Пракляцце буржуінаў, або Бывай, цывілізаваны свет!

Аляксандр Класкоўскі на «Позірку» аналізуе інвестыцыйны клімат Беларусі і тое, як яму «спрыяе» «вялікі правадыр».

Такую будучыню прапануе нам дзяржава. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Такую будучыню прапануе нам дзяржава. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Інвестыцыйны клімат у Беларусі і так не ахці, чарговы ж каскад выказванняў Аляксандра Лукашэнкі відавочна яго не палепшыць. Тым, хто прыходзіць у краіну «дзеля нажывы за кошт нашага народа», кіраўнік паабяцаў «механізмы процідзеяння і настаўлення».

На нарадзе 18 студзеня Лукашэнка, у прыватнасці, паведаміў: «Урад прапануе праяўляць больш гнуткасці (не ведаю, колькі тут яшчэ можна нагінацца) у пытаннях продажу маёмасці замежнікамі з недружалюбных краін і прадугледзець выпадкі, калі такое магчыма». І тут жа сурова адрэзаў: «Немагчыма ніколі».

На злосць маме вушы адмарожу

Кіраўнік патлумачыў: «Зразумела, каб абараніць нашу эканоміку ад бязмежжа Захаду, ва ўмовах нарастаючага санкцыйнага ціску мы прынялі шэраг сістэмных дакументаў, і сёння ні адзін акцыянер або ўласнік, які мае грамадзянства недружалюбнай краіны, не мае права без спецыяльнага дазволу ўрада і ўнёску ў бюджэт распрадаваць маёмасць, агаляючы асноўныя фонды эканомікі».

Праўда, як потым высветлілася, па выніках абмеркавання Лукашэнка даручыў-такі распрацаваць вычарпальны пералік «выключэнняў з правілаў». Кіраўніка пераканалі, што з «бляхай» у дачыненні да інвестараў з «недружалюбных» краін перагнулі палку. У прыватнасці, тыя рамкі, у якія іх загналі, перашкаджаюць нармальна працаваць шэрагу арганізацый у банкаўскай, лізінгавай і будаўнічай сферах.

Напрыклад, замежныя забудоўшчыкі цяпер могуць прадаваць грамадзянам пабудаванае жыллё толькі разам з выплатай пошліны ў 25%. Але гэта абарочваецца падаражэннем квадратнага метра, то-бок дадатковыя выдаткі кладуцца на пакупнікоў. На беларусаў, пра дабро якіх так дбае правадыр, дзейнічаючы пры гэтым часцяком па прынцыпе «на злосць маме вушы адмарожу».

Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, гэтыя выпадкі прымуць да ўвагі, «але ў астатнім жорсткія абмежавальныя меры, накіраваныя на прадухіленне спроб вываду з краіны капіталу, працягнуць дзейнічаць». Лукашэнка вельмі занепакоены тым, што «грошы, заробленыя нашымі людзьмі, выводзяцца па-за межы Беларусі і там працуюць на розных нягоднікаў, якія ўводзяць супраць нас санкцыі». Ён падкрэсліў, што ў такіх выпадках «загараджальныя меры павінны ўключацца вокамгненна і без усялякага хістання».


Глядзіце таксама

Пры гэтым кіраўнік сарамліва замоўчвае, чаму замежныя бізнесы пасля 2020 года сталі выносіць ногі з краіны.

«І апоўначы вашы грошыкі закапайце ў зямлю там»

Наогул правадыр рэжыму ўскормлены на догмах марксізму-ленінізму. У яго ўяўленні бізнесмэн, капіталіст — гэта амаль сінонімы рабаўніка, крывапіўцы. Калісьці прагрымела яго выказванне пра прадпрымальнікаў як «вашывых блох». У лістападзе 2020 года ён заявіў, маючы на ўвазе масавыя пратэсты, што такім чынам у краіне «спрабавалі здзейсніць дробнабуржуазную рэвалюцыю».

Але марксізмам сыты не будзеш, так што з праклятымі буржуінамі даводзіцца мець справу. Больш за тое, на нарадзе 18 студзеня Лукашэнка запэўніваў, што ў Беларусі інвестарам прапануюцца адны з найлепшых умоў: прэферэнцыі, льготы, інфраструктура і, натуральна, кампетэнцыі. Аднак рэзюмэ прагучала даволі злавесна: «Прыходзь і працуй. Але не дзеля нажывы за кошт нашага народа. А калі хтосьці паспрабуе, ёсць механізмы процідзеяння і настаўлення».


Глядзіце таксама

Так, але любы бізнесмэн працуе дзеля прыбытку. Дзе крытэрый, калі тутэйшыя ўлады палічаць гэта нажывай і пачнуць «настаўляць»? Прасцей кажучы, у краіне, дзе «часам не да законаў», аніякіх выразных гарантый для бізнесу няма. Палаючыя класавай нянавісцю камісары з маўзерамі могуць заявіцца ў любы момант. І такое бывала ўжо не раз.

Вось і прыходзь пасля гэтага са сваімі грошыкамі на беларускае «поле цудаў».

Каму трэба дзякаваць за санкцыйны букет

Наогул сам гэты тэрмін — «недружалюбныя краіны», пераняты Мінскам у Масквы, — выглядае дзіка, а спісы такіх краін адлюстроўваюць канфрантацыю гэтых двух рэжымаў амаль з усім перадавым светам. Напрыклад, беларускія ўлады чохам уключылі ў такі пералік усе дзяржавы ЕС, туды ж трапілі і ЗША.

Беларускі кіраўнік дзівосна трактуе матывы санкцый: маўляў, «гэта традыцыйная і шматкроць адпрацаваная практыка ціску так званых сусветных лідараў на непажаданыя ім краіны. На жаль, гэта, калі можна так сказаць, модны эканамічны трэнд. Такім чынам і Штаты, і Еўрапейскі саюз даўно распраўляюцца з канкурэнтамі».

Логіку тут шукаць цяжка: дык гэта даўняя адпрацаваная практыка або навамодны подых? Ды і лічыць, што Беларусь — канкурэнт ЗША, вельмі саманадзейна.

І потым, як растлумачыць тое, што да 2020 года Мінск выдатна гандляваў з дзяржавамі ЕС, да ўзаемнага задавальнення гнаў туды нафтапрадукты, перавальваў калій праз літоўскую Клайпеду і г.д., а Штаты на пачатку 2020-га, калі Масква пакінула беларускія НПЗ без сыравіны ў адплату за адмову Лукашэнкі падпісаць дарожныя карты «паглыблення інтэграцыі», нават прапанавалі альтэрнатыўную нафту і паспелі адправіць некалькі танкераў. Атрымліваецца, тады яны былі цалкам дружалюбнымі.

І што, усё паляцела дагары нагамі праз тое, што Еўропа і Вашынгтон раптам захапіліся «модным эканамічным трэндам»? Шляя пад хвост трапіла?

Насамрэч санкцыі — зброя двухбаковавострая. Той жа порт Клайпеды, літоўская чыгунка страцілі немалыя грошы, калі Вільня вырашыла перакрыць беларускі калійны транзіт. Пацярпелі бізнесы і ў іншых заходніх краінах. Так што трэба было моцна дапячы праклятых буржуінаў, каб яны пайшлі на такія абмежавальныя меры.


Глядзіце таксама

І сапраўдныя прычыны выдатна вядомыя, як бы ні замыльваў іх правадыр рэжыму. Санкцыі ўведзеныя за рэпрэсіі супраць палітычных праціўнікаў, прымусовую пасадку еўрапейскага самалёта, стварэнне міграцыйнага крызісу, саўдзел у агрэсіі супраць Украіны.

Іншымі словамі, трэба «дзякаваць» за санкцыйны букет сваёй уласнай жорсткасці і несуцішнай празе ўлады, а таксама Крамлю з яго вайной.

«Паглыбленне інтэграцыі» яшчэ адгукнецца

Дарэчы, на нарадзе высветлілася, што на ніве саюзнай інтэграцыі таксама не ўсё бясхмарна. Так, у 2021-м Лукашэнка падпісаў 28 саюзных праграм — пераліцаваныя «дарожныя карты», ад якіх горда адмовіўся ў 2019-м. Але цёркі паміж хаўруснікамі не зніклі.

Адной з тэм нарады стала карэкціроўка мытнага заканадаўства. Паводле інфармацыі ўрада, змены патрэбныя, каб гарманізаваць заканадаўства Беларусі і Расіі. «Гэта значыць, у рамках выканання саюзнай праграмы. Але ў працэсе ўніфікацыі нельга ўшчамляць інтарэсы дзяржавы», — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён прыадкрыў таямніцу: аказваецца, маскоўскія таварышы прапаноўвалі «ледзь не стварыць адно міністэрства або мытны камітэт», але «мы катэгарычна ад гэтага адмовіліся».

Добра, цяпер адкруціліся, але дзе гарантыя, што заўтра Масква не возьме за жабры мацней? На фінішы мінулага года амбасадар Расіі ў Мінску Барыс Грызлоў заявіў, што «найбліжэйшым часам будзе зацверджаны новы інтэграцыйны пакет на 2024-2026 гады». Гэта азначае, што РФ прывяжа да сябе Беларусь яшчэ мацней.

Ужо сёння на Расію завязана не толькі асноўная частка беларускага экспарту, але і амаль уся яго лагістыка. А значыць, Мінску будзе ўсё цяжэй трапятацца, калі Крэмль стане дыктаваць больш жорсткія ўмовы «інтэграцыі», за якой стаіць намер ціха, без шуму і пылу здзейсніць фактычную анексію. Прытым што лімузін з дзяржаўным штандарам і іншыя дэкаратыўныя элементы суверэнітэту тутэйшаму кіраўніку могуць і пакінуць.

«Дасвідос» вылазіць бокам

Пераконваючы, што можна абысціся і без праклятых буржуінаў, Лукашэнка прывёў прыклад: «Як я казаў, дасвідос — мы разбярэмся самі. І, як паказвае той жа "Макдональдс", мы выдатна ў гэтым разабраліся: людзі з задавальненнем ходзяць туды». Хоць, маўляў, спачатку пасля сыходу амерыканцаў нейкія малаверы галасілі: «Мы не зможам... Булачку там напалову разрэзаць і ўпіхнуць туды каўбасу ці мяса не можам, бульба фры — і гэта мы не можам. Нічога не можам».

Пры гэтым Лукашэнка красамоўна праілюстраваў свой валюнтарысцкі стыль кіраўніцтва. Расказаў, што пытанне трансфармацыі былога «Макдональдса» (наколькі можна зразумець, прадпрыемства нацыяналізавалі) было даручана трымаць на кантролі прэс-сакратарцы Наталлі Эйсмант і першаму віцэ-прэм'еру Мікалаю Снапкову. Чаму? Так «проста пад руку папаліся».


Глядзіце таксама

Што ж, з праблемай разразання булачкі Эйсмант і Снапкоў, магчыма, справіліся. Але ці справяцца падначаленыя Лукашэнкі з праблемай атрымання самых перадавых тэхналогій, якая абвастраецца ва ўмовах, калі Расія і Беларусь кінулі пальчатку значнай частцы развітога свету? Так, нешта атрымліваюць ад кітайцаў, нешта — праз шэры імпарт. Але ў прынцыпе два аўтарытарныя рэжымы запраграмавалі свае краіны на адставанне, дэградацыю патэнцыялу — і эканамічнага, і чалавечага.

Узяць хаця б зыход з Беларусі значнай часткі IT-сектара. Цяпер гэтыя, як выказваецца Лукашэнка, «яйкагаловыя» папаўняюць падаткамі бюджэты Літвы, Польшчы і іншых «недружалюбных» дзяржаў. IT-сфера перастала быць драйверам эканамічнага росту Беларусі. Паводле даных devby.io, у студзені — лістападзе 2023 года ўклад ІТ і сувязі ў дынаміку ВУП аказаўся адмоўным — мінус 1%. Доля ІТ і сувязі ў ВУП за гэты перыяд склала толькі 4,4% (годам раней — 6,8%).

Так што «дасвідос» Лукашэнкі вылазіць краіне бокам.