«Інвестару з недружалюбнай краіны трэба кожны дзень казаць "дзякуй" за ўмовы, якія тут для яго стварылі»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае, якім чынам беларуская ўлада плануе прыцягнуць інвестараў. Сродкі прыцягнення інвестараў вельмі зразумелыя для «сведак стабільнасці». Але ці зразумеюць іх інвестары?
Сёй-той днямі тлумачыў свае правілы працы з замежнымі інвестарамі. І як я сабе разумею, у нас цяпер ад гэтых інвестараў будзе — заваліся. Як гуталіну. Праходу ад гэтых інвестараў не будзе. Літаральна вось пайшла ты раніцай у краму за малаком, а пад крамай ужо стаіць замежны інвестар. З недружалюбнай, што характэрна, краіны.
Ну а што ты думала? Які замежны інвестар, калі ён, вядома, у здаровым розуме, не захоча працаваць «не дзеля нажывы»? Ён жа літаральна ўсё жыццё пра гэта марыў.
Можа толькі дзеля гэтага і пайшоў у замежныя інвестары. Пражыць сваё інвестарскае жыццё так, каб усё, што ён зарабіў, засталося тут у краіне на карысць беларускай дзяржавы. А не трацілася на ўсякія, разумееш, глупствы. Каб кожнае, разумееш, імгненне гэты інвестар ведаў, што да яго могуць прыйсці спецыяльна навучаныя людзі і спытаць за сацыяльную адказнасць.
Зразумела ж, што дурняў няма. Інвестары ж не дурныя людзі, ты што. Яны ж усё выдатна разумеюць. Вядома, кожны разважны інвестар абавязкова захоча сабе такога шчаслівага жыцця. Вось літаральна адразу і прыедзе, разам з усімі сваімі грашыма. Толькі пераапранецца ва ўсё чыстае і адразу прыедзе.
Але лепш з гэтай справай, вядома, не цягнуць. Таму што сёй-той сказаў, а сведкі стабільнасці ўжо пастроіліся ў чаргу. Кожны ж хоча навучыць інвестара, як правільна любіць Радзіму. Булкі там рэзаць, прафсаюзныя ячэйкі ствараць. Пазбавіць ужо гэтага інвестара ад яго «перажыткаў мінулага», калі ён тут працаваў «дзеля сваіх прыбыткаў». Не дзеля прыбыткаў трэба працаваць, а дзеля дабра сведак стабільнасці. Таму што ў сведак стабільнасці ёсць яшчэ шмат нездаволеных асабістых патрэбаў.
Не кажучы ўжо пра красаўцаў. Красаўцы так бадзёра задавальняюць сваю сацыяльную справядлівасць, што ў іх хутка не застанецца ніякага беларускага бізнесу на свае асабістыя патрэбы. І трэба, вядома, думаць пра будучыню і завесці сабе новага бізнесу. І пажадана, каб з недружалюбных краін. Таму што з інвестарамі з недружалюбных краін можна задавальняць свае патрэбы і пачуццё сацыяльнай справядлівасці без лішніх юрыдычных фармальнасцей.
Ды можна наогул без фармальнасцей. Таму што інвестару з недружалюбнай краіны трэба шанаваць што ў яго ёсць, буржую недарэзанаму. І кожны дзень казаць «дзякуй» за ўмовы, якія тут для яго стварылі. Хто яму яшчэ створыць такія ўмовы, улічваючы яго недружалюбнае Паходжанне? Англасаксы, ці што? А тут жа ўсё ёсць. Толькі «прыходзь і працуй. Чаго вам яшчэ трэба?».
Беларускія ж улады гарантуюць замежнаму інвестару літаральна поўную абарону яго замежных інвестыцый. Нічога з яго замежнымі інвестыцыямі тут дрэннага не зробіцца. Дзеля Бога, беларускія ўлады ведаюць куды гэтыя вашы інвестыцыі трэба выдаткаваць. Толькі прыносьце. І абавязкова прынясуць. Як тут не прынесці, з такімі ж гарантыі.
І калі раптам, па нейкай дзіўнай і зусім невытлумачальнай для мяне прычыне пасля такіх гарантый у краіне не здарыцца рэзкі прыток замежных інвестыцый то.... Я нават не ведаю, што сказаць. Таму што гэта будзе зусім нічым невытлумачальны для мяне феномен. І хто ў гэтым будзе вінаваты, я сабе нават не ўяўляю.
Можа, дарэчы, і сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.