Дык хто кантралюе ядзерную зброю?
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары «Филину» расказаў пра тонкасці спрэчкі Мінска і Крамля па ядзерным пытанні.
— Беларуская ваенная дактрына яшчэ не прынята, але ў Генштабе ўжо зараз кажуць, што напад на ваенных саюзнікаў будзе расцэнены як напад на Беларусь. Пра што гаворыць такая смеласць, калі вайна ўжо ідзе ў суседняй краіне з удзелам Расіі і калі рызыка ўзнікнення новых канфліктаў стала куды большай?
— Мне падаецца, што агучаныя пункты з’яўляюцца фармалізацыяй таго, што ўжо даўно было. І той жа прадстаўнік Генштаба Арцём Буторын так і сказаў, што мы проста імплементуем дактрыну, тыя нашы міжнародныя абавязкі, якія ў нас і так ёсць.
Бо ў дамове пра «Саюзную дзяржаву» так і напісана: напад на аднаго з чальцоў саюза разглядаецца як напад і на другога саюзніка.
Тое самае напісана і ў статуце АДКБ. Уласна кажучы, гэта і ёсць дамова пра калектыўную бяспеку. А яе прынцып у тым і палягае, што напад на аднаго астатнія разглядаюць як напад і на сябе. Так што акурат у гэтым сэнсе дактрына не дае нейкую новую якасць.
І калі б Расія інтэрпрэтавала праз дамову ці то па «Саюзнай дзяржаве», ці то па АДКБ свае баявыя дзеянні, якія яна пачала ў лютым 2022-га, як напад на яе, то яна б і прымусіла выконваць гэтыя дамовы.
Але Расія гэтага не зрабіла. І не таму, што не было нейкага асаблівага пункта ці не было ваеннай дактрыны Беларусі. У дамове ўсё было напісана. У 1993-ім заснавалі АДКБ, дамову пра стварэнне «Саюзнай дзяржавы» падпісалі ў 1999-ым.
У гэтым сэнсе такі пункт, калі яго ўнясуць у дактрыну, магчыма, і гучыць звонка, хлёстка, але па-сутнасці гэта не ёсць нейкія дадатковыя абавязацельствы Беларусі. Усе абавязацельствы ў гэтым кірунку дадзены ўжо даўно.
— Валер Сахашчык досыць скептычна адгукнуўся на навіну пра ваенную дактрыну. Маўляў, што можа азначаць гэты дакумент у краіне, дзе не дзейнічаюць законы? А таксама выказаўся наконт расійскай ядзернай зброі, якая магла трапіць у Беларусь і ў выглядзе муляжа. Ці падзяляеце вы гэты скепсіс?
— Што тычыцца таго, што гэтая дактрына не будзе працаваць, што яна недзеяздольная, з гэтым можна пагадзіцца толькі ў тым сэнсе, што гэта будзе залежаць ад палітычных рашэнняў. У нашых краях ніякія дактрыны не з’яўляюцца вырашальнымі.
І я яшчэ раз паўтаруся, што было б, калі б Расія інтэрпрэтавала баявыя дзеянні як напад на яе, а яна гэта гаварыла — «мы не начинаем войны, мы их заканчиваем», «на нас хотели напасть».
І Лукашэнка таксама паказваў, «адкуль рыхтаваўся напад», але наступны крок тады Мінск не стаў рабіць.
То-бок тады не было сказана, што я вам пакажу чатыры кірункі, адкуль на нас рыхтаваліся напады, Расія дала прэвентыўны адпор гэтаму гіпатэтычнаму «на нас пападу», і мы дружнымі калонамі ідзём на Кіеў.
Гэтага не было, і гэта было палітычным рашэннем. Бо пры жаданні можна было паказаць на мапе тыя чатыры накірункі і заявіць пра ўступленне ў вайну ў межах дамовы пра «Саюзную дзяржаву» ці АДКБ.
Але гэтага не было сказана, бо такім было палітычнае рашэнне. Можа, расійцам тады гэтага не хацелася. Але ізноў жа яны на гэтым не настойвалі, бо ў іх не было такой палітычнай патрэбы. Тут вызначае палітыка, а не паперкі, у якіх нешта прапісана.
Што тычыцца ядзернай зброі, то, магчыма, спадар Сахашчык тут больш ведае. Але былі звесткі амерыканскай выведкі. Украінская выведка казала пра тое, што ядзерная зброя дастаўлена ў Беларусь.
Маё меркаванне — нейкая колькасць зброі ўсё ж дастаўлена. І ў дадзеным выпадку я ўсё ж больш давяраю амерыканцам і ўкраінцам. Тое, што Лукашэнка гаворыць пра дастаўленую зброю, гэтаму веры менш. А вось людзям, якія не зацікаўлены ў дадзеным выпадку хлусіць, вера ў пэўным сэнсе ёсць.
Калі вярнуцца да дактрыны, то на днях міністр абароны Хрэнін заявіў, што ў ёй будзе прапісана пра ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі.
У адказ на гэта Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета ў міжнародных справах, заявіў, што ў дактрыне будзе запісана права Беларусі кантраляваць гэтую зброю. І што гэта стане парушэннем дамовы аб нераспаўсюджванні.
Са слоў Хрэніна гэта не вынікала, дакумент ніхто не бачыў. А ўсё той жа прадстаўнік Генштаба Буторын сказаў, што ў дактрыне будзе проста зафіксаваны факт таго, што ядзерная зброя размешчана на тэрыторыі Беларусі, і што яна з’яўляецца сродкам стрымлівання імавернага праціўніка.
А далей ён сказаў, што парадак яе ўжывання вызначаецца сакрэтнымі дакументамі, што гэта не справа дактрыны. На самай справе, гэта не зусім так.
Наколькі я ведаю, у адпаведных дакументах НАТА прынцып ужывання ядзернай зброі апісаны.
Акрамя таго, у адпаведных расійскіх дакументах таксама апісаны гэтыя прынцыпы. Так, у ваеннай дактрыне РФ, якую Пуцін зацвердзіў у 2020-ым, гаворыцца, што прымяненне ядзернай зброі вызначае прэзідэнт Расіі, гэта першае.
І па-другое, там вызначаны дзве опцыі, паводле якіх гэтая зброя можа быць ужыта. Першая опцыя — ядзерны напад на Расію ці яе саюзнікаў. Другая — няядзерны напад на Расію, які пагражае яе існаванню як дзяржавы.
Гэта не тэхналогія, гэта прынцып. А наколькі я разумею, у беларускай ваеннай дактрыне гэтага не будзе, мяркуючы па словах прадстаўніка Генштаба. І ў дадзеным выпадку няма розніцы, мае ён рацыю ці не.
Ён проста дае адказ, што ў дакуменце не будзе напісана пра кантроль над зброяй, а толькі канстатацыя факта яе наяўнасці ў Беларусі. Спрэчка паміж Лукашэнкам і калектыўнай Масквой пра тое, хто будзе або не будзе яе кантраляваць, працягнецца, а ў дактрыне нічога гэтага не будзе. А вы, шаноўныя палякі, немцы, амерыканцы, вырашайце, што тут будзе, а чаго не будзе, думайце.
Пасля заявы Кавалеўскага я адразу падумаў, што ў дактрыне нічога не будзе напісана. Беларускія ўлады дакладна не запішуць туды тое, што гаворыць Лукашэнка.
Бо гэта сапраўды будзе азначаць парушэнне дамовы аб нераспаўсюджванні. Гэта і выклік расійцам, што зброя не пад іх кантролем.
З іншага боку, напісаць так, як гавораць у Маскве, што гэта іх зброя, што толькі яны яе кантралююць на тэрыторыі Беларусі, для Лукашэнкі азначала б тое самае, што самому сабе па вуху даць. Гэта б абвяргала ўсе яго папярэднія заявы.
Таму абралі варыянт «маўчы — за разумнага сыдзеш». А мы напішам, што ядзерная зброя на нашай тэрыторыі ёсць і на гэтым кропку паставім. А ўсё астатняе ў асобных пратаколах ды інструкцыях, усё закрыта і сакрэтна. І гэта не ваша справа.
А Лукашэнка будзе працягваць казаць на розных форумах, што гэта наша зброя, бо яна на нашай зямлі стаіць. А рускія будуць казаць: «Ды не, што вы такое кажаце? Гэта расійская зброя».
Я ўпэўнены, што вось гэтая гульня ў «Да и Нет не говорить» будзе працягвацца далей.