«Калі беларускім генералам паказаць сцягі адначасова знутры і звонку, то генералы могуць і не вытрымаць»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра прымяненне ваеннай сілы шляхам дэманстрацыі сцягоў і пра тонкую і ранімую псіхіку беларускіх генералаў, якія пакрыўдзіліся, што іх не запрасілі на вучэнні NATO.
Ведаеш, беларускія генералы, яны як той вясковы здраднік з анекдота. Які выдаў партызана фашыстам, а калі партызан у яго плюнуў, здзівіўся: «Ты што, Філіп? Ты можа пакрыўдзіўся, ці што?».
Вось учора беларускія генералы ўчора пакрыўдзіліся на NATO за тое, што NATO не запрасіла іх на свае вучэнні. Не, ну на самай справе. Наогул не па-суседску. Ніякага ў людзей паняцця пра прыстойнасці. Ні паведамлення яны, разумееш, беларускім генералам не даслалі, ні запрашэння. Як так можна?
Вось такі адказ на ўсе міралюбныя ініцыятывы беларускіх генералаў. Беларускія генералы ж наколькі міралюбныя, што яны нават у сябе ў ваеннай дактрыне запісалі, што ворагаў у іх няма. А ёсць толькі асобныя краіны, на якія беларускія генералы хацелі б скінуць ядзерную бомбу.
Таму што злыя яны ўсе. А беларускія генералы — наадварот. Беларускія генералы добрыя. Таму беларускія генералы хоць заўтра гатовыя партнёрстваваць з NATO дзеля міру. Ці хоць бы перамір'я. Таму што знемагаюць ужо беларускія генералы адбіваць агрэсію NATO у сябе ў тэлевізары.
Вось ты, напэўна, думаеш, што «прымяненне ваеннай сілы» — гэта калі танкі страляюць і бомбы ляцяць? А дарма. Гэта ты так думаеш, таму што нічога не разумееш у сучасных стратэгіях і тактыках. А беларускі генштаб разумее.
Таму спецыяльна для цябе, і астатніх, якія не разумеюць, беларускі Генштаб у панядзелак патлумачыў, што «прымяненне ваеннай сілы — значна больш шырокае паняцце». Прымяненне ваеннай сілы — гэта яшчэ «вучэнні, манеўры, разведка і дэманстрацыя сцягоў». Вось як ты дэманстравала беларускім генералам у дваццатым годзе сцягі, так беларускія генералы дагэтуль не могуць акрыяць ад панесеных страт. Ім як сцяг пакажуць, так у іх адразу здараецца прымяненне ваеннай сілы.
Я праўда трошкі перажываю, што беларускія генералы будуць рабіць, калі хто-небудзь вырашыць прымяніць сілу ў больш класічным разуменні гэтага працэсу. Ну дык і беларускія генералы таксама перажываюць. Таму ў беларускіх генералаў на гэты выпадак цяпер ёсць ваенная дактрына, нацыянальная бяспека і загад аб ахове дзяржаўнай мяжы. На першы час, можа, і хопіць. Прынамсі супраць польскага наступальнага плота і вучэнняў NATO беларускія генералы павінны выстаяць. Ну, з дактрынай і нацыянальнай бяспекай — абавязкова выстаяць. Напэўна. Калі сцягоў ім лішні раз не паказваць.
Ну і ты цяпер ужо разумееш, чаму ў нас генералы такія нервовыя. Таму што ворагі амаль што ўсюды. На поўдні, на захадзе, на поўначы. Не кажучы ўжо пра ворагаў унутры. Якія стаіліся. І гэтыя ворагі, яны ж у любы момант могуць прымяніць супраць беларускіх генералаў ваенную сілу «шляхам дэманстрацыі сцягоў».
А ў беларускіх генералаў, між іншым, тонкая і ранімая псіхіка. А ў іх сцягі. А генералы трымаюцца з апошніх сіл. А ў іх сцягі. А ў генералаў пасля вайны ў тэлевізары заканчваюцца апошнія рэзервы. А ў іх сцягі. А ў генералаў нервовае знясіленне. А ў іх сцягі. І калі беларускім генералам паказаць сцягі адначасова знутры і звонку, то беларускія генералы могуць ужо і не вытрымаць.
Асабліва калі зноў прыляцяць сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.