Да Лукашэнкі забег заяц. Што кажуць прыкметы?

Лукашэнкаўскі тэлеграм-канал «Пул першага» на фоне абмеркавання здароўя Лукашэнкі апублікаваў відэа з зайцам, які забег на тэрыторыю Палаца Незалежнасці. Народная міфалогія мае шмат цікавых тлумачэнняў такому госцю.

2023_05_12165512_c6wnw.png.png


У народнай міфалогіі ўсходніх славян заяц мае процілеглыя характарыстыкі. З аднаго боку, ён лічыцца носьбітам станоўчых якасцей, звязаных з уяўленнямі пра яго пладавітасць, а з іншага — яму прыпісваюць дачыненне да нячыстай сілы, звязанай з бядой, хваробай і смерцю, піша «экстрэмісцкая» ў Беларусі першая беларуская «газета з карцінкамі».

Згодна з даведнікам «Народныя ўяўленні, павер'і і прыкметы», звычайна асацыяцыя зайца з нячыстай сілай тлумачыцца тым, што «зайца стварыў чорт», а таксама незвычайнай знешнасцю зайца, які быццам бы мае сабачыя лапы, каціную морду і асліныя вушы. Менавіта таму ў многіх народаў існуе забарона на ўжыванне ў ежу заечага мяса.

Агульнапашыраным з'яўляецца ўяўленне пра тое, што сустрэча з зайцам можа быць прадвеснікам бяды ці хваробы.

Ва Украіне ёсць пажаданне чалавеку, які адпраўляецца ў дарогу: «Щоб йому заець дорогу не перебіг!»

Перабяганне зайцам дарогі падарожніку лічылася дрэннай прыкметай не толькі ў славян, але і ў іншых народаў Еўропы. Напрыклад, у Францыі і Германіі сустрэча з зайцам, асабліва калі яна адбывалася пасля захаду сонца, лічылася вельмі небяспечнай, бо існавала ўяўленне, што «ў гэты час калдуны і ведзьмы ператвараюцца ў зайцоў». У старажытнарускім Іпацьеўскім летапісе згадваецца прыкмета, вядомая продкам сучасных усходніх славян і балтаў: паляўнічыя не заходзілі ў лес, калі адтуль насустрач ім выбягаў заяц, бо на ўдачу ў паляванні яны ўжо не маглі разлічваць.

У беларусаў існавала павер'е аб тым, што калі ў вёску забяжыць заяц, то гэта прадракае пажар. Калі ж заяц па нейкай прычыне трапляў у дом, які будаваўся, то будаўніцтва на любой стадыі спынялася, а бярвенне ішло толькі на дровы.

Заяц — абавязковы персанаж казак пра Кашчэя Бессмяротнага. Менавіта хутканогі заяц — першая істота, што выскоквае з чароўнага куфэрка, несучы, зберагаючы ў сабе Кашчэеву смерць. Даганяе зайца і забівае яго (а значыць, змагаецца са злом) воўк.

У шматлікіх народных былінах расказваецца пра тое, што нячысцікі могуць сустракацца ў выглядзе зайца. Беларускі фалькларыст Яўген Ляцкі ў канцы XIX стагоддзя запісаў расказ селяніна, як ён з дапамогай магічных сродкаў пазбаўляў свайго каня ўздзеяння злога дамавіка: «Вывеў гаспадар каня ноччу ў поле, зламаў асінавы дубец і пачаў біць яго дубцом, прыгаворваючы «раз!». Праз некаторы час конь стаў гіенай, потым з яго зваліўся корч, ператварыўся ў чорнага зайца, які хутка знік».

Па легендзе, кароль Міндоўг, пабачыўшы зайца, зварочваў з дарогі ці павяртаў назад.

Гэты момант згадваецца ў летапісным урыўку пра паганскае мінулае Міндоўга: «Жраша багом сваім втайне: Ненадзееві і Целявелі і Дзіверыкезу, заечаму богу… Егда выехаша на поле і выбегняша заяць на поле — у лес, (у) рошчэнія не вахожаша вну і не смеяша ні розгы ўламіці…». Калі Міндоўг выязджаў на поле і на тое ж поле выбягаў заяц, то Міндоўг ужо не рашаўся заязджаць у лес і баяўся дубец выламаць.

Добра вядома легенда пра тое, што заяц перабег дарогу Аляксандру Пушкіну — і гэта выратавала жыццё рускаму паэту, які верыў у забабоны.

Знаходзячыся ў снежні 1825 года ў ссылцы ў радавым маёнтку Міхайлаўскае, Пушкін даведаўся пра падрыхтоўку паўстання дзекабрыстаў і выехаў у Пецярбург, каб далучыцца да яго. Але сустрэча з зайцам, якая прадракала бяду, вымусіла яго вярнуцца дадому. Паўстанне дзекабрыстаў было жорстка задушана царскімі ўладамі, пяцёра блізкіх сяброў паэта, якія бралі ў ім удзел, пакараны смерцю, а тысячы — прыгавораны да катаржных работ і сасланы ў Сібір.

Невыпадкова пушкінская Таццяна Ларына з вершаванага рамана «Яўген Анегін» (скончаны ў 1831 годзе), якая жыла ў вёсцы і таму «верила преданьям простонародной старины», панічна баялася сустрэчы з зайцам:

Когда случалось где-нибудь

Ей встретить черного монаха

Иль быстрый заяц меж полей

Перебегал дорогу ей,

Не зная, что начать со страха,

Предчувствий горестных полна,

Ждала несчастья уж она.

Фота самога Лукашэнкі прэс-служба пасля 9 мая дагэтуль не публікуе.

Нагадаем, што ў 2020-м сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада, дзе ў той час месцілася Цэнтральная выбарчая камісія. У дзень гэтага здарэння ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу. Некаторыя дагэтуль лічаць тое здарэнне нядобрым знакам для ўлады, які цалкам спраўдзіўся.