«Беларускія ўлады заўсёды могуць растлумачыць, што хаўруснік не той, ці што напалі на яго не так»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» заклапочаны беларускай ваеннай дактрынай і разважае, што будзе лічыцца нападам на беларускую стабільнасць па-за межамі Беларусі. Асабліва ў той час, калі галоўны саюзнік заграз у вайне.
Беларускія ўлады вырашылі прыняць на сябе павышаныя абавязацельствы. Па новай беларускай ваеннай дактрыне, калі на тэрыторыю беларускага саюзніка нападзе вораг, то беларускія ўлады будуць лічыць гэта нападам на свой тэрыторыю. І цяпер зразумела, так, чаму беларускія генералы не пайшлі дапамагаць Арменіі. Проста ў беларускіх генералаў тады яшчэ дактрыны не было. А цяпер у беларускіх генералаў дактрына будзе. І атрымліваецца што? Атрымліваецца, калі на якога-небудзь саюзніка хто-небудзь раптам нападзе, то прыйдзецца дапамагаць?
І вось гэта мне, вядома, трошкі незразумела. Таму што ў свеце ж стабільнасці няма. А калі стабільнасці няма, то навошта прымаць на сябе такія абавязацельствы? Не. Зразумела, што беларускія ўлады заўсёды могуць растлумачыць, што хаўруснік не той. Ці што напалі на яго не так. Бязлітасна адказаць агрэсару ва ўсіх сваіх тэлевізарах. Адказаць агрэсару ў тэлевізарах беларускія генералы навучыліся як мала хто яшчэ.
Але ўсё роўна. Навошта ўскладняць сабе жыццё гэтай новай ваеннай дактрынай? Зразумела, што дактрыну заўтра яшчэ ніхто не прыме. Тут такая справа, што спяшацца не трэба. Але з іншага боку, стабільнасці паслязаўтра ніхто нікому не абяцаў. І ў саюзнікаў яшчэ будзе шанец пацярпець ад варожай агрэсіі. Прынамсі, у галоўнага саюзніка дык дакладна. І, што характэрна, не адзін раз.
Вось, скажам, учора ўкраінскія дроны пашкодзілі порт у Ленінградскай вобласці. Між іншым, прыстойна так пашкодзілі. І, у адпаведнасці з новай ваеннай дактрынай гэта была, як я сабе разумею, класічная атака на тэрыторыю беларускай улады. Тым больш, што парты ў Ленінградскай вобласці для беларускіх генералаў не чужыя. Таму што праз парты ў Ленінградскай вобласці ідзе 80 працэнтаў беларускага экспарту ў краіны далёкай дугі. І калі ў іншы раз дрон пашкодзіць тэрмінал, праз які возяць беларускі калій, то беларускаму экспарту мала не падасца.
Вось пакуль дактрыны няма, можна рабіць выгляд, што нічога такога і не здарылася. Можна нават не заўважыць гэты пашкоджаны порт у сябе ў тэлевізары. Таму што якія ў саюзніка могуць быць прэтэнзіі? Якія? Дактрыны ж у нашых беларускіх генералаў няма. А без дактрыны беларускія генералы нічым саюзніку дапамагчы не могуць.
Але што рабіць, калі порт пашкодзяць, калі дактрына ў беларускіх генералаў ужо будзе? Гэта значыць кожны раз, калі хаўрусніку прыляціць дронам, беларускія генералы будуць як той Чып і Дэйл спяшацца на дапамогу? Вось ведаючы беларускіх генералаў нешта я моцна ў гэтым сумняваюся.
Не, вядома, ніякая ваенная дактрына насамрэч нічога не зменіць. Як абаранялі беларускія генералы саюзніцкія тылы ў сябе ў тэлевізары без ваеннай дактрыны, так сапраўды таксама будуць абараняць гэтыя тылы і з дактрынай. Не адыходзячы ад тэлевізара.
Проста эканамічная стабільнасць зноў нестабільная. А грошай саюзнік больш не дае. Таму беларускія ўлады вырашылі, што трэба зрабіць саюзніку што-небудзь прыемнае. Паабяцаць саюзніку ваенную дактрыну, у абмен на бескарысную дапамогу для беларускай стабільнасці. А пакуль да дактрыны справа дойдзе, то, глядзіш, нічога выконваць ужо можа будзе і не трэба. Ці мала хто там па дарозе здохне. Можа ішак, а можа і падышах.
А можа будзе як з сокаламі, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.