Выбары ў Турцыі: агонія Султана?

У нядзелю, 14 мая, больш за 64 мільёны грамадзян Турцыі абіраюць новага кіраўніка дзяржавы, а таксама новы склад парламента. Гэтыя выбары стануць першымі за час кіравання Эрдагана, калі апазіцыя мае шанцы на перамогу.

Эрдаган. Фота Francisco Seco / AP

Эрдаган. Фота Francisco Seco / AP


Парадаксальным чынам гэтыя выбары супалі са стагоддзем стварэння Турэцкай Рэспублікі. Роўна сто гадоў таму туркі на чале з Атацюркам зрабілі гістарычны выбар: адмовіліся ад асманскай манархічнай традыцыі на карысць рэспубліканскага і свецкага дзяржаўнага ладу. Прайшло сто год. 14 мая 2023-га туркам, магчыма, прыйдзецца зрабіць новы гістарычны выбар: паміж паўзучым аўтарытарызмам і празаходняй дэмакратыяй.
Вынікі галасавання вялікім чынам таксама паўплываюць на будучы фармат бяспекі Еўропы і Блізкага Усходу, на глабальную міграцыйную палітыку, вызначаць ролю Турцыі ў NATO, канкрэтызуюць ролю Анкары ў вайне ва Украіне і яе становішча ў адносінах да Грэцыі — крыніца напружанасці ва ўсходняй частцы Міжземнага мора.
Кансерватыўны лагер на гэтых выбарах прадстаўляе Рэджэп Таіп Эрдаган, які знаходзіцца ва ўладзе з 2003-га. За гэты час Турцыя моцна змянілася. Ва ўнутранай палітыцы назіраўся дрэйф на ўзмацненне прэзідэнцкай улады і стварэння культу Эрдагана, які невыпадкова з часам атрымаў мянушку «Султан». Гэты працэс суправаджаўся хранічным парушэннем правоў нацыянальных меншасцяў, абмежаваннем свабоды прэсы, сістэмным пераследам апазіцыі аж да арыштаў яе кіраўніцтва і г. д.
На міжнароднай арэне Анкара паступова ператварылася ў аўтаномнага ад Захаду гульца, спрабуючы трымацца ў рэгіёне сваёй незалежнай лініі. Пры гэтым у Турцыі склаліся асаблівыя дачыненні з Расіяй.
Відавочна, што ў выпадку перамогі на гэтых выбарах Эрдаган паспрабуе працягнуць навязваць турэцкаму грамадству яшчэ больш кансерватыўную мадэль на платформе ісламу і настальгіі па імперскай асманскай велічы. Верагодна, ён паспрабуе ваяўніча праявіць сябе на рэгіянальным узроўні. Не выключана чарговая канстытуцыйная рэформа і пашырэнне прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.
Трэба сказаць, што 20 гадоў такая палітыка ў прынцыпе задавальняла большасць турак, што можна растлумачыць запытам на стабільнасць пасля серыі дзяржаўных пераваротаў. Але гэтыя выбары — асаблівыя. Гэта першы выпадак за гады кіравання Эрдагана, калі апазіцыя вельмі блізкая да перамогі.
Называюцца некалькі фактараў паслаблення папулярнасці Эрдагана. Гэта праблемы ў эканоміцы і інфляцыя, якая дасягнула 64% у 2022 годзе. Некаторыя цэны ў мінулым годзе выраслі ажно ў тры разы. Рэйтынг «Султана» абрынуўся таксама з-за наступстваў жудаснага землятрусу 6 лютага. Халатнасць рэжыму падчас дастаўкі дапамогі ахвярам землятрусу, карупцыя і асабістае нежаданне Эрдагана аператыўна наведаць зону бедства справакавалі ў абывацеляў прыкметную незадаволенасць на адрас гаранта.
Так ці інакш, на дадзены момант кандыдат апазіцыі Кемаль Кілічдараглу паводле апытанняў мае перавагу. Перавага, дарэчы, невялікая — 3-5% — але ў апанентаў Эрдагана ёсць джокер. Гэта моладзь, якая заўжды прагне пераменаў. Упершыню на ўчасткі прыйдзе каля 6 мільёнаў маладых людзей. Плюс стаўка робіцца на туркаў, якія жывуць за мяжой, і якім звычайна ўласцівыя ліберальныя погляды (3 млн чалавек). Нарэшце, ёсць галасы курдскага электарату (каля 20% насельніцтва). Калі атрымаецца выцягнуць гэтыя катэгорыі выбаршчыкаў на ўчасткі, апазіцыя зможа забяспечыць сабе жаданую перамогу.
Эксперты не ўпэўненыя, што ў выпадку паражэння Эрдагана яго лінія падвергнецца татальнай рэвізіі. Справа нават не ў тым, што антызаходнія і клерыкальныя настроі застаюцца моцнымі сярод турак, у тым ліку, з-за паводзінаў еўрапейцаў. У Еўропе многія разглядаюць Турцыю як своеасаблівы рэзервуар, дзе можна блакіраваць мігрантаў з Усходу.
Перагляд ранейшага курса ў той жа галіне міжнароднай палітыкі будзе залежыць ад узгодненасці кааліцыі, у чальцоў якой на сённяшні момант няма нічога агульнага, акрамя жадання пазбавіцца ад Эрдагана. Ва ўсіх кааліцыянтаў розныя прыярытэты, хаця, як адзначае часопіс Politico, знешні курс у выпадку поспеху апазіцыі будзе больш празрыстым у адносінах да Бруселя і NATO.
Апазіцыя таксама абяцае выканаць рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека і справах палітвязняў. Сярод тых, хто мае выйсці на свабоду, сустаршыня Дэмакратычнай партыі народаў (ДПН) — вядучай турэцкай партыі, якая адстойвае інтарэсы курдаў.
Але выйграць выбары для апазіцыі будзе толькі паловай справы. Таксама давядзецца нейкім чынам абараняць перамогу. Не выключаюць, што ў выпадку фіяска на выбарах Эрдаган пойдзе на ўвядзенне асаблівага становішча. Некалькі дзён таму міністр унутраных спраў Турцыі заявіў пра магчымую «спробу дзяржаўнага перавароту, за якім стаяць агенты Захаду». Для прадухілення падобнага сцэнара прыведзены ў стан падвышанай гатоўнасці 600 000 салдат і супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Хапае размоваў наконт таго, што апазіцыя ў адказ на маніпуляцыі з падлікам галасоў можа пачаць «майдан».
Гэта ўсё робіць адназначна вельмі важныя турэцкія выбары шмат у чым яшчэ і непрадказальнымі.