.
Пазней Мішэль патлумачыў рассаджванне вузкай інтэрпрэтацыяй правілаў пратаколу турэцкім бокам, але падкрэсліў, што ён таксама лічыць сітуацыю вартай шкадавання. Аднак грамадскасць гэтыя апраўданні не задаволілі. Напрыклад, «Der Tagesspiegel» лічыць праявай слабасці тое, што Шарль Мішэль прыняў гэтую сітуацыю. «Ён павінен быў запярэчыць Эрдагану і сесці побач з фон дэр Ляен!» — лічыць выданне.
Дасталася і Ляен, якой бракавала смеласці сказаць мужчынам у той сітуацыі «не». «Калі нават Ляен (жанчына, якая мае самы высокі статус у Еўрасаюзе) ніяк не рэагуе на загад мужчыны-начальніка, чаго чакаць ад маленькай дзяўчынкі дзе-небудзь у Еўропе? Чаго мы можам чакаць ад жанчыны, якая прымае кансерватыўныя патрыярхальныя погляды, бо яна на прыкладзе Урсулы бачыць, што ў яе няма моцы змяніць іх? Чаго мы можам чакаць ад супрацоўніцы, якая цярпліва пераносіць няроўнасць на працоўным месцы?» — абураецца нейкая феміністка на сайце выдання «Neа».
Некаторыя СМІ, ацэньваючы візіт еўрапейскіх лідараў да Султана (мянушка Рэджэпа Таіпа Эрдагана), нават выкарыстоўваюць такое слова, як «appeasement» («супакаенне» — так называлася палітычная лінія Лондана і Берліна на пошук кампрамісу з Гітлерам напярэдадні Другой сусветнай вайны).
Акцэнтуецца ўвага на тым, што еўрапейскія дыпламаты не толькі пагадзіліся са зневажальнай схемай рассаджвання, але таксама і не апратэставалі нядаўні выхад Турцыі з Хартыі правоў жанчын, спробы Эрдагана забараніць левую апазіцыйную курдскую Народную партыю. Не знайшлося ў Ляен і Мішэля часу даць ацэнку арышту групы адміралаў, якія раскрытыкавалі па тэхнічных і экалагічных аспектах праект Эрдагана па будаўніцтве канала паміж Чорным і Мармуровым морамі.
І тут нечакана рэнамэ Еўропы выратаваў італьянскі прэм’ер Марыё Драгі, які ўзяў і назваў Эрдагана «дыктатарам». Такога ад Драгі не чакалі. У тым ліку таму, што калісьці ён узначальваў Еўрапейскі цэнтральны банк у Франкфурце. Гэтая пасада навучыла яго ўзважваць кожнае слова.
У любым выпадку, слова было сказанае — і выклікала ў Анкары чаканую рэакцыю. Міністр замежных спраў Турцыі асудзіў «празмерныя заявы» Марыё Драгі. Амбасадару Італіі выказаны пратэст. Турцыя таксама заявіла пра разрыў кантракту наконт куплі партыі італьянскіх верталётаў.
Значна цікавейшая — прынамсі, для беларускай аўдыторыі, — рэакцыя ў Еўропе, дзе прапануюць адмовіцца ад палітыкі флірту з аўтакратамі. «Але кім яшчэ з’яўляецца Эрдаган, як не дыктатарам, які затыкае рот прэсе, пераследуе апазіцыю і робіць інтэрвенцыі ў замежныя краіны? Драгі заслугоўвае пахвалы за тое, што сказаў гэта выразна і ясна», — піша нямецкая «Tageszeitung».
Дастаткова нечакана заява італьянскага лідара знайшла падтрымку ў іншых лідараў Старога свету. Падтрымаў, аднак асцярожна, абіраючы словы, Эмануэль Макрон. Пазіцыю Драгі ўхваліў кіраўнік Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП) — найбуйнейшай партыі ў Еўрапарламенце, Манфрэд Вэбер. «Прэм’ер-міністр Драгі мае рацыю: пад кіраўніцтвам прэзідэнта Эрдагана Турцыя за апошняе дзесяцігоддзе адышла ад вяршэнства закона, дэмакратыі і асноўных свабод», — сказаў Манфрэд Вэбер у заяве, накіраванай італьянскім СМІ. Паводле яго ж слоў, «калі Еўропа хоча пабудаваць трывалае партнёрства з такімі краінамі, як Турцыя, — а гэта ў нашых стратэгічных інтарэсах, — мы павінны выразна і шчыра казаць пра рэальныя факты».
Трэба аддаць належнае рашучасці еўрапалітыкаў, якія ў некаторым сэнсе з’яўляюцца закладнікамі Анкары. На тэрыторыі Турцыі па дамоўленасці з ЕС размешчаныя лагеры для ўцекачоў з Блізкага Усходу. Калі Эрдаган вырашыць адкрыць межы, Еўропа атрымае грандыёзны міграцыйны крызіс.
У гэтым плане некаторыя СМІ сапраўды дапускаюць, што вынікам «сафагейту» стане гістарычны выбар Еўропы на карысць таго, каб адмовіцца ад прынцыпу «ўзаемазалікаў» у дачыненні да аўтарытарных рэжымаў. Хаця ў некаторых ёсць сумневы наконт адданасці палітыкаў дэмакратычным каштоўнасцям. «Не бясконцыя пагрозы вайны і тэрытарыяльныя парушэнні з боку Турцыі ў дачыненні да іншых краін-чальцоў Еўрапейскага саюза выклікалі пратэст сярод нашых лідараў, а грэблівае стаўленне азіяцкага мужчыны да еўрапейскай жанчыны», — іранізуе адзін з французскіх інтэрнэт-каментатараў.